Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Самы гучны арышт студзеня – заключэньне пад варту дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава. Аб наяўнасьці доказаў віны ў парушэньні закону зараз ужо былым кіраўніком МТЗ адназначна заяўляюць і Рэспубліканская пракуратура, і Камітэт дзяржкантролю. Ці азначае гэта тое, што сьледзтва мае ўсе падставы казаць аб датычнасьці Лявонава да ажыцьцяўленьня фінансава-гаспадарчых зьдзелак, якія нанесьлі прадпрыемству ўрон на $4 млн. (Менавіта такая сума, як сьцьвярджае глава КДК Анатоль Тозік, у “справе Лявонава” праходзіць чырвоным радком)? “БГ” сталі вядомыя вынікі праверкі КДК зьнешнегандлёвых кантрактаў МТЗ. Пікантнасьць гэтых сьведчаньняў у тым, што згодна акту праверкі, які нібыта паслужыў падставаю для затрыманьня падазраванага, лёс Лявонава – адміністратыўная адказнасьць.
Супрацоўнікамі ўпраўленьня па Берасьцейскай вобласьці Камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю й карупцыяй МУС затрыманы дырэктар ААТ "Баранавіцкі малочны камбінат" Трафім Гурыновіч, які абвінавачваецца ў атрыманьні хабару ў суме 1,5 тыс. даляраў ЗША. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, Гурыновіч узяў грошы ад прыватнага прадпрымальніка, які, такім чынам, выйграў конкурс на пастаўку абсталяваньня для фірмовай крамы гэтага акцыянэрнага таварыства. Гурыновіч быў затрыманы ў службовым кабінеце ў момант перадачы яму грошай прадпрымальнікам. Узбуджана крымінальная справа па артыкуле 430, частцы 2 Крымінальнага кодэксу, якая прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам ад 5 да 10 гадоў.
ААТ “Менскі маргарынавы завод” на мяжы банкруцтва. Сход акцыянэраў, на якім плянавалася абмеркаваць несуцяшальныя вынікі фінансава-эканамічнай дзейнасьці аднаго з буйнейшых харчовых прадпрыемстваў краіны, на мінулым тыдні не адбыўся. Магчыма, спроба правесьці яго ўдасца 7 лютага. Праўда, да гэтага часу сход можа мець ужо скандальны характар з-за цікаўнасьці, якую праваахоўчыя органы выказваюць да былога кіраўніка ММЗ Міхаіла Тарана й кіраўніка канцэрну “Белдзяржхарчпраму” Івана Шаколы.
"Высокія чыноўнікі ўзялі курс на задушэньне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, не задумваючыся над тым, як выглядае наша краіна ў вачох усіх інтэлектуалаў сьвету". Такая заява зроблена ў лісьце, які накіравалі прэм`ер-міністру Генадзю Навіцкаму й віцэ-прэм`еру Ўладзімеру Дражыну вядомыя беларускія літаратары Янка Брыль, Святлана Алексіевіч, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі і Ўладзімер Арлоў.
У 2001 годзе колькасьць беспрацоўных у Беларусі павялічылася на 7,4 адсоткі і склала 102,9 тыс. Паводле зьвестак Міністэрства статыстыкі і аналізу, найбольшы прырост колькасьці беспрацоўных адбыўся ў Берасьцейскай і Віцебскай абласьцях (на 16,8 адсоткаў), найменшы - у Менскай (на 1,8). У Менску колькасьць беспрацоўных зьменшылася на 2,3 адсоткі.
У студзені 2002 года працягваўся рост тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва. На 4,7 адсоткі павялічылася квартплата (тэхабслугоўваньне) і плата за карыстаньне ліфтам, на столькі сама падаражэла гарачая вада, ацяпленьне, халодная вода й каналізацыя, вываз і абясшкоджваньне адходаў. Тарыф на газ не зьмяніўся, плата за карыстаньне радыёкропкай павялічылася на 10,3 адсоткі.
У Беларусі адбылося другое за апошнія тры тыдні павышэньне коштаў на белую гарэлку. Кошт гэтага алкагольнага напою ўзрос на 2,5 адсоткі. Зараз, напрыклад, у рознічным продажы паўлітровая "вінтавая" бутэлька гарэлкі "Крышталь-100" каштуе 2.153 рублі (раней - 2.102), "Белая Русь", "Крышталь-люкс" - 2.223 (2.171), "Белая Русь-люкс", "Крышталь-люкс новы" - 2.303 (2.249). Папярэдняе павышэньне коштаў на гарэлку адбылося 12 студзеня (таксама на 2,5 адсоткі).
На мінулым тыдні 9 вагонаў зь вінаматэрыяламі для Менскага заводу ігрыстых вінаў, што прыбылі з Малдовы, так і засталіся неразгружанымі. Лябараторыя заводу адмовілася прыняць вінаматэрыял, паколькі палічыла ягоную якасьць незадавальняючай. Зь вінаматэрыялу па кошту $0,42 за літар, якога дасягнула кіраўніцтва канцэрну “Белдзяржхарчпрам” і Менскага заводу ігрыстых вінаў на тэндэры, што меў месца ў канцы году, немагчыма зрабіць сапраўднае віно.
Завяршылася падача дакумэнтаў на ўдзел у тэндэры па пастаўцы ў Беларусь абсталяваньня для другога аператара сувязі GSM. Тэндэр аб’яўлены ствараемым сумесным беларуска-расейскім прадпрыемствам “Мабільныя ТэлеСыстэмы”. Папярэдні адбор ягоных удзельнікаў адбыўся 4 лютага ў рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве “Міжгародняя сувязь”. Сярод прэтэндэнтаў выйграць конкурс аказаліся 6 замежных кампаніяў. Гэта “Матарола”, “Хуавэй”, “ZTE”, “Сімэнс”, “Эрыксан радыёсыстэмс” і “Алькатэль”.
На адводным участку магістральнага газапроваду Таржок – Менск — Івацэвічы РУП “Белтрансгаз” у раёне вёскі Камень Лепельскага раёну сёньня каля 5:00 адбыўся прарыў. Пра гэта карэспандэнту ІА “Росбалт” паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь. Паводле інфармацыі міністэрства, у выніку прарыву адбылося ўзгараньне й факельнае гарэньне прыроднага газу.
У сувязі з візытам у Беларусь дэлегацыі адмысловай працоўнай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі з просьбай наладзіць сустрэчу з кіраўніком дэлегацыі сп. Утай Цапф. Прадстаўнікі руху мелі намер распавесьці пра рэпрэсіі адносна актывістаў ЗУБРа й беларускай моладзі ў агуле. Праваабарончая служба ЗУБРа зафіксавала больш за шэсьцьсот выпадкаў рэпрэсіяў адносна актывістаў руху. За 2001 год актывісты ЗУБРа падвяргаліся арыштам, штрафам, зьбіцьцю, выключэньням з унівэрсытэтаў, звальненьням з месца працы, вярбоўцы з боку КДБ.
Зінаіда Ганчар, жонка беларускага апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара, які бясьледна зьнік больш за два гады таму, накіравала адкрыты ліст да старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы. У лісьце нагадваецца, што Віктар Ганчар зьнік у Менску 16 верасьня 1999 году. “Вам ня трэба распавядаць аб тым, якую ролю ён адыгрываў у беларускай палітыцы, і чаму Аляксандар Лукашэнка палічыў Віктара самым небясьпечным свамі палітычным праціўнікам”, -- гаворыцца ў лісьце, тэкст якога цалкам чытайце на нашым сайце.
Як паведаміў БелаПАН прэзыдэнт Беларускага зьвязу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа, у некаторыя дзяржаўныя навуковыя ўстановы з Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі трапіў ліст, у якім стаіць задача “тэрмінова прыступіць да распрацоўкі сыстэмы ліцэнзаваньня ўсялякага роду дасьледаваньня грамадзтва, сацыяльных дасьледаваньняў”. Ліст, паводле ягоных словаў, быў адпраўлены 18 студзеня, аднак пра гэты факт і пра сутнасьць пасланьня стала вядома толькі зараз. Паводле інфармацыі Патупы, ужо створаная адмысловая камісія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу дзяржаўных установаў, у прыватнасьці, Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў, і грамадзкіх арганізацыяў.
У Салігорску на буйных дзяржаўных прадпрыемствах “Унівэрсал”, “Купалінка”, “Калінка”, у будаўнічых арганізацыях, мэдычных установах і ўстановах адукацыі 1 лютага з 12.00 да 12.05 адбылася папераджальная забастоўка супраць парушэньняў уладамі прафсаюзных правоў. Гарнякі вытворчага аб’яднаньня “Белауськалій” у забастоўцы ўдзелу не прымалі.
Аляксандар Лукашэнка падтрымлівае новы парадак выплаты членскіх прафсаюзных унёскаў, зацьверджаных пастановаю Савету Міністраў ад 14 сьнежня 2001 году № 1804. Пра гэта ён заявіў 1 лютага падчас зацьвярджэньня кіраўнікоў мясцовай “вертыкалі”. Пастанова адмяніла безнаяўны парадак пералічэньня ўнёскаў на рахункі прафсаюзных арганізацыяў і ўвяла сыстэму іхнай выплаты непасрэдна работнікам.
Кіраўніку маладзечанскай арганізацыі БНФ Алесю Капуцкаму пры дапамозе Камітэту па правох чалавека ААН удалося вярнуць штраф, выплачаны ім у выніку незаконнай пастановы суда.
Першы ў Беларусі паказ новага дакумэнтальна-публіцыстычнага фільму вядомага кінарэжысэра Юры Хашчавацкага “Богі серпу й молату” адбыўся 31 студзеня ў залі Беларускага саюзу кінаматаграфістаў. Гэты фільм быў паказаны ў многіх краінах сьвету, атрымаў прызнаньне спэцыялістаў на Міжнароднай канфэрэнцыі дакумэнтальнага кіно INPUT і адзначаны прызом Бэрлінскага кінафестывалю. Высокую ацэнку даў стужцы пісьменьнік Васіль Быкаў і іншыя вядомыя дзеячы нацыянальнай культуры.
Урад Беларусі займаецца падрыхтоўкай пакету дакумантаў па правядзеньні акцыянаваньня прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу краіны. Гэта будуць буйнейшыя заводы галіны – Наваполацкія вытворчыя аб’яднаньні “Нафтан” і “Палімір”, Гарадзенскі “Азот”, Магілёўскае й Сьветлагорскае “Хімвалакно”. Пра гэта паведаміў на сустрэчы з журналістамі 1 лютага ў Нацыянальным прэсавым цэнтры віцэ-прэм’ер Сяргей Сідорскі.
Колькасьць антыдэмпінгавых санкцыяў, што прымяняюцца да беларускай экспартнай прадукцыі, значна павялічылася. Аб гэтым паведаміў “Интерфаксу” начальнік аддзелу антыдэмпінгавых расьследаваньняў Міністэрства замежных справаў Беларусі Раман Собалеў, калі характарызаваў зьнешнегандлёвыя зносіны рэспублікі летась. “Урон валютнай выручкі ў выніку прымяненьня абмежаваньняў вымяраецца дзесяткамі мільёнаў даляраў”, -- канстатаваў спэцыяліст.
Перамовы з прадстаўнікамі кіраўніцтва кампаніі “Сибал” адносна інвэстыцыяў у Менскі аўтамабільны завод пройдуць у лютым 2002 году. Пра гэта заявіў “Интерфаксу” віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Сідорскі. “На дадзены час мы падалі кіраўніцтву кампаніі свае прапановы й чакаем адказу”, - адзначыў віцэ-прэм’ер. “Пры гэтым нас па-ранейшаму цікавіць супрацоўніцтва з расейскімі машынабудаўнічымі прадпрыемствамі: набыцьцё яраслаўскіх рухавікоў і прысутнасьць на расейскім рынку”, -- патлумачыў ён.
Першы расейска-беларускі холдынг па вытворчасьці тэлевізараў плянуецца стварыць у рамках праграмы “Саюзны тэлевізар”. Як паведаміў РІА “Новости” генэральны дырэктар федэральнага ўнітарнага прадпрыемства “Квант” Генадзь Капралаў, прапанова аб стварэньні магутнага холдынгу па вытворчасьці тэлевізараў будзе абмяркоўвацца падчас візыту ў Вялікі Ноўгарад генэральнага дырэктара расейскага агенцтва сыстэмаў кіраваньня Ўладзімера Сіманава, які чакаецца 5 лютага.