Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Жонкі грамадзкіх дзеячоў Беларусі, памерлых ці зьніклых пры нявысьветленых абставінах, або зьмешчаных у турмы, зьвярнуліся па дапамогу да літоўскіх парлямэнтараў. “Мы прасілі б вас правесьці ў парлямэнцкай камісіі па правох чалавека слуханьні па праблеме зьнікненьня, сьмерцяў і знаходжаньня ў турмах палітычных дзеячаў Беларусі”, -- гаворыцца ў адрасаваным да літоўскага парлямэнту звароце, падпісаным жонкамі шасьцёх рэпрэсаваных дзеячоў беларускай апазыцыі. Жанчыны просяць стварыць незалежную міжнародную камісію па расьсьледаваньні абставінаў зьнікненьня й гібелі іх блізкіх.
Першая тысяча чалавек прыняла ўдзел у віртуальнай акцыі салідарнасьці зь беларускім рухам ЗУБР. З 13 лютага з вэб-сайту Бонскай групы аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі Amnesty International www.ai-1066.de усе тыя, хто ўзрушаны рэпрэсіямі беларускага рэжыму адносна актывістаў ЗУБРа, могуць адправіць электронны ліст на адрэсу Аляксандра Лукашэнкі.
Тэрмін знаходжаньня пад вартай дырэктара стадыёна “Трактар” Васіля Алейнікава, які быў затрыманы пры атрыманьні хабару ў памеры 1.000 даляраў, падоўжаны яшчэ на два месяцы. Ягоны арышт быў адным зь першых ў новым чарзе “гучных справаў”, што распачаліся ў канцы мінулага году. 15 лютага споўнілася роўна тры месяцы з дня заключэньня Алейнікава пад варту.
Дзясяткі журналістаў і грамадзкіх дзеячаў Гарадзеншчыны паставілі свае подпісы пад адкрытым лістом да пракурора вобласьці Васіля Літвінава. Падпісанты просяць пракурора “выказаць сваю грамадзянскую ацэнку магчымага прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці журналістаў Паўла Мажэйкі і Міколы Маркевіча”. Падпісанты перакананыя, што “журналісты Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч – ніякія не злачынцы, а людзі сумленныя, з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, патрыёты Беларусі. Перасьлед такіх людзей (…) ёсьць справаю антыдзяржаўнаю, шкоднаю для краіны. Ён дыскрэдытуе Беларусь і яе праваахоўныя органы ў вачах міжнароднай супольнасьці”. Падпісанты заклікаюць спыніць справу супраць журналістаў, распачатую за паклёп у адрас Лукашэнкі, піша "Наша ніва".
На мінулай калегіі Міністэрства ўнутраных справаў дала высокую ацэнку працы свайго Гарадзенскага ўпраўленьня, у тым ліку за ўзровень раскрытых злачынстваў. Між тым у пагоні за павышэньнем паказчыкаў і выкананьнем “пляну” міліцыя гатовая грэбаваць інтарэсамі ці здароўем грамадзян.
Магілёўскае УУС правяло службовае расьсьледаваньне дзейнасьці начальніка Слаўгарадзкага РАУС падпалкоўніка Балдышэўскага па выніках праверкі абласной пракуратуры і аб’явіла яму пра няпоўнаю службовую адпаведнасьць. Дадзены факт нікога не зьдзівіў і не ўзрадаваў. Хаця б таму, што ў самім Слаўгарадзе пра гэта мала каму стала вядома.
Прадстаўнікі грамадзкіх ініцыятываў “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” і “Моладзь у абарону Курапатаў” зацьвердзілі канцэпцыю мэмарыялу. У канцэпцыі адзначаецца, што Курапаты сусьветная цывілізацыя ведае як месца зьнічтажэньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1937-1941 гадоў. У Беларусі яны зьяўляюцца сукупным вобразам безыменных магілаў усіх закатаваных і расстраляных сталінскім рэжымам. На думку аўтараў канцэпцыі, дзяржава павінна забясьпечыць ахоўны статус урочышча, упарадкаваць тэрыторую, якая прылягае да ўрочышча, узьвесьці помнік ці кампазыцыю, што па сваіх памерах і сутнасьці адпавядала б месцу.
Першая чатырохбаковая сустрэча сакратароў саветаў бясьпекі Расеі, Украіны, Беларусі й Польшчы пройдзе 19-20 лютага ў Харкаве. Пра гэта паведамілі ў панядзелак у прэсавай службе Савету бясьпекі Расеі. Паводле словаў прадстаўнікоў СБ РФ, на сустрэчы будуць абмяркоўвацца пытаньні барацьбы зь міжнародным тэрарызмам, арганізаванай злачыннасьцю, незаконнай міграцыяй, пытаньні памежнага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеяньня ў эканамічнай і энэргетычнай сфэрах. Па сканчэньні гэтай чатарохбаковай сустрэчы Ўладзімер Рушайла праедзе з працоўным візытам у Кіеў, дзе сустрэнецца з прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмам. Візыт працягнецца да 22 лютага.
У амбасадзе Беларусі й Расеі прайшла нарада з кіраўнікамі рэгіянальных аддзяленьняў дыпляматычных прадстаўніцтваў у Екацерынбургу, Калінінградзе, Краснадары, Навасібірску, Санкт-Пецярбургу, Цюмені, Уфе, Хабараўску па выніках працы за мінулы год. У рамках нарады прайшло паседжаньне“круглага стала” па пытаньнях павелічэньня экспарту беларускай прадукцыі ў Расейскую Фэдэрацыю. У ім прынялі ўдзел намесьнікі кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў, што курыруюць пытаньні замежнаэканамічных сувязяў МТЗ, МАЗу, БелАЗу, Гомсельмашу і іншых.
З пяцігадзінавым візытам наведала Менск 16 лютага дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў складзе Джэймса Сэкстана (кіраўнік дэлегацыі, кангрэсмэн з 1984 году, рэспубліканец, абраны ад штату Нью-Джэрсі), Рональда Льюіса (кангрэсмэн з 1994 году, рэспубліканец, абраны ад штату Кентукі) і Бэрнарда Сандэрса (незалежны кангрэсмэн з 1990 году ад штату Вэрмонт). Мэта візыту – сустрэча з кіраўніцтвам Беларусі ў сувязі з публікацыямі ў сродках масавай інфармацыі аб продажы Беларусяй зброі краінам, якія падрымліваюць тэрарызм. За 15 хвілінаў да вылету ў Нацыянальным аэрапорце “Менск” Джэймс Сэкстан зрабіў заяву для прэсы. Чытайце тэкст заявы цалкам.
У судзе Ленінскага раёну Менску працягваецца слуханьне крымінальнае справы адносна Аляксандра Чыгіра – сына былога прэм’ер-міністра Беларусі, а таксама Антона Яшына й Зьмітра Юцкевіча. 15 лютага былі дапытаныя пацярпелыя й агледжаныя некаторыя рэчывыя доказы. Меў выступ таксама спэцыяліст зваршчык. Ягоныя сьведчаньні абверглі вынікі сьледчай экспэртызы. На думку спэцыяліста, экспэрт памылкова дасьледаваў заводзкія зварачныя швы аўтамабілю, у крадзяжы якога абвінавачваюць падсудных, а гэта значыць, што экспэртыза была безвыніковай.
Адвакаты падсудных па справе “групы Ігнатовіча” лічаць віну сваіх падабаронных у зьдзяйсьненьні прад’яўленых ім злачынстваў недаказанай і на апошнім паседжаньні папрасілі суд апраўдаць іх па ўсіх пунктах абвінавачваньня. Прадстаўнік маці Зьмітра Завадзкага, апэратара ГРТ, у выкраданьні якога падазраецца група Ігнатовіча, Ігар Аксёнчык працягвае настойваць на тым, што Валеры Ігнатовіч і Максім Малік вынаватыя ў выкраданьні Завадзкага. Аднак яны зьяўляюцца толькі выканаўцамі, галоўныя фігуранты пакуль пазьбеглі адказнасьці. Спробы адваката разледзіць справу аб зьнікненьні ў сувязі са зьнікненьнямі вядомых беларускіх палітыкаў Юры Захаранкі, Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага і ў кантэксьце матэрыялаў на гэтую тэму, якія зьявіліся ў СМІ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, былі спыненыя старшынёй на судзе.
У Менску абрабаваны офіс грамадзкай арганізацыі “Задзіночанне беларускіх студэнтаў”, закрытай з рашэньня Вярхоўнага суда Беларусі. У памяшканьне, якое разьмяшчаецца ў кватэры жылога дому па вуліцы Дарашэвіча ў Менску, дзе знаходзіліся некалькі юнакоў і дзяўчат, уварваліся два чалавекі. Адзін быў у масцы і з развадным ключом у руцэ. Іншы – без маскі й з нажом. Яны пачалі зьбіваць першакурсьніка БДУ, які адчыніў дзьверы. Астатнім загадалі легчы на падлогу й пагражалі нажом і развадным ключом.
Пивоваренная компания «Балтика» обратилась в международный коммерческий арбитражный суд при Торгово-промышленной палате России с иском к минскому пивоваренному заводу «Крыница». Об этом сообщили в дирекции «Балтики».
У Беларусі будзе створаны другі нацыянальны тэлеканал. Указ аб гэтым падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Ва ўказе кіраўніка беларускае дзяржавы, які быў апублікаваны ў суботу, адзначаецца, што заснавальнікамі тэлеканалу зьяўляюцца дзяржава й шэраг юрыдычных асобаў. У статутным фондзе ствараемага акцыянэрнага таварыства доля дзяржавы складае 51 адсотак. Кіраваць дзяржаўнай доляй акцыяў будзе Міністэрства інфармацыі краіны.
Да канца гэтага году ў Беларусі ўсе катэгорыі ільготнікаў пачнуць аплочваць праезд у грамдзкім транспарце, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА міністар транспарту й камунікацыяў Міхаіл Баравы. Прапановы Мінтрансу, якія могуць легчы ў аснову канцэпцыі па ліквідацыі ільготаў на праезд, ужо адпраўленыя ў Міністэрства працы й сацыяльнай абароны. Якім чынам будуць вяртацца грошы грамадзянам за іхныя ільготы? Адказ на гэтае пытаньне павінен даць урад.
Дата правядзеньня агульнанацыянальнай акцыі пратэсту працоўных Беларусі будзе, хутчэй за ўсё, канчаткова вызначаная на паседжаньні прэзыдыуму рады Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай, правядзеньне якога папярэдне заплянаванае на 21 лютага. Найбольш верагоднай датай правядзеньня акцыі называюць 21 сакавіка. Пра гэта заявіў 15 лютага на прэсавай канфэрэнцыі ў штаб-кватэры ФПБ намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Мікалай Беланоўскі ў камэнтары вынікаў нарады старшыняў прафкамаў буйных прадпрыемстваў Менску, лідэраў абласных і галіновых прафсаюзных арганізацыяў і сябраў прэзыдыуму рады ФПБ.
Па зьвестках Міністэрства статыстыкі й аналізу Беларусі, за першы тыдзень лютага 2002 году спажывецкія кошты ў краіне падвысілія на 1,6 адсоткі. Для параўнаньня: за першы тыдзень студзеня кошты павялічыліся на 1,9 адсоткі, за першы тыдзень лютага - на 0,9 адсоткі. З пачатку гэтага году спажывецкія кошты ў Беларусі вырасьлі на 7,8 адсоткі (за аналягічны пэрыяд мінулага году – на 5,7 адсоткі). У 2002 годзе ўрад і нацыянальны банк прагназуе павелічэньне коштаў на 20-27 адсоткаў.