Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У пракуратуру Савецкага раёну са скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманьні людзей падчас моладзевай акцыі ў Дзень Сьвятога Валянціна зьвярнуўся актывіст Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч. “Пры затрыманьні супрацоўнікі міліцыі мяне зьбілі, нягледзячы на тое, што супраціўленьня супрацоўнікам міліцыі я не аказваў, грамадзкі парадак сваімі дзеяньнямі не парушаў. Зьбіцьцё працягвалася і ў аўтамабілі “Жыгулі”, у які мяне пасадзілі супрацоўнікі міліцыі. Мяне біў па твары далонямі чалавек, які быў апрануты ў грамадзянскае адзеньне. Зьбіцьцё суправаджалася абразамі ў мой адрас і пагрозамі фізычнай расправы”, -- піша Дашкевіч у скарзе.
“Я быў дастаўлены у РУУС Савецкага раёну Менску. Там на мяне склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні па артыкулу 167.1 ч.2 КаАП РБ...Чалавек у штацкім завёў мяне ў пакой на першым паверсе РУУС Савецкага раёну. Затым ён загадаў сяржантам апрануць на мяне кайданкі й прыкаваць да батарэі ля вакна. Сяржанты выканалі ягонае распараджэньне й прыкавалі мяне кайданкамі да трубы батарэі. Пасьля гэтага чалавек зьняў куртку і я ўбачыў міліцэйскі швэдар з пагонамі. Па пагонах я зразумеў, што гэта супрацоўнік міліцыі ў рангу палкоўніка. Гэты супрацоўнік міліцыі стаў зноў зьбіваць мяне далонямі па твары, нанасіў удары па маіх нагах, абражаў мой гонар і чалавечую годнасьць, пагражаў фізычнай расправай. Пры гэтым у пакоі прасутнічалі каля сямі супрацоўнікаў Савецкага РУУС і адзін з затрыманых Станіслаў Івашкевіч, якога палкоўнік таксама біў па твары і абражаў... Затым мяне адвялі ў пакой для затрыманых...”– сьведчыць Зьміцер Дашкевіч.