Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
БГК хадайнічае аб датэрміновым вызваленьні Андрэя Клімава 11:03, 11/02/2002
Беларускі Гэльсынскі камітэт зьвярнуўся да начальніка калёніі УЖ 15/1 Івана Бахуры, дзе адбывае пакараньне дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Андрэй Клімаў, з просьбай прадставіць у суд матэрыялы аб магчымым прымяненьні да вязьня ўмоўна-датэрміновага вызваленьня ад пакараньня.
Андрэй Клімаў адбывае пакараньне з 11 лютага 1998 году. Суд Ленінскага раёну сталіцы асудзіў яго да шасьці гадоў пазбаўленьня свабоды ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за крадзеж у асабліва буйным памеры й службовым падлогу падчас будаўніцтва дому па вуліцы Лодачнай у Менску. Сваёй віны Андрэй Клімаў не прызнаў, абарона настойвала на адсутнасьці ў ягоным дзеяньні складу злачынства, а міжнародныя й беларускія праваабарончыя арганізацыі заявілі аб палітычнай матывацыі прысуду.
“Пры наведваньні Андрэя Клімава кіраўнікі БГК былі праінфармаваныя службовымі асобамі калёніі аб тым, што ён ня мае парушэньняў рэжыму, мае станоўчую характарыстыку, хварэе. Маці Андрэя Клімава зьяўляецца інвалідам 2-й групы, якая мае патрэбу ў дапамозе. Многія міжнародныя арганізацыі, у тым ліку АБСЭ, ставяць пытаньне перад урадам Беларусі аб ягоным вызваленьні”,— гаворыцца ў заяве БГК.
Праваабаронцы таксама нагадваюць, што ў адпаведнасьці з ч.1 і 3 артыкула 90 Крымінальнага кодэксу да асобаў, якія адбываюць пакараньне за цяжкае злачынства ў выглядзе пазбаўленьня волі пасьля фактычнага адбыцця асуджаным ня менш 2/3 тэрміну. 11 лютага 2002 году спаўняецца чатыры гады з шасьці, як Клімаў адбывае пакараньне, а значыць як раз дзьве траціны тэрміну.