 | ПАЛIТЫКА |  |

МУС займаецца вяртаньнем крэдытаў 11:16, 08/02/2002

Праца па вяртаньні крэдытаў, выдаткаваных банкам Беларусі, зьяўляецца адным з прыярытэтных накірункаў у дзейнасьці праваахоўчых органаў рэспублікі. Пра гэта заявіў намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Леанід Глухоўскі на рэспубліканскай нарадзе па пытаньнях разьвіцьця банкаўскай сыстэмы, якая праходзіць сёньня ў Менску пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. 
Саюзу ня будзе 11:15, 08/02/2002

“Саюзу Расеі й Беларусі ня будзе”, -- заявіў карэспандэнту "САЮЗ-ІНФО" намесьнік кіраўніка фракцыі СПС Барыс Надзеждзін. Паводле ягоных словаў, “час такіх размоваў прайшоў. І сёньня ўжо зусім зразумела, што ніякай Саюзнай дзяржавы нам не пабудаваць”. Барыс Надзеждзін адмовіўся камэнтаваць сваё сьцьвярджэньне, аднак заўважыў, што такая інфармацыя сыходзіць з урадавых крыніц. 
Пракуратура вынесла папярэджаньне журналісту “БДГ” 11:14, 08/02/2002

Журналіст “Белорусской деловой газеты” Ірына Макавецкая атрымала выклік зьявіцца 7 лютага ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь для дачы тлумачэньняў адносна сваёй публікацыі “Рядовое" дело” пад рубрыкай “Беспредел” у №86 ад 5 сьнежня 2001 году. Аднак падчас размовы з пракурорам Станіславам Новікавым прадстаўнік журналіста, кіраўнік прававой дапамогі СМІ Міхаіл Пастухоў заўважыў на стале тэкст афіцыйнага папярэджаньня, ужо завізіраваны намесьнікам генэральнага пракурора Міхаілам Сьнегіром 6 лютага. Такім чынам, фактычна яно было вынесена завочна, да таго, як узялі тлумачэньні ў журналіста. У знак пратэсту Ірына Макавецкая адмовілася падпісаць афіцыйнае папярэджаньне. Журналістка і ейны прадстаўнік Міхаіл Пастухоў маюць намер у бліжэйшыя дні абскардзіць афіцыйнае папярэджаньне ў рэспубліканскай Пракуратуры й судзе. 
“Брестскому курьеру” забараняюць рэклямавацца 11:13, 08/02/2002

Берасьцейскі гарвыканкам забараніў рэдакцыі незалежнага інфармацыйна-аналітычнага штотыднёвіка “Брестский курьер” разьмяшчаць рэклямныя матэрыялы ў грамадзкім транспарце – на падставе нямэтазгоднасьці. 
ЗУБР папярэджвае аб радыяцыйнай пагрозе 11:12, 08/02/2002

Актывісты моладзевага руху ЗУБР правялі акцыю па раздачы жыхарам Берасьці ўлётак з папярэджаньнем аб магчымай радыяцыйнай небясьпечнасьці ад магільніку радыяктыўных адходаў, што будуецца побач з абласным цэнтрам. “Берасьце рызыкуе стаць другім Чарнобылем”, -- з такім папярэджаньнем яны выйшлі на вуліцы Берасьці. 
Лукашэнка звароты працоўных не прымае 11:11, 08/02/2002

На гэтым тыдні намесьнік старшыні прафкаму ВА “Беларуськалій” Сьцяпан Івашкевіч спрабаваў перадаць Аляксандру Лукашэнку й прэм’еру Беларусі зварот 17-тысячнага калектыву гарнякоў, які папярэдне быў зарэгістраваны ў адпаведных канцылярыях. Такое неабходнае рашэньне аб фармальнай арганізацыі насьпела ў шахцёрскім калектыве невыпадкова: ні на адзін з папярэдніх зваротаў у высокія інстанцыі гарнякі не атрымалі адказу. Хаця ўжо сышлі тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам, паведамляе www.praca.by. 
Рост ВУП Беларусі ў 2001 годзе – самы нізкі ў СНД 11:10, 08/02/2002

Рост валавага ўнутранага прадукту Беларусі ў 2001 годзе – на 4,1 адсоткі – стаў самым нізкім сярод краін СНД. Згодна інфармацыі Статкамітэту Садружнасьці найбольшs рост летась дэманстравала эканоміка Казахстану, дзе ВУП павялічыўся на 13,2 адсоткі. Далей ідуць Таджыкістан (на 10,2), Азэрбайджан (на 9,9), Армэнія (на 9,6), Украіна (на 9), Малдова (на 6,1), Кіргізія (на 5,3), Грузія (на 4,5), Узбэкістан (на 4,5 за 9 месяцаў). У Расеі рост пяці базавых адгалінаваньняў эканомікі (прамысловасьць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, транспарт, гандаль) летась склаў 5,7 адсоткі. Зьвесткі па Туркмэністану адсутнічаюць. 
Узровень інфляцыі -- самы высокі ў СНД 11:09, 08/02/2002

Інфляцыя ў краінах СНД па выніках 2001 году склала ў Азэрбайджане – 1,3%, у Армэніі – 2,9%, у Беларусі – 46,1%, у Грузіі – 3,4%, у Казахстане – 6,4%, у Кіргізіі – 3,7%, у Малдове – 6,3%, у Расеі – 18,6%, у Таджыкістане – 12,5%, на Ўкраіне – 6,1%. Дадзеных па Туркмэністану й Узбэкістану няма. Пра гэта гаворыцца ў матэрыялах Статкамітэту СНД. 
Інвэстары пакідаюць СЭЗ 11:08, 08/02/2002

Некалькі інвэстараў пакінулі свабодную эканамічную зону “Віцебск”. Прычынай такога кроку стала недасканаласьць падаткавага заканадаўства, няўрэгуляванасьць зямельнага пытаньня й бюракратызм дзяржаўных органаў, -- лічыць намесьнік кіраўніка СЭЗ “Віцебск” Аляксандар Пятроў. Зараз у свабоднай эканамічнай зоне засталося толькі 15 рэзыдэнтаў. 
Ало, вас слухаюць 11:07, 08/02/2002, «День»

Тэма, зьвязаная з несанкцыянаваным праслухоўваньнем тэлефонаў грамадзян, вобразна кажуча, затасканая да непазнавальнасьці. Аднак ва ўмовах таталітарных дзяржаваў яна ніколі не губляе сваёй актуальнасьці. Пацьверджаньнем таму можа служыць Беларусь. Раптам возьме і зьявіцца на старонках недзяржаўных СМІ інфармацыя аб уварваньні “невядомых” асобаў, а хутчэй усяго, арганізацыяў, у жыцьцё грамадзян ці палітычных структур, якія не падзяляюць погляды Аляксандра Лукашэнкі. 
Міністар абароны Расеі прызнае, што Беларусь прадавала зброю ў Анголу й краіны Пэрсідзкага заліву 11:06, 08/02/2002

Як паведаміла амэрыканская газэта "The Miami Herald", на міжнароднай канфэрэнцыі ў Мюнхэне расейскаму міністру абароны Сяргею Іванову задалі пытаньне аб продажы Беларусяй узбраеньняў краінам-“ізгоям”. Газэта піша, што “апошняе паседжаньне таксама падкрэсьліла шырокія разнагалосьсі паміж Злучанымі Штатамі й Расеяй. Сэнатар Ліндсэй Грэм запытаў Іванова, чаму Расея падтрымлівае былую савецкую рэспубліку Беларусь таннымі энэргетычнымі субсыдыямі, калі гэтая краіна “ніколі ня мела дэмакратычных выбараў і зьяўляецца буйным экспарцёрам зброі”.
Былы дырэктар МТЗ правядзе ў СІЗА яшчэ ня менш за месяц 11:05, 08/02/2002

Прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Аляксей Таранаў паведаміў, што расьсьледаваньне справы былога дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава працягваецца і размова аб тым, каб адпусьціць былога дырэктара МТЗ, нават ня йдзе. Паводле словаў Таранава, сьледзтва будзе весьціся яшчэ ня менш за два месяцы. Нагадаем, што Міхаіл Лявонаў быў арыштаваны месяц таму па абвінавачваньні ў службовай нядбайнасьці, хабарніцтве й злоўжываньнях, якія нібыта прывялі да сур’ёзных страт. 
Беластоцкі суд ізноў дазволіў экстрадыцыю ў Беларусь бізнэсоўца Андрэя Жукаўца 11:04, 08/02/2002

Акруговы суд у Беластоку пастанавіў, што экстрадыцыя ў Беларусь бізнэсоўца Андрэя Жукаўца, які ўжо каля трох гадоў жыве ў Польшчы, дапушчальная. Да зьдзіўленьня прысутных, у часе тлумачэньня свайго рашэньня, судзьдзя Ян Федарук сказаў, што падсуднага можна выдаць, бо “палітычная сытуацыя ў Беларусі нармалізуецца”. 
“БДГ” адмовілі ў размяшчэньні ўжо аплочаных рэклямных матэрыялаў 11:03, 08/02/2002

Рэдакцыя “Белорусской деловой газеты” атрымала афіцыйны ліст з НГТРК аб тым, што замовы на разьмяшчэньне рэклямнага роліку новай газэты расьсьледаваньняў “БДГ.Для служебного пользования” прымацца ня будуць. Гэтая навіна прыйшла ў рэдакцыю ўжо пасьля таго, як замова была фактычна прынятая й аплочаная. Такім чынам, ёсьць усе падставы лічыць, што выкананьне замовы было прыпынена ў апошні момант валявым рашэньнем зьверху. 
Зацьверджаны бюджэт пражытнога мінімуму 11:02, 08/02/2002

Бюджэт пражытнога мінімуму ў разьліку на адзінку насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах зацьверджаны пастановаю Савету Міністраў №119. Як паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзелу сацыяльных стандартаў і нарматываў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Тамара Рак, з улікам росту коштаў на асноўныя прадукты харчаваньня, нехарчовыя тавары, а таксама транспартныя, жыльлёва-камунальныя і іншыя паслугі ў коштах сьнежня, бюджэт пражытнога мінімуму ў сярэднем на душу насельніцтва падвысіўся на 19 адсоткаў адносна папярэдняга і склаў 62568 рублёў. 
У выніку аварыі Барысаў застаўся без электрычнасьці й водазабесьпячэньня 11:01, 08/02/2002

У Барысаве адбылася аварыя на электрасетках. 7 лютага каля 16 гадзіны па мясцовым часе аказаліся адключанымі ад электразабесьпячэньня большасьць спажыўцоў электраэнэргіі ў цэнтральнай частцы гораду. Як паведамілі карэспандэнту ІА “Росбалт” у рэспубліканскім Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях, аварыя была выкліканая замыканьнем на заходняй падстанцыі. Паводле дадзеных міністэрства, у ліку адключаных ад электразабесьпячэньня аказаліся інструмэнтальны завод і завод кансэрваў, гарадзкая радзільня, лякарня, Палац культуры, Дом дзіцёнка, сярэдняя школа, мудвучылішча, а таксама высотныя жылыя дамы й камунальна-унітарнае прадпрыемства “Барысаў-водаканал”. Акрамя таго, з-за адсутнасьці электразабесьпячэньня на “Водаканале” спыніліся воданасосы й спынілася падача вады. Забесьпячэньне электраэнэргіяй большай часткі спажыўцоў было адноўлена за гадзіну. Да 19.00 па мясцовым часе работнікам жыльлёва-камунальнага комплексу гораду ўдалося аднавіць падачу вады. 
|  |
|