Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Суд над лідэрам Маладога Фронту Паўлам Севярынцам адбыўся сёньня ў судзе Савецкага раёну Менску. Севярынца прызналі віноўным у парушэньні артыкула 167 ч.2 Кодэксу аб адміністратыўных парушэньнях за арганізацыю несакцыянаванага шэсьця на праспэкце Скарыны ў Дзень Сьвятога Валянціна. Судзьдзя Юры Казадаеў прысудзіў лідэру Маладога Фронту штраф у памеры 300 мінімальных заробкаў (1760 даляраў ЗША).
У Берасьцейскі аддзел праваабарончага цэнтру “Вясна” зьвярнуўся грамадзянін, які не паведаміў свайго імя і аддаў праваабаронцам 93 запоўненыя непагашаныя бюлетэні па выбарах дэпутата Берасьцейскага гарадзкога Савету дэпутатаў па выбарчай акрузе №8, якія праводзіліся 18 сакавіка 2001 году. Ён паведаміў, што атрымаў гэтыя бюлетэні ад сябраў выбарчай камісіі і павінен быў іх зьнічтожыць. Аднак увесь гэты час у яго была думка, што ён стаў саўдзельнікам злачынства сябраў гэтай выбарчай камісіі і таму ён вырашыў аддаць бюлетэні ў цэнтар. У бюлетэні фігуруюць прозьвішчы кандыдатаў Касьцюк Ніны Мікалаеўны і Мартынюка Аляксандра Васільевіча, а на зваротным баку – па два подпісы сябраў выбарчай камісіі.
Другі Зьезд судзьдзяў Рэспублікі Беларусь адбудзецца 21 лютага ў Менску. Аднак у сувязі з прысутнасьцю на зьезьдзе Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікам Беларускага Гэльсынкскага камітэту адмовілі ў магчымасьці данесьці да судзьдзяў на зьезьдзе Зварот Сходу прадстаўнікоў БГК, прыняты 16 лютага. У дадзеным звароце ўтрымліваецца аналіз праблемаў беларускай судовай сыстэмы й прапановы іхнага рашэньня. Улічваючы важкасьць узьнятых пытаньняў для абароны й аднаўленьня правоў грамадзян, мы публікуем асноўныя палажэньні Звароту Сходу прадстаўнікоў БГК.
Член алімпійскай зборнай Беларусі, імя якога не было агучанае, падазраецца ва ўжываньні допінгу. МАК часова спыніў паўнамоцтвы кіраўніка беларускай дэлегацыі за хаўрусьніцтва са спартоўцам й замарозіў фінансаваую дапамогу. Як паведаміў у панядзелак вечарам з Солт-Лэйк-Сіці генэральны дырэктар МАК Франсуа Карара, адзін зь беларускіх алімпійцаў адмовіўся прайсьць допінг-кантроль. Гэта было расцэнена як факт ужываньня допінгу. Міжнародны алімпійскі камітэт адрэагаваў жорстка. Ня толькі сам спартовец, але і галава дэлегацыі Беларусі Яраслаў Барычка, былі адхіленыя ад удзелу ў Алімпіядзе. Барычка абвінавачваецца ў тым, што ён садзейнічаў ухіленьню спартоўца ад праходжаньня заплянаванага МАК допінг-кантролю. Акрамя таго, выканкам МАК у якасьці пакараньня адмовіў Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту Беларусі ў выплаце да канца году фінансавай дапамогі, якая павінна была скласьці каля 120 000 даляраў.
Намесьнік міністра ўнутраных справаў, начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі й адмысловай міліцыі МУС Беларусі Аляксандар Шчурко 18 лютага на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў аб непрафэсыяналізме беларускай міліцыі. Многія работнікі міліцыі “пакуль яшчэ ня маюць патрэбнага прафэсіяналізму”, што “не садзейнічае эфэктоўнай абароне грамадзян і іхнай маёмасьці, асабліва ў сельскай мясцовасьці”, -- канстатаваў Шчурко. Сярод аб’ектыўных фактараў, якія замінаюць міліцыі выконваць свай доўг, Шчурко назваў адсутнасьць транспарту й кватэраў ў сельскіх міліцыянтаў. Толькі на 25 адсоткаў сельскія інспэктары забясьпечаныя службовым аўтатранспартам, і толькі 43 адсоткі інспэктараў пражываюць на замацаванай за імі тэрыторыі. Шчурко паведаміў, што “прапрацоўваецца пытаньне” аб стварэньні разам зь Беларускім патрыятычным саюзам моладзі “моладзевых апэратыўных атрадаў”.
На падставе артыкула 98 Банкаўскага кодэксу Рэспублікі Беларусь Нацыянальны банк прыняў рашэньне з 20 лютага 2002 году тэрмінам на 6 месяцаў спыніць дзеяньне генэральнай ліцэнзіі на некаторыя банкаўскія аперацыі ААТ “Залаты талер”. Ён ня можа ажыцьцяўляць ад свайго імя і за свой кошт зьдзелкі куплі-продажу замежнай валюты зь беларускімі й замежнымі банкамі, айчыннымі юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі бізнэсоўцамі, за выключэньнем абавязковага продажу замежнай валюты й зьдзелак, заключаных па падставе асобных дазволаў Нацыянальнага банку.
Пытаньні арганізацыі барацьбы зь нелегальным працоўным рынкам у сфэры рэалізіцыі тавараў і паслугаў абмяркоўваліся 18 лютага падчас працоўнай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з намесьнікам прэм’ер-міністра рэспублікі Андрэем Кабяковым. Кабякоў праінфармаваў Лукашэнку аб прыняцьці габінэтам міністраў пастановы, датычнай парадку прыёму наяўных грашовых сродкаў і прымяненьня касавых суміруючых апаратаў, аб мерах па павышэньню эфэктоўнасьці кантролю над рухам тавару ў краіне і фіксацыяй рэальных таваразваротаў. У сваю чаргу Лукашэнка запатрабаваў ад ураду больш рашучых крокаў у гэтым накірунку і адзначыў, што трэба “навести порядок в области импорта табачных изделий”.
З пачатку 2000 году ў Беларусі адзначаны рост злачыннасьці па ўсіх накірунках. Пра гэта 18 лютага на сустрэчы з журналістамі ў Менску заявіў начальнік Упраўленьня прафілактыкі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксандар Найдзенка. Павялічылася, у прыватнасьці, колькасьць кватэрных крадзяжоў: у студзені зафіксавана 758 выпадкаў (за такі самы пэрыяд 2001 году – 633). З пачатку году адзначаны таксама рост бытавой злачыннасьці. У параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2001 году колькасьць бытавых злачынстваў павялічылася на 60 адсоткаў. Большасьць злачынстваў адбываецца ў сельскай мясцовасьці на глебе алькагалізму.
У многіх раёнах Віцебскай вобласьці работнікі адукацыі не атрымалі яшчэ ні авансу, ні заробку за першы месяц гэтага году. Так, у школах Расонскага раёну запазычанасьць склала 80 мільёнаў рублёў. Такая сытуацыя і ў Полацкім раёне. Прычына адна – адсутнасьць сродкаў у мясцовых бюджэтах, зь якіх фінансуюцца школы.
Ужо некалькі сутак невядома пра месцазнаходжаньне адваката Ігара Аксёнчыка, які прадстаўляе інтарэсы маці зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага на працэсе па справе групы былога афіцэра аддзелу “Алмаз” Валеры Ігнатовіча. Напярэдадні, 13 лютага, ён зрабіў рэзкую заяву журналістам ля ўваходу ў будынак суда. Аксёнчык, у прыватнасьці заявіў аб тым, то асноўныя фігуранты па гэтай справе – арганізатары выкраданьня Завадзкага, а таксама Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юры Захаранкі – ня сталі перад судом. Адвакат таксама заявіў аб датычнасьці да гэтай справы былога кіраўніка Савета Бясьпекі, а зараз – генэральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана. “Рашэньнем кіраўніка дзяржавы, -- сказаў Аксёнчык, -- галоўны падазраваны ўзводзіцца з ранг генэральнага пракурора... На такія беспрцэдэнтныя меры Лукашэнка пайшоў з дастаткова канкрэтнай мэтай – зьліквідаваць доказы, матэрыялы крымінальнай справы, якія маюць прамыя адносіны ня толькі да Завадзкага, але і да палітычных апанентаў, Захаранкі й Ганчара”.
Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец стане сёньня перад судом Савецкага раёну Менску за арганізацыю моладзевай акцыі пратэсту ў Дзень Сьвятога Валянціна, якая насуперак рашэньня ўладаў прайшла 14 лютага на галоўным праспэкце Менску. Яму пагражае арышт на некалькі сутак у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна.
Галоўнага рэдактара газэты “Пагоня” Мікалая Маркевіча выклікалі ў пракуратуру для азнаямленьня з матэрыяламі крымінальнай справы. Мікалай Маркевіч зьяўляецца абвінавачаным у крымінальнай справе, датычнай публічнага паклёпу на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Як паведамляе Радыё Свабода, пракуратура канфіскавала нумары “Пагоні” з гэтымі публікацыямі, і таму абвінавачваньне абапіраецца на разьмяшчэньне матэрыялаў з паклёпам на Лукашэнку ў інтэрнэце. У адказ на гэтыя абвінавачваньні Маркевіч заявіў сьледчаму, што ня мае нікіях адносінаў да інтэрнэту. За дзень да гэтага сьледчы выклікаў на допыт кампутаршчыка “Пагоні” Аляксея Салея. Паводле ягоных словаў, “у крымінальнай справе ў якасьці рэчавых доказаў знаходзяцца раздрукоўкі з кампутарнага дыску, а не з інтэрнэту”. Таму ў рэдакцыі лічаць, што сьцьвярджэньні аб распаўсюдзе публікацыяў не пераканаўчыя.
У Менску адбылася прэзэнтацыя дакладу Беларускага Гэльсынкскага камітэту “Правы чалавека ў Беларусі”. Нагадаем, што Беларусь ратыфікавала міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох, які ўступіў у сілу 23 сакавіка 1976 году. Згодна гэтаму дакумэнту, усе дзяржавы, якія прызналі пакт ці далучыліся да яго, абавязаныя прадстаўляць пэрыядычныя даклады аб прынятых імі мерах па пераўтварэньні ў жыцьцё правоў, замацаваных у пакце, і аб праграсе, дасягнутым у выкарыстаньні гэтых правоў.
Беларускія ўлады зацягваюць падпісаньне пагадненьня аб супрацоўніцтве паміж ЗАТ “Очаково” і ААТ “Слуцкі піваварны завод”. Дамова аб супрацоўніцтве паміж ААТ “Слуцкі піваварны завод” і ЗАТ “Московский пивобезалкогольный комбинат "Очаково” быў перададзены на ўзгадненьне ў Менскі аблвыканкам яшчэ ў кастрычніку мінулага году. Паводле словаў дырэктара Дэпартамэнту па справах інвэстыцыяў Валеры Дразда, беларускі бок прапанаваў “Очаково” спачатку падпісаць інвстыцыйную дамову з урадам Беларусі.
Перадвыбарчы блёк украінскага экс-прэм’ера Віктара Юшчанкі “Наша Ўкраіна” мае самы высокі ўзровень падтрымкі сярод насельніцтва краіны – 18,8%. Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага апытаньня Цэнтра эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, агучаныя ў Кіеве.
Кіраўнік алімпійскай зборнай Беларусі Яраслаў Барычка часова адхілены ад выкананьня сваіх абавязкаў у Солт-Лэйк-Сіці ў сувязі з удзелам у допінгавым скандале. Як паведамляе Бі-бі-сі, непрыемны інцыдэнт адбыўся падчас здачы аналізаў адным зь беларускіх канькабежцаў (ягонае прозьвішча пакуль не агучваецца). Папярэдняя проба паказала, што дапушчальная норма ўтрыманьня нандралону ў арганізме атлета значна перавышаная. Аднак тэст спартоўца ня быў апячатаны патрэбным чынам, і вынікі аналізу маглі быць лёгка апратэставаныя. Калі падазраванаму алімпійцу прапанавалі прайсьці паўторнае абсьледаваньне, ён проста... зьнік.
У дарожна-патрульнай службе Дзяржаўтаінсьпекцыі Беларусі будуць служыць толькі афіцэры. Пра гэта паведаміў учора на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік кіраўніка беларускага МУС—начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі й адмысловай міліцыі генэрал-маёр Аляксандар Шчурко. Рашэньне аб тым, каб за “бліжэйшыя некалькі гадоў скараціць ў ДПС усе пасады малодшага складу начальства” і за гэты кошт павялічыць колькасьць афіцэраў, прынята ў рамках распачатай у краіне рэформы ДАІ. Намесьнік міністра таксама паведаміў, што зараз разглядаецца пытаньне аб тым, каб парушальнікі правілаў плацілі штрафы не інспэктарам ДПС, а праз банкі.
У Беларусі спынена спроба збыту 5.2 кг трацілу, якога, згодна ацэнкі спэцыялістаў, хапіла б на падрыў 10 аўтамабіляў ці шматпавярховага дому. Пра гэта паведамілі ў панядзелак РІА “Новости” у Камітэце па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Два жыхары Магілёўскай вобласьці, адзін зь якіх раней судзімы, спрабавалі збыць 16 трацілавых шашак за 520 даляраў. Злачынцы былі затрыманыя ў момант зьдзелкі. Ім прад’яўленае абвінавачваньне па арт.КК Беларусі “Незаконны зварот агнявой зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”. Па дадзеным факце распачатая крымінальная справа.