Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Гомельскі хімічны завод прастойвае чацьвёрты месяц 11:03, 05/02/2002, www.praca.by
Спад плацежаздольнага попыту сельскагаспадарчых спажыўцоў рэспублікі, пычынаючы з ІV кварталю мінулага году, прывёў да рэзкага зьніжэньня выпуску й пастаўкі на ўнутраны рынак фосфарных угнаеньняў, а затым і да спыненьня вытворчасьці дадзеных угнаеньняў. З-за незапатрабаванасьці на ўнутраным рынку Беларусі фосфарных угнаеньняў, завод ня здолеў забясьпечыць своечасовыя разьлікі за асноўную сыравіну (апаціт), што завозіцца па імпарту з Расеі, што прывяло да зрыву ягоных рытмічных паставак. Паводле дадзеных расейскага ААТ “Апатит”, пазыка Гомельскага хімзаводу за адгружаную яму сыравіну складае больш за $2,7 млн. У той самы час запазычанасьць спажыўцоў за адгружаныя фосфарныя ўгнаеньні па стану на 25 студзеня склала каля 1 млрд. рублёў.
На заводзе мяркуюць, што калі б сельскагаспадарчыя арганізацыі рэспублікі рытмічна напрацягу году закупалі ў іх угнаеньні, прадпрыемства не прастойвала б і амаль цалкам забясьпечыла б калгасы й саўгасы фосфарнымі ўгнаеньнямі да вясновага пасеву.
Кіраўніцтва Гомельскага хімзаводу зьдзівіла нядаўна прынятае рашэньне ўраду завезьці з-за межаў рэспублікі ў 2002 годзе фосфарных угнаеньняў у аб’ёме 115 тысячаў тонаў на суму 46 млн. даляраў. “ І гэта тады, калі хімзавод увесь год неаднаразова зьвяртаўся ў канцэрн “Белнафтахім”, Мінсельгасхарч, да ўрада з просьбай закупаць у нас фосфарныя ўгнаеньні”,-- зьдзіўляюцца ў адміністрацыі прадпрыемства.
Па разьліках спэцыялістаў, завод у стане вырабляць за год 154 тысячы тонаў фосфарных угнаеньняў і фактычна задаволіць патрэбы сельскай гаспадаркі. “Аднак, штосьці няправільнае робіцца ў нашай дзяржаве. Чыноўнікі чамусьці мяркуюць, што прасьцей закупіць фосфар за мяжой, чым наладзіць ягоную вытворчасьць у сябе, - адзначаюць на заводзе. – Такое стаўленьне дэмаралізуе калектыў. Мы ня можам плаціць дзяржаве падаткі, утрымліваць сацыяльную сфэру, своечасова выплочваць працоўным заробак”.