Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ёзас Ярмалавічус прагне ў Менск 11:21, 31/01/2002, «Народная воля»
Пасьля васьмігадовага заключэньня з Віленскай калёніі строгага рэжыму вызвалены Ёзас Ярмалавічус, які быў асуджаны “за спробу зьвяржэньня дзяржаўнага ладу”. Пасьля выхаду з турмы, Ярмалавічус заявіў журналістам, што ён мае намер пакінуць Вільню і адправіцца на сталае месца жыхарства ў Маскву ці Менск.
У Менску Ёзас Ярмалавічус быў не адзін раз. Апошні раз ён разам са сваім паплечнікам Мікаласам Бурокявічасам хаваўся тут ад літоўскага суда. Цікава, што лідэры Літоўскай кампартыі на плятформе КПСС хаваліся ні дзе-небудзь на ўскрайку беларускай сталіцы, падалей ад людзкіх вачэй, а насупраць будынка беларускага КДБ, у добра вядомым менчукам доме на куце праспэкту Скарыны й вул.Камсамольскай, дзе разьмешчаны вялікі гастраном, які па звычцы называюць “Пад гадзіньнікам”. Хаваліся ў кватэры, дзе, як кажуць старажылы, калісьці пражываў вядомы Цанава – кіраўнік беларускага НКУС у сталінскія часы й якая перайшла спадчынна праз некалькі рук да аднаго зь дзеячоў бліжэйшага кола Лукашэнкі.
Лідэраў Літоўскай кампартыі на плятформе КПСС літоўскі суд вышукваў па так званай “справе 13 студзеня”. 13 студзеня 1991 году ў Вільні адбыліся трагічныя падзеі, якія выклікалі гібель мясцовых патрыётаў. Тады пад ціскам лідэраў камуністаў-інтэрнацыяналістаў, як называлі сябе Бурокявічус і Ярмалавічус, ваенны камэндант Вільні, а зараз намесьнік міністра абароны беларус Уладзімер Усхопчык, вывеў на вуліцы літоўскай сталіцы танкі. Ваенная сіла прымянялася супраць літоўскага народу, які змагаўся за аднаўленьне незалежнай літоўскай дзяржавы. Веліч камуністычных ідэй для Бурокявічуса, Ярмалавічуса і астатніх зь імі было куды больш значнай за нацыянальныя інтарэсы. Свой сьветапогляд гэтыя “інтэрнацыяналісты” абаранялі з дапамогай зброі й пралівалі кроў літоўскіх патрыётаў. А калі патрыёты перамаглі, арганізатары прасавецкага путчу зьбеглі з роднай рэспублікі.
Літоўскія спэцслужбы здолелі дастаць камуністычных лідэраў у Беларусі. Іх таемна вывезьлі зь Менску ў Літву. Аднак іх яўныя і прыхаваныя беларускія паплечнікі ня здолелі дараваць гэтай “здрады” беларускаму кіраўніцтву тых часоў. Па гарачых сьлядох “звалілі” старшыню КДБ Эдуарда Шыркоўскага й міністра ўнутраных справаў Уладзімера Ягорава. Вельмі хутка дабраліся і да старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча. Чапляліся нібыта за славутую скрыню цьвікоў, а тым часам помсьцілі за камуністычных лідэраў.
А вось новыя беларускія ўлады паплечнікаў Бурокявічуса й Ярмалавічуса прыгрэлі. Аляксандар Лукашэнка выклаў некалькі дзясяткаў тысяч даляраў пад заклад за выхад зь віленскай турмы яшчэ аднаго “інтэрнацыяналіста” – прафэсара Івана Кучарова. Добра памятаю прэсавую канфэрэнцыю, на якой прафэсар рассыпаўся ва ўдзячнасьцях Аляксандру Лукашэнку. Да гэтага часу ніхто ня ведае, адкуль ўзяліся гэтыя грошы, ці вярнулі іх мінулым гаспадарам. Кучароў, які пасяліўся ў Менску, хутка памёр, а з пакойніка як спытаць?.. Ёсьць рэзон паставіць пытаньне: чаму такіх адыёзных асобаў, як той самы Ярмалавічус, як мух на слодыч, цягне ў Беларусь, у Менск? Тым больш што той самы Ярмалавічус пасьпеў аформіць не расейскае, а беларускае грамадзянства. Ці не таму, што Расея зараз іншая. А Беларусь як была пракамуністычнай, так і засталася...