Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Тэма, зьвязаная з несанкцыянаваным праслухоўваньнем тэлефонаў грамадзян, вобразна кажуча, затасканая да непазнавальнасьці. Аднак ва ўмовах таталітарных дзяржаваў яна ніколі не губляе сваёй актуальнасьці. Пацьверджаньнем таму можа служыць Беларусь. Раптам возьме і зьявіцца на старонках недзяржаўных СМІ інфармацыя аб уварваньні “невядомых” асобаў, а хутчэй усяго, арганізацыяў, у жыцьцё грамадзян ці палітычных структур, якія не падзяляюць погляды Аляксандра Лукашэнкі.
Як правіла, высьвятленьне пытаньня, слухаюць ці не, скончваецца безвынікова. Так і адбылося, калі жыхар Астраўца Іван Крук 2 студзеня паспрабаваў атрымаць дакладны адказ ад раённага вузла сувязі, упраўленьня КДБ па Гарадзенскай вобласьці й старшыні КДБ Леаніда Ерына аб няўнасьці “жучкоў” на тэлефоннай лініі ў ягонай кватэры.
У сваёй заяве ён згадвае: “Мне, як былому апэратыўнаму супрацоўніку МУС, з пэўнай крыніцы стала вядома аб праслухоўваньні цягам шэрагу гадоў спэцслужбамі майго хатняга тэлефону без санкцыі пракурора”. Пагадзіцеся, што калі аб гэтым больш падрабязна кажа шэраговец, то неспадзявана прыходзіць на розум думка, што чалавек празьмерна захапіўся дэтэктывамі. Але ў нашым выпадку размова йдзе пра дэтэктыва са шматлікім досьведам і асабістымі сувязямі ў міліцыі.
Іван Крук лічыць, што падставаю для праслухоўваньня паслужыў ягоны актыўны ўдзел у шэрагах апазыцыі, у незалежным назіраньні за парлямэнцкімі й прэзыдэнцкімі выбарамі. Дарэчы, гэта сапраўды так. Акрамя таго, сп.Крук зьяўляўся каардынатарам ад незалежнага назіраньня й неаднаразова інфармаваў Цэнтральную выбарчую камісію, пракуратуру аб жахлівых фактах, што мелі месца падчас выбарчых кампаній. З гэтай прычыны ў мясцовай прэзыдэнцкай “вертыкалі” ён як костка ў горле.
У адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусі “Аб зваротах грамадзянаў” Крук павінен быў атрымаць адказ у тэрмін ад 15 да 30 дзён. Такое разыходжаньне зьвязанае з магчымай неабходнасьцю больш дэталёвага дасьледаваньня праблемы. Ад старшыні КДБ сп.Ерына заявіцель не атрымаў адказу да гэтага часу. Ягоныя падначаленыя з гарадзенскага УКДБ ухіліліся ад канкрэтнага адказу. У лісьце чэкістаў не гаворыцца, праслухваўся тэлефон Крука ці не. Гэта вынікае зь іхнага ліста: “На вашую заяву ад 02.01.2002 г. паведамляем, што ў адпаведнасьці з Законам РБ “Аб апэрытыўна-вышукной дзейнасьці” сьведчаньні аб правядзеньні ці не правядзеньні адносна фізычнай асобы аператыўных мерапрыемстваў прадастаўляюцца (ці могуць прадастаўляцца) толькі ў выпадках аб распачынаньні крымінальнае справы адносна канкрэтнай асобы ці спыненьні крымінальнае справы ў сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньні складу злачынства. Адносна Вас пытаньне аб адмове распачынаньня крымінальнай справы ў УКДБ па Гарадзенскай вобласьці ў афіцыйным парадку не разглядаецца й крымінальныя справы не распачыналіся”.
Хопіць, спадары контрвыведчыкі! А як вы тады будзеце выкрываць шпіёнаў і агентаў, калі крымінальныя справы адносна іх распачынаюцца, як правіла, пасьля паімкі з доказамі? Якім тады чынам мог у 1996 годзе прэзыдэнт Лукашэнка мець інфармацыю аб самых дробных падрабязнасьцях сустрэчы васьмі заходніх амбасадараў ў рэзыдэнцыі ангельскай амбасады? Ці адкуль мог атрымоўваць інфармацыю кіраўнік дзяржавы аб асабістым жыцьці тады яшчэ прэм’ер-міністра Чыгіра? Пры асабістай сустрэчы з жонкай Чыгіра Юліяй Станіславаўнай ён сам ёй пра гэта сказаў: “Я ведаю ўсё, пра што вы размаўляеце на кухні”. Ці падрабязнасьці так званай аперацыі “Белый Аист”, якія “сэнсацыйна” надрукавала “Советская Белоруссия”? Нагадаю, што ў артыкуле адзначалася ледзь не храналёгія перамоваў сп.Віка з прадстаўнікамі адзінага штабу кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Дарэчы, напэўна, менавіта таму кіраўнік КНГ АБСЭ ў апошнія свае дні знаходжаньня ў Беларусі аддаваў перавагу кантактам з наведвальнікамі падчас прагулкі. І, нарэшце, якому ведамству належаць знойдзеныя ў памяшканьнях АГП і БГК вельмі хітрыя праслухоўваючыя прыстасаваньні? Упэўнены, што адказу на гэтыя пытаньні ня будзе. А ведамства “жалезнага Фелікса”, як заўсёды, зойме позу страуса.
Сумневаў у праўдзівасьці адказу з КДБ становіцца ўсё больш пасьля азнаямленьня з адказам з Астравецкага РУС. Сувязісты адзначаюць, што “падключэньне пабочных прыстасаваньняў на вашай лініі не выяўлена. З мэтай прафілактыкі зроблены рамонт пакаёвай праводкі да тэлефоннага апарату, з-за благога кантакту былі збоі ў працы тэлефону”. Па-першае, Іван Крук сам няблага знаёмы з асновамі электратэхнікі і, акрамя таго, запрашаў дадому свайго сябра – прафэсійнага сувязіста. Яны зрабілі ўсё, што маглі: замянілі пакаёвую праводку й тэлефонную вілку, зачысьцілі ўсе кантакты, зрабілі прафілактыку тэлефоннага апарату. Усё безвынікова. І толькі пасьля пісьмовых заяваў Крука ён нарэшце здолеў размаўляць “без перашкодаў”.