Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
БГК заяўляе аб незаконнасьці судовага рашэньня адносна салігорскіх шахцёраў 11:10, 31/01/2002
Менскі абласны суд пад старшынствам Генадзя Комеля прызнаў незаконнай рэзалюцыю агульнагарадзкога мітынгу ад 11 студзеня ў Салігорску аб аб’яўленьні папераджальнай забастоўкі 1 лютага й рашэньне аб ейным правядзеньні ў ВА “Беларуськалій”. Суд палічыў за неабходнае неадкладнае выкананьне свайго рашэньня. Беларускі Гэльсынскі камітэт лічыць рашэньне суда незаконным. Як заяўляе БГК, рэзалюцыя мітынгу не зьяўляецца прававым актам і ня можа быць прадметам судовага разгляду.
У агульнагарадзкім мітынгу пратэсту прымалі ўдзел больш за 6 тысячаў чалавек, у тым ліку – сябры 14 прафсаюзных арганізацыяў і іншыя жыхары Салігорску, якія й прынялі рэзалюцыю аб правядзеньні забастоўкі ў выпадку адмовы Савету Міністраў адмяніць сваю Пастанову №1804 ад 14.12.2001 году. Удзел у мітынгу ня быў фіксаваным. Арганізатары мітынгу – 9 прафсаюзаў. Адказчыкамі суд прызнаў толькі прафсаюзную арганізацыю РУП “ВА “Беларуськалій”, які прадставіў кіраўніцтву прадпрыемства копію рэзалюцыі мітынгу й незалежны прафсаюз гарнякоў “Беларуськалія”.
Між тым, прафсаюзныя органы (сход ці канфэрэнцыя) не прымалі рашэньняў аб правядзеньні забастоўкі, якія цягнуць за сабой прававыя наступствы.
Беларускі Гэльсінскі Камітэт лічыць дзеяньні адміністрацыі РУП “ВА “Беларуськалій” накіраванымі на запалохваньне работнікаў прадпрыемства, а рашэньне суда – не прававым, а палітычным. Такія дзеяньні падкрэсьліваюць прызнаньне ўладаю сілы прафсаюзанага руху і ейны страх перад забастоўкамі.