|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Блёк “За Юшчанку”, КПУ і кааліцыя “Супраць усіх” 11:10, 06/02/2002, “Наша ніва” “НН”: Якія палітычныя сілы маюць шанцы на перамогу на выбарах, а якія выконваюць ролі статыстаў? Мікола Рабчук: Рэальныя сілы толькі дзьве. Першая — неаднародная партыя улады. Асноўная сіла там — гэта блёк “За адзіную Ўкраіну”, які падтрымлівае большасьць чыноўнікаў. Аднак ёсьць і іншыя цікавыя іпастасі, напрыклад, партыя “зялёных”, якая насамрэч не зьяўляецца “зялёнай”, ці так званая Сацыял-дэмакратычная партыі Ўкраіны (аб’яднаная), якая насамрэч не зьяўляецца дэмакратычнай. Дужа пасьпяховы прапагандысцкі праект апошніх месяцаў — партыя “Жанчыны за будучыню”. Яна вельмі добра раскручаная і, відавочна, пераадолее 4%-ы бар’ер, можа нават возьме больш галасоў. Партыю гэтую таксама называюць “Жанчыны за будучыню дзяцей прэзыдэнта і ягоных унукаў”, бо ў ёй бярэ ўдзел жонка прэзыдэнта. Другая сіла, таксама неаднародная, — гэта апазыцыя, перадусім у выглядзе блёку “Наша Ўкраіна” Юшчанкі. Ёсьць таксама радыкальная апазыцыя — блёк Юліі Цімашэнка “Бацькаўшчына” і Сацыялістычная партыя Мароза, і ёсьць “кішэнная апазыцыя” — камуністы, якімі пужаюць нашых нацыял-дэмакратаў. “НН”: Якія палітычныя пазыцыі займае партыя ўлады? М.Р.: Паколькі яна вельмі неаднародная, яе пазыцыі вельмі размытыя. Яна зьяўляецца самым выразным выяўленьнем агульнай украінскай амбівалентнасьці. Гэтая партыя дэкляруе нібыта сваю адданасьць эўрапейскаму выбару, але адначасова надае асаблівую ўвагу стасункам з Расеяй. Яна дэкляруе сваю прыхільнасьць да ўкраінскае дзяржаўнае мовы, але адначасова патрабуе не прыціскаць іншых моваў, маючы на ўвазе расейскую. Яна нібыта гаворыць слушныя словы, але іх можна трактаваць па-рознаму і гэта па-рознаму артыкулюецца ў розных рэгіёнах, у залежнасьці ад каньюнктуры. І так ва ўсіх іншых пытаньнях. Яны нібыта за прыватную ўласнасьць, але зь некаторымі заўвагамі. Вельмі аморфная і, я сказаў бы, хітрая пазыцыя. І жук і жаба “НН”: Каго ж у такой сытуацыі падтрымлівае нацыянальная інтэлігенцыя? М.Р.: Асноўная маса падтрымлівае блёк “Наша Ўкраіна” Віктара Юшчанкі — ён вельмі ўсім сымпатычны і папулярны ва ўсім народзе. Хоць яго інтэнсіўна зьнішчаюць палітычныя апанэнты з партыі Медведчука — СДПУ(а) — яны кантралююць ТБ, мучаюць Юшчанку, як толькі могуць. Хоць гэта не асноўная партыя ўлады — яна нібыта пры ўладзе, але яна ня той клан, які дамінуе, — такі трошкі апальны клан. Гэта ўжо асабістая барацьба: Медвядчук бачыць у Юшчанку канкурэнта на прэзыдэнцкіх выбарах 2004 г., да якіх яны ўжо рыхтуюцца, і магчыма, што зараз ідзе барацьба ня столькі за парлямэнт, колькі за будучыя прэзыдэнцкія выбары. Вялікая частка ўкраінскае інтэлігенцыі будзе падтрымліваць Юлію Цімашэнка. Яна — яскравы нацыянальны алігарх у апазыцыі да прэзыдэнцкай улады. Кола ейных прыхільнікаў большае за кошт нездаволеных празьмернай кампраміснасьцю Юшчанкі, вакол якога сабраліся занадта сумнеўныя саюзьнікі, сапраўды і жук і жаба. Туды Кучма напхаў столькі сваіх людзей, што гэта ўжо не зусім апазыцыйны блёк. “НН”: Якія праблемы стаяць перад Юшчанкавым блёкам? М.Р.: Ён мае шэраг праблемаў. Першая — адсутнасьць уласных магутных СМІ. У яго ёсьць пэўныя рэгіянальныя мас-мэдыі, але няма агульнанацыянальных. Другой слабасьцю ягонага блёку зьяўляецца ўнутраная аморфнасьць. Юшчанка хацеў туды набраць як мага больш розных людзей, як мага больш разнастайных сілаў, каб ахапіць усю Ўкраіну, каб гэта ня быў толькі заходнеўкраінскі праект. І набраў шмат сумнеўных хаўрусьнікаў. Ён можа не заваяваць Усходняй Украіны і страціць Заходнюю. Яны пройдуць у парлямэнт (маюць вельмі высокі рэйтынг), сфармуюць самую вялікую фракцыю, але не здабудуць і паловы галасоў выбаршчыкаў, на якія спадзяваліся. Вельмі аморфныя там сілы сабраліся, і цяжка ім знайсьці нейкі кансэнсус. Блёк “За Юшчанку” бязь Юшчанкі “НН”: Як адбываецца перадвыбарная кампанія на рэгіянальным узроўні? М.Р.: Мясцовыя кіраўнікі — вельмі хітрыя, яны звычайна ніколі не кладуць усе яйкі ў адзін кошык. Фармальна большасьць зь іх падтрымліваюць партыю ўлады, г.зн. “За адзіную Ўкраіну”. Іх проста ў дырэктыўным парадку абавязалі гэта рабіць. Але яны “ставяць сьвечку і Богу, і чорту” — трошкі так фліртуюць зь іншымі палітычнымі сіламі. Страхуюцца на ўсякі выпадак і бізнэсоўцы — афіцыйна-неафіцыйна падтрымліваюць усіх, нават часамі камуністаў. Мала што здарыцца, лепш мець сяброў і ў тым асяродку. Мас-мэдыі амаль цалкам пад кантролем мясцовай улады, але і яны дапускаюць пэўныя паслабленьні для апазыцыі. Так што я не магу казаць, што ўлада ўсё татальна кантралюе. “НН”: Якая зараз сытуацыя ў некалі адзіным Народным руху Ўкраіны? Ці аб’яднаюцца тыя групоўкі, на якія ён раскалоўся? М.Р.: Яны ўжо аб’ядналіся ў “Нашай Украіне”. Фармальна яны ня могуць гэтага зараз зрабіць, бо, згодна з законам, гэта будзе ўжо іншая партыя, якая ня будзе мець права браць удзел у выбарах. Але яны дэкляруюць жаданьне зрабіць гэта пасьля выбараў. Пад эгідай Юшчанкі можа адбыцца аб’яднаньне нацыянал-дэмакратычных сілаў. Хоць Юшчанка як кандыдат на будучых прэзыдэнцкіх выбарах ня надта хоча атаясамліваць сябе выключна з нацыянал-дэмакратамі. Таму ён намагаецца гэты блёк пашырыць — магчыма, з гэтым зьвязаная ягоная непераборлівасьць у фармаваньні кааліцыі. Зь іншага боку, мы назіраем вельмі небясьпечныя гульні з боку партыі ўлады, перш за ўсё Адміністрацыі прэзыдэнта, накіраваныя на разьяднаньне існых партыяў і блёкаў. У процівагу тым дзьвюм фракцыям Руху, якія ўвайшлі ў Юшчанкаву “Нашу Ўкраіну”, створаная трэцяя невялічкая група раскольнікаў, якіх яўна падтрымліваюць ва ўладных колах. Яны вельмі добра фінансуюцца — гэта я ведаю ад людзей зь іх асяродзьдзя, — яны вельмі добра аплачваюцца. Гэтыя людзі стварылі свой блёк, які так і называецца — “Народны рух Украіны”. Шмат каго гэта можа зьбіць з панталыку. Пры дапамозе прэзыдэнцкай Адміністрацыі быў створаны і блёк “За Юшчанку”. Гэта вельмі цынічная маніпуляцыя. Разумееце, да чаго яны дайшлі, наколькі груба гэта робіцца! Юшчанка іх на гэта не ўпаўнаважваў, але яны і так зарэгістравалі свой блёк. Судзіцца зь імі немагчыма, таму што Юшчанкаў ва Ўкраіне шмат і невядома, за якога яны Юшчанку. Гэтыя групы ня пройдуць у парлямэнт, але яны адцягнуць 1—2% галасоў ад таго ж Юшчанкі. Вось у чым уся праблема. Створаны блёк “Супраць усіх”. Яго заснавальнікі палічылі, што вельмі шмат людзей галасуе супраць усіх, і вырашылі выкарыстаць гэта на сваю карысьць: “Калі вы супраць усіх, галасуйце за нас, бо мы якраз супраць усіх”. Гэтыя падробкі вельмі добра характарызуюць рэжым, які ўсе тыя кааліцыі прадукуе. Няма сумневаў, што за ўсім стаіць у першую чаргу ўлада. З другога боку, гэта дэманструе недасьведчанасьць грамадзтва, якім можна гэтак проста маніпуляваць і ў якім можна атрымліваць палітычныя дывідэнды з такіх вось бессаромных маніпуляцыяў. Дадам, што ў мажарытарных акругах выстаўляюць людзей з тымі самымі прозьвішчамі, так званых цёзак. Нават на чале партыяў ставяць такіх самых людзей. Напрыклад, улада стварыла такую маленькую партыю пад назвай Камуністычная партыя (аб’яднаная), на чале якой стаіць “таксама” Сіманенка. І асноўную Кампартыю ўзначальвае Сіманенка, і “альтэрнатыўную”. Беларусяй толькі пужаюць “НН”: Ці моцны ўплыў Расеі на ўкраінскія выбары? М.Р.: Ён заўжды існаваў і доўга яшчэ будзе існаваць. Расея ўплывае на нас праз свае мас-мэдыі. У вялікіх гарадах кабэльнае ТБ рэтрансьлюе расейскія каналы, якія вядуць расейскую прапаганду. Існуюць украінскія вэрсіі маскоўскіх газэт Известия в Украине, Комсомольская правда в Украине, Аргументы и факты в Украине і г.д. Фармальна яны зарэгістраваныя ва Ўкраіне, але на 60—90% складаюцца з расейскіх матэрыялаў і зноў-такі вядуць адпаведную прапаганду. Ну і акрамя таго працуюць расейскія паліттэхнолягі — гэта зноў жа агульнавядома. Іншая справа, што на гэтых выбарах, у параўнаньні з папярэднімі, слабее расейскі фактар, бо практычна ніводная партыя цяпер не агітуе за “ўзьяднаньне”, за аднаўленьне Савецкага Саюзу ці нават за абвяшчэньне расейскай мовы другой дзяржаўнай. Нават камуністы гавораць толькі пра “збліжэньне”, “інтэграцыю”. Адбываецца адыход, зьмена палітычных інтарэсаў і арыентацыяў — г.зн. розныя палітычныя сілы вымушаныя лічыцца з рэчаіснасьцю, а рэчаіснасьць такая, што насельніцтва Ўкраіны ўсё больш усьведамляе сябе насельніцтвам самастойнай Украіны і ёсьць розныя прыкметы таго, што нацыянальная ідэнтычнасьць умацоўваецца. “НН”: Ці прысутнічае Беларусь у перадвыбарнай рыторыцы? М.Р.: Паколькі Лукашэнка выклікае ў нас мала сымпатыі, Беларусь фігуруе ў нас хутчэй як адмоўны прыклад. Маўляў, глядзіце, што з намі можа быць, калі мы будзем задужа арыентавацца на Маскву, душыць украінскую мову і г.д.. Адзіная партыя, якая прыводзіць Беларусь у якасьці станоўчага прыкладу, — гэта партыя Натальлі Вітрэнка, экстрэмісцкая левая, нават лявацкая партыя, якая некалі адкалолася ад сацыялістаў. Вітрэнка мае рэпутацыю “ўкраінскага Жырыноўскага”. Гэта адзіная група, якая кажа, што вось нам трэба браць прыклад зь Беларусі, як там усё добра. “НН”: Якая, на вашу думку, будзе палітычная раскладка пасьля выбараў? М.Р.: Відавочна, паменшае камуністычная фракцыя. Гэта наступства таго скандалу, калі яны яўна выдалі свае супрацоўніцтва з рэжымам, фактычна сабатуючы ўсе спробы апазыцыі націснуць на Кучму. Тады іх калябарацыянісцкая сутнасьць высьветлілася, і гэта адштурхоўвае ад іх многіх ідэйных левых. І, апроч таго, у іх зьмяншаецца электарат: старыя людзі паміраюць. Усе апытаньні паказваюць, што цяпер у іх значна ніжэйшы рэйтынг: некалі быў 30%, цяпер якіх небудзь 17%. Наконт асноўных сілаў. Мы атрымаем вялікую фракцыю блёку Юшчанкі, у якога будзе 20—30% месцаў у парлямэнце. Іншая справа, што гэты блёк можа распасьціся ўжо ў самім парлямэнце, бо, як я ўжо казаў, там надта розныя сілы. Партыя ўлады працягне сваіх людзей і ў выглядзе чыстай партыі ўлады “За адзіную Ўкраіну”, працягне і “Жанчынаў за будучыню”, і ўсякіх іншых “зялёных”. То бок і надалей парлямэнт Украіны будзе досыць аморфным. Партыя ўлады не набярэ шмат галасоў, але яны правядуць шмат дэпутатаў у мажарытарных акругах, дзе яны кантралююць сытуацыю. Такім чынам, нас чакае балючы працэс перамоваў, фармаваньня нейкіх кааліцыяў і г.д. У любым разе я прадбачу, што будзе такое самае балота, як цяпер. Наўрад ці што кардынальна ва Ўкраіне памяняецца, прынамсі да 2004 г., калі будуць прэзыдэнцкія выбары. Там, я думаю, будзе шмат што вырашацца, а пакуль што мы маем прэзыдэнта, які хутчэй руйнуе дзяржаўную сыстэму, руйнуе грамадзянскую супольнасьць, а не будуе.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|