Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Юры Бандажэўскі падрыхтаваў у турме дзьве навуковыя кнігі 11:11, 01/02/2002
Прафэсара-мэдыка Юры Бандажэўскага ў Менскай калёніі ўзмоцненага рэжыму 31 студзеня наведаў адвакат Сяргей Цурко. У інтэрвію БелаПАН адвакат паведаміў, што за час заключэньня Юры Бадажэўскі падрыхтаваў дзьве навуковыя кнігі, якія павінны хутка выйсьці за мяжой. Паводле словаў Цурко, прафэсар мае магчымасьць працаваць у бібліятэцы, карыстацца навуковай пэрыёдыкай. У калёнію прафэсару штотыдзень прыходзяць “сотні лістоў” з-за мяжы – ад палітыкаў, навукоўцаў, простых грамадзян. “Ён адчувае падтрымку розных міжнародных арганізацыяў і структур, але не беларускіх”, - адзначыў адвакат.
Цурко азнаёміў Бандажэўскага з адказам Вярхоўнага суда, які пакінуў прыгавор у сіле. Раней Аляксандар Лукашэнка таксама адмовіў прафесару ў памілаваньні. Аднак вучоны й адвакат рыхтуюць скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суда, якую разьлічваюць падаць у лютым. “Бандажэўскі асаблівых ілюзіяў наконт адмены прыгавору ня мае, але спадзяецца. У ягонай сытуацыі складана жыць без надзеі”, -- сказаў адвакат.
Юры Бандажэўскі быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі за атрыманьне хабару. Сваёй віны вучоны не прызнаў і патлумачыў пакараньне помстаю ўладаў за ягоныя дасьледаваньні аб уплыве наступстваў Чарнобыльскай катастрофы на жыхароў раёнаў, якія былі падвергнутыя радыёактыўнаму забруджваньню.