Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На працэсе па справе Аляксандра Чыгіра адхіленае важнае хадайніцтва 11:09, 13/02/2002
На працэсе па крымінальнай справе Аляксандра Чыгіра (сына былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра), Антона Яшына й Зьмітра Юцкевіча 12 лютага адхіленае важнае, на думку абароны, хадайніцтва. Трое маладых людзей абвінавачваюцца ў крадзяжах аўтамабіляў, зьдзейсьненых арганізаванай групай - артыкул 205, частка 4 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У выпадку прызнаньня віны яны могуць быць пазбаўленыя свабоды на тэрмін ад 7 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. 10 лютага споўніцца год з моманту арышту Аляксандра Чыгіра.
12 лютага ў судзе быў дапытаны экспэрт Канстанцін Жэўно, які праводзіў экспэртызу зварных швоў аўтамабілю, у крадзяжы якога абвінавачваюць Чыгіра, Яшына, Юцкевіча. Аднак, па сьцьвярджэньні Аляксандра Чыгіра й ягонай абароны, экспэртыза праведзеная не ў поўным аб’ёме, суб’ектыўна й мае памылковыя высновы. Сьведчаньні экспэрта, які сьцьвярджаў, што ён дасьледаваў усё кузава аўтамабілю, ня здолелі прасьвятліць сумненьні абароны, і таму пасьля допыта экспэрта было заяўлена хадайніцтва аб правядзеньні паўторнай экспэртызы. Аднак яно было адхіленае судом, які палічыў высновы мінулай экспэртызы абгрунтаванымі й дастатковымі. Абарона заявіла яшчэ адно хадайніцтва – аб правядзеньні паўторнай экспэртызы фарбавага пакрыцьця аўтамабілю.
Як сказала ў інтэрвію БелаПАН Юлія Чыгір, якая прымае ўдзел у якасьці абаронцы, вынікі экспэртызы могуць даказаць невіноўнасьць ейнага сына і абвергнуць абвінавачваньне. Але, на ейную думку, суд адмаўляецца рупліва дасьледаваць гэтыя абставіны, што кажа аб ягоным абвінаваўчым ухіле й прадузятасьці.