Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Менску абрабаваны офіс “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” 11:06, 18/02/2002
У Менску абрабаваны офіс грамадзкай арганізацыі “Задзіночанне беларускіх студэнтаў”, закрытай з рашэньня Вярхоўнага суда Беларусі. У памяшканьне, якое разьмяшчаецца ў кватэры жылога дому па вуліцы Дарашэвіча ў Менску, дзе знаходзіліся некалькі юнакоў і дзяўчат, уварваліся два чалавекі. Адзін быў у масцы і з развадным ключом у руцэ. Іншы – без маскі й з нажом. Яны пачалі зьбіваць першакурсьніка БДУ, які адчыніў дзьверы. Астатнім загадалі легчы на падлогу й пагражалі нажом і развадным ключом.
“Яны разьбілі тэлефон-факс, безупынна мацюкаліся, некалькі разоў паўтарылі, што ім заплацілі грошы, каб яны сюды прыйшлі й забралі тое, што патрэбна. Злачынцы раілі нам не зьвяртацца ў міліцыю, не складаць фотаробат, таму што твары ўсіх, хто знаходзіцца ў кватэры яны запомнілі, а ніхто шукаць ня будзе. Адзін з рабаўнікоў заявіў, што некалькі разоў быў у Чачэніі і такім актывістам рэзаў насы й вушы”, -- распавёў прадстаўнік ЗБС Юры Сідун.
Злачынцы забралі новы кампутар і мадэм, куртку адной дзяўчыны з мабільным тэлефонам і дакумэнтамі, у аднаго маладога чалавека скралі пэйджар і грошы, забралі ўсе ключы ад офісу. Напад працягваўся 15-20 хвілінаў.
Трэба зазначыць, што дзьверы пад’езду былі з кодавым замком, а злачынцы вельмі добра арыентаваліся ў кватэры. Акрамя таго, лічыць кіраўнік ЗБС Крысьціна Вітушка, звычайныя злачынцы прыйшлі б рабаваць офіс ня ў час прызначанага сходу, а ўначы.
Вітушка адзначыла, што гэтае здарэньне - не шэраговае злачынства, а працяг уціску на арганізацыю, які ўлады распачалі яшчэ ўлетку.
Пацярпелыя адразу выклікалі міліцыю. Прыбылі ўчастковыя й супрацоўнікі УУС Савецкага раёну, якія пачалі допыт пацярпелых і сьведак. Аднак, як адзначылі некаторыя сябры ЗБС, большасьць пытаньняў датычылася не злачынства, а мэтаў арганізацыі й крыніцаў ейнага фінансаваньня.