Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Уціск на прафсаюзы набывае ўсё больш вытанчаныя формы 11:13, 31/01/2002, www.praca.by
На Віцебскім вытворчым аб’яднаньні “Віцязь” насьпявае канфлікт паміж прафсаюзнай арганізацыяй і адміністрацыяй прадпрыемства. Паводле словаў намесьніка старшыні прафкаму аб’яднаньня Тацяны Паграбешынай, “абвастрэньне традыцыйных спрэчак паміж прафсаюзам і адміністрацыяй заводу зьвязана з чарговым загадам кіраўніцтва прадпрыемства “Аб унясеньні дапаўненьняў у Правілы ўнутранага працоўнага распарадку”.
Адным з пунктаў дадзенага загаду прадугледжваецца забарона “на адцягненьне работнікаў у працоўны час ад іх непасрэднай працы, вызваленьне ад працы для выкананьня грамадзкіх забавязанасьцяў й правядзеньне мерапрыемстваў, не зьвязаных з вытворчай дзейнасьцю, калі гэта не прадугледжана заканадаўствам, калектыўнай дамовай і пагадненьнем”.
Паграбешная лічыць, што “ва ўмовах, калі праэкт новай калектыўнай дамовы толькі абмяркоўваецца, рэалізацыя гэтага загаду можа даць адміністрацыі магчымасьць забараніць правядзеньне паседжаньняў цэхкамаў, якія адбываюцца адзін раз на тыдзень гадзіну, пачынаючы з 9.15”. Яна адзначыла, што такія спробы ўжо ўчыняліся, але пакуль прафсаюзу “ўдалося адстаяць свае правы”. Паводле словаў Паграбешынай, “у сувязі з рашэньнем Савміну аб забароне безнаяўнага пералічэньня ўнёскаў у прафсаюзаў рэзка звузілася магчымасьць уплываць на сытуацыю”. Яна ўпэўненая, што ўціск з боку адміністрацыі “будзе ўзмацняцца”.