Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ФСБ ухіляецца ад прамых адказаў на пытаньні аб пастаўках Беларусяй зброі ў Чачэнію 11:18, 30/01/2002
На прэсавай канферэнцыі па выніках сумеснага паседжаньня кіраўнікоў праваахоўчых органаў краін Садружнасьці, што адбылася ў Менску, старшыня Савету кіраўнікоў органаў бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў ухіліўся ад прамога адказу на пытаньне карэспандэнта БелаПАН аб тым, ці маюць праваахоўчыя органы краін СНД інфармацыю аб магчымых пастаўках Беларусяй зброі экстрэмісцкім групоўкам, якія дзейнічаюць у Чачэніі. Абвінавачваньні ў гэтым рэгулярна на працягу апошняга году зьяўляюцца ў замежнай прэсе.
Адна з апошніх публікацый такога роду была апублікаваная ў пачатку студзеня ў газэце “Вашынгтон пост”. У артыкуле пад назовам “Эўрапейскі арсэнал тэрарызму” згадваецца, што сярод атрымальнікаў беларускай зброі былі тэрарысты й радыкальныя арганізацыі на Блізкім Усходзе, Балканах і Сярэдняй Азіі. “Многія кантракты Лукашэнкі са зброяй маюць агульную схему, -- гаворыцца ў артыкуле. – Зброя, якая пасылаецца зь Беларусі, праходзіць краіну-атрымальніка і трапляе да ісламскай экстрэмісцкай групоўкі ці ў краіну, якая знаходзіцца пад эмбарга ААН на пастаўкі зброі, у той час як беларускія афіцыйныя асобы закрываюць вочы на такія аперацыі”.
“У рамках Савету кіраўнікоў органаў бясьпекі й спэцслужбаў мы пытаньне аб фінансаваньні міжнароднага тэрарызму, а менавіта такія дзеяньні адбываюцца ў Чачэнскай Рэспубліцы, разглядаем практычна на кожным паседжаньні, -- сказаў Мікалай Патрушаў.— І разглядаем варыянты, як адбываецца фінансаваньне і, у тым ліку, як трапляе туды ўзбраеньне. Канкрэтнай інфармацыі аб тым, што туды трапляла зброя, мы ня мелі, мы гэтыя пытаньні не разглядалі”.