Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Палітычнае звальненьне 11:04, 20/02/2002, «Народная воля»
Нядаўна заяву аб сыходзе па асабістым жаданьні напісаў памочнік генэральнага дырэктара Менскага трактарнага заводу Ўладзімер Мядзьведзеў. Уладзімер Цімафеевіч кажа, што гэта быў вымушаны крок і што насамрэч ягонае звальненьне зьвязанае з публікацыяй “Лявонаў пакуль спадзяецца”, што зьявілася ў “Народнай волі” 22 студзеня. 18 студзеня на Трактарным заводзе карэспандэнт “Народнай волі” сустракаўся з адвакатам гендырэктара Мікалаем Шалімам. Падчас размовы пры уключаным дыктафоне за сталом сядзелі адвакат, прэсавы сакратар МТЗ Вадзім Біцан і памочнік гендырэктара Ўладзімер Мядзьведзеў. Мядзьведзеў спрабаваў прааналізаваць сытуацыю, якая склалася на заводзе пасьля арышту Міхаіла Лявонава. Пры гэтым, праўда, прасіў ня згадваць у матэрыяле ягонае прозьвішча: маўляў, кіраўніцтва заводу забараніла даваць якія-небудзь камэнтары для прэсы ўсім, акрамя намесьніка дырэктара па сувязях з грамадзкасьцю Мікалая Стукача.
Але за вакном – не 1937 год. Усе мы, падаецца, свабодныя людзі, жывем у свабоднай цывілізаванай краіне. І калі калега, больш таго – памочнік Міхаіла Лявонава шчыра абараняе свайго шэфа, кажа, што катэгарычна ня згодны зь ягоным арыштам, -- чаму ён павінен рабіць гэта інкогніта?
“21 студзеня пасьля абеду да мяне зьвярнуўся начальнік аддзелу кадраў з просьбай падпісаць дадатак да службовых інструкцыяў”, -- кажа Ўладзімер Мядзьведзеў.— Сярод іншых мяне асабліва зацікавіў той пункт, у якім гаварылася, што любая службовая асоба ня мае права ўмешвацца ў працу іншых супрацоўнікаў, калі гэта не прадугледжана інструкцыяй. Я пацікавіўся ў начальніка аддзелу кадраў, як гэта варта разглядаць. Юрыдычных тлумачэньняў я не атрымаў, але дакумэнт, як і многія іншыя падпісаў.
22 студзеня я, як заўсёды, прыйшоў на працу, прысутнічаў нават на адной нарадзе. А ў канцы дня я нечакана даведаўся, што гатовы загад аб маім звальненьні. Я запытаў выконваючага абавязкі гендырэктара Леаніда Крупца: на якой падставе мяне звальняюць? Ён адказаў: вы падпісалі абавязацельства, яго парушылі і агучылі эканамічную тайну...
23 студзеня я, натуральна, ня выйшаў на працу. Аднак напісаў ліст у прафсаюз і на імя в.а.гендырэктара, што дадзенае звальненьне лічу незаконным. Я нічога не разгалошваў і нічога не парушаў.
Пра якую эканамічную тайну ідзе размова, калі прыкладна за тыдзень да публікацыі ў “Народнай волі” адбылося паседжаньне прафсаюзнага камітэту, дзе разглядалася пытаньне ў тым ліку і пра фінансавае становішча заводу? Фінансавы дырэктар публічна сказаў: маўляў, за партыю трактараў, адгружаных у Анголу, ангольскі бок грошы пералічыў, але яны два месяцы дзесьці боўтаюцца. Падкрэсьліваю: гэта было агучана на пашыраным паседжаньні прафсаюзнага камітэту, дзе прысутнічала больш за сто чалавек!
Я актыўна абараняў генэральнага дырэктара, што, у прынцыпе, кіруючаму складу адкрыта рабіць забаронена. За што і паплаціўся. На мой погляд, гэта палітычнае звальненьне...”