 | ПАЛIТЫКА |  |

АБСЭ ня супраць спыненьня членства Беларусі 11:16, 22/02/2002

Рэакцыя Парлямэнцкай асамблеі на заяву беларускіх уладаў аб магчымасьці выхаду з АБСЭ ці прыпыненьня свайго членства ў гэтай міжнароднай арганізацыі зьмесьцілася ў адным слове: “Калі ласка”. Яго вымавіў прэзыдэнт ПА АБСЭ Адрыян Севярын у час звароту да амбасадара Беларусі ў Аўстрыіі Віктара Гайсёнка. Такая форма рэакцыі на дэмарш Менску была папярэдне ўзгоднена зь Дзейсным старшынёй АБСЭ Гаймэ Гама. 
Ута Цапф: Лукашэнка распраўляецца са сваімі праціўнікамі 11:15, 22/02/2002

Зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ пачала сваю працу з паседжаньня Сталага Камітэту, на якім дэпутатам ПА АБСЭ быў прадстаўлены даклад адмысловай працоўнай групы ПА АБСЭ па Беларусі. У пачатку лютага гэтага году група на чале з Утай Цапф наведала Менск і ў справаздачы прадставіла сваё бачаньне палітычнай сытуацыі ў Беларусі. У сваім выступе кіраўнік працоўнай групы Ута Цапф адзначыла, што “Лукашэнка распраўляецца са сваімі праціўнікамі там, дзе ён іх знаходзіць: у эканоміцы і ў мас-медыя”. 
Улады запалохваюць і шантажуюць сем’і Ўгляніцы і Жарнасека 11:14, 22/02/2002

У дачыненьні да сям’і актывіста “Края” Андрэя Жарнасека й былога афіцэра КДБ Генадзя Ўгляніцы, якiя абвінавацілі беларускія ўлады ў дачыненьні да зьнікненьня палітыкаў і журналістаў, ўлады практыкуюць шантаж і запалохваньне. Нагадаем, што Угляніца і Жарнасек ужо атрымалі палітычны прытулак у Нарвэгіі, іх сем’і дагэтуль знаходзяцца ў Беларусі. 
Андрэй Клімаў выйдзе на волю ўжо ў сакавіку? 11:13, 22/02/2002, «Комсомольская правда в Беларуси»

Учора раніцай адбылося паседжаньне камісіі, на якой разглядалася пытаньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні самага вядомага вязьня УЖ 15/1. Турэмная адміністрацыя й чыноўнікі Фрунзенскага выканкаму вырашылі, што Андрэй Клімаў заслугоўвае ўмоўна-датэрміновага вызваленьня. Прычынаў трымаць яго ў турме нібыта няма: Клімаў адбыў 2/3 з адмеранага яму судом шасьцігадовага тэрміну. Да таго ж адміністрацыя турмы адзначыла добрыя паводзіны асуджанага і яго не зусім добры стан здароўя. Праўда, фармальна засталіся адкрытымі пытаньні аб пагашэньні пазыкі перад дзяржавай і шчырым пакаяньні.Сам Андрэй Клімаў лічыць сябе незаконна пакараным, таму ні пра якое пакаяньне размовы няма. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі з самага пачатку паказвалі на палітычны падтэкст справы Клімава. На іх думку, шасьцгадовы тэрмін за эканамічныя злачынствы – кара за актыўную апазыцыйную дзейнасьць Клімава ў часы дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня. 
Пэнсіянэр аддаў сваю пэнсію Аляксандру Лукашэнка 11:12, 22/02/2002

Жыхар раённага цэнтру Жабiнка Генадзь Самойленка вырашыў адмовiцца ад сваёй першай пэнсii й паштовым пераводам накiраваў яе на адрас Аляксандра Лукашэнкi. Такiм чынам ён хоча прыцягнуць увагу грамадзкасьцi да жабрацкага стану беларускiх пэнсiянэраў. Пэнсiя, якая была налiчаная жыхару Жабiнкi Генадзю Самойленку, складае 68 тысяч рублёў. Спадар Самойленка, якi зусiм нядаўна дасягнуў пэнсiйнага ўзросту, лiчыць ганебным для сябе атрымлiваць такiя грошы. 
Дэлегацыя ПА АБСЭ наведае Беларусь у траўні 11:11, 22/02/2002

Адмысловая працоўная група па Беларусі ПА АБСЭ мае намер наведаць Беларусь у траўні гэтага году. Мяркуецца, што на гэты раз ейнае знаходжаньне не абмяжуецца Менскам, і дэпутаты наведаюць шэраг рэгіёнаў. Гэта, на думку кіраўніка групы Уты Цапф, дазволіць скласьці больш канкрэтнае уяўленьне аб сытуацыі ў краіне. 
АГП высяляюць зь менскага офісу 11:10, 22/02/2002

Менскія ўлады запатрабавалі ад кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі да 15 сакавіка высяліцца з арэндаваных памяшканьняў. Як паведамілі БелаПАН у прэсавай службе АГП, гарадзкія чыноўнікі тлумачаць сваё патрабаваньне тым, што будынак, у якім знаходзіцца офіс партыі, мае патрэбу ў капітальным рамонце. У сваю чаргу, прадстаўнікі АГП лічыць, што дзеяньні ўладаў парушаюць абавязацельствы дамоваў, і прыгразілі падаць скаргу ў суд. 
Беларускі калегіюм пазбавілі памяшканьня 11:09, 22/02/2002

Беларускі калегіюм вымушаны перапыніць заняткі й штотыднёвыя публічныя лекцыі ў памяшканьні бібліятэкі імя Янкі Купалы. Кіраўніцтва бібліятэкі анулявала з Калегіюмам дамову пра арэнду памяшканьня, якая дзейнічала цягам чатырох гадоў. Прычынай забароны на карыстаньне памяшканьнем дырэктарка бібліятэкі Алена Кубышкіна назвала “некарэктнае”, паводле ейных словаў, выкарыстаньне ў дзейнасьці Калегіюму назвы бібліятэкі. Іншымі словамі, дырэктарка не задаволеная, што Калегіюм, рэклямуючы свае імпрэзы, згадваў пра датычнасьць да іх бібліятэкі. 
Ліквідуецца яшчэ адна няўрадавая арганізацыя 11:08, 22/02/2002

Упраўленьне юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму падало ў суд зыскавую заяву аб зьліквідаваньні грамадзкага аб`яднаньня "Берасьцейскі абласны цэнтар падтрымкі грамадзянскіх ініцыятываў "Вежа". Прадстаўнікі арганізацыі цяпер рыхтуюцца да судовага працэсу. 
ЗША абвінавачваюць Беларусь у продажы зброі краінам-ізгоям 11:07, 22/02/2002

ЗША лічаць, што Менск прадае зброю так званым краінам-ізгоям і тэрарыстычным рэжымам, сказаў у чацьвер намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразыі Стывен Пайфэр, перадае Reuters. “Падставаю для хваляваньня ўраду ЗША зьяўяляюцца неадназарозовыя паведамленьні з крыніц, якія заслугоўваюць даверу, аб тым, што Беларусь удзельнічае ў пастаўках зброі дзяржавам ці арганізацыям, што падтрымоўваюць тэрарызм”, - заявіў Пайфэр па выніках трохдзённай місіі ў Менску. Дзярждпартамэнт таксама заявіў, што Беларусь займаецца вайсковай падрыхтоўкай асобаў, зьвязаных зь дзяржавамі-ізгоямі. У прыватнасьці, паводле словаў Пайфэра, восеньню 2001 году ў Беларусі прайшлі падрыхтоўку афіцэры з Іраку, якія праходзілі навучаньне для працы зь зянітна-ракетным комплексам С-300. “Ірак можа выкарыстоўваць гэтыя комплексы толькі з адной мэтай – зьбіваць самалёты ЗША, якія патрулююць тэрыторыю Іраку паводле мандату ААН”, -- сказаў Пайфэр. 
АБСЭ ігнаруе “палатку” 11:06, 22/02/2002

Беларускія ўлады выказалі пратэст супраць таго, што “нацыянальны сход” ня мае магчымасьці прымаць удзел ў працы Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі па бясьпецы й супрацоўніцтву ў Эўропе (ПА АБСЭ). Заяву адносна гэтага ад імя беларускага ўраду зрабіў сталы прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ Віктар Гайсёнак на паседжаньні Сталай рады гэтай арганізацыі. Як адзначыў на брыфінгу ў беларускім замежнапалітычным ведамстве прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка, падставаю для заявы паслужыў той факт, што дэлегацыя беларускага парлямэнту не атрымала афіцыйнага запрашэньня на сэсію ПА АБСЭ, якая праходзіць 21-22 лютага ў Вене. 
Польшча нагадала Беларусі пра парушэньні правоў чалавека 11:05, 22/02/2002

У Харкаве, у час спатканьня кіраўнікоў радаў бясьпекі Беларусі, Расеі, Польшчы і Ўкраіны, прадстаўнікі Польшчы нагадалі сваім беларускім калегам пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. “Мы зьвярнулі ўвагу кіраўніка Рады бясьпекі Беларусі на парушэньні правоў чалавека ў ягонай краіне”, - паведаміў учора журналістам кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі адміністрацыі прэзыдэнта Польшчы Марэк Сівец. Кіраўнік польскага бюро нацыянальнай бясьпекі таксама дадаў, што ліст ад жонак зьніклых беларускіх палітыкаў, які атрымаў прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі ў студзені, не застанецца без адказу. 
Суд у Варшаве пастанавіў не выдаваць Вацлава Маркевіча Беларусі 11:04, 22/02/2002

Варшаўскі акруговы суд агучыў рашэньне ў справе былога буйнога беларускага бізнэсоўца Вацлава Маркевіча. Суд пастанавіў, што выдача Маркевіча ў Беларусь недапушчальная. Абаронцы Вацлава Маркевіча сьцьвярджалі, што справа іхнага кліента мае відавочную палітычную афарбоўку, бо справа аб двухмільённым крэдыце, які, як сьцьвярджае беларуская пракуратура, Маркевіч атрымаў шляхам махлярства была закрыта гаспадарчым судом яшчэ пяць гадоў таму, а ў 2000 годзе абвінавачаны нават афіцыйна адмовіўся ад беларускага грамадзянства, і ўлады ня мелі да яго прэтэнзыяў. Паводле словаў абаронцаў, дзеяньні беларускай пракуратуры ў справе экстрадыцыі Вацлава Маркевіча цесна зьвязаныя з арыштамі кіраўнікоў прадпрыемстваў і бізнэсоўцаў, якія ў апошні час сталі ў Беларусі частымі. 
Улада прадэманстравала залежнасць ад яе судоў 11:03, 22/02/2002, yusnews.info

У Менску й Менскай вобласьці працуе створаная распараджэньнем Лукашэнкі камісія, якая правярае эфэктыўнасьць працы судоў, пракуратуры, адвакатуры, міліцыі і Міністэрства юстыцыі. Асноўная колькасьць членаў камісіі -- прадстаўнікі выканаўчай улады. Юрысты лічаць, што такім чынам створаны прэцэдэнт парушэньня афіцыйнай уладай прынцыпу незалежнасьці судоў і адвакатуры. 
Чыя зборная “даражэй”? 11:02, 22/02/2002, NHL.ru

Пра сэнсацыйную перамогу беларусаў над швэдамі гаварылася ўжо больш чым дастаткова. Засталося толькі параўнаць гадавыя бюджэты двух зборных. Аказваецца, каштарысная ведамасьць скандынаваў у 45 разоў большая за даходы беларускіх хакеістаў! А будучыя супернікі нашых бліжэйшых суседзяў, канадцы, “даражэй” за спартоўцаў Уладзімера Крыкунова ажно ў 125 разоў. 
У Беларусі зьніжаныя аптовыя кошты на нафтапрадукты 11:01, 22/02/2002

У Беларусі зьніжаныя аптовыя кошты на нафтапрадукты. Як паведамілі ў чацьвер РІА “Новости” у дзяржаўным канцэрне “Белнафтахім”, гэта адбылося з-за зьніжэньня для Беларусі кошту расейскай нафты. У выніку аптовы кошт на бэнзін А-76 патаньнеў на 4 адсоткі, мазуту – на 10 адсоткаў. Кошт дызельнага паліва на гэтыя віды паліва застаўся бяз зьменаў.На сёньня ў Беларусі кошт аднаго літру бэнзіну А-76 у розьнічным продажы ў пераліку на даляры складае 29 цэнтаў, АІ-92 – 34 цэнты, АІ-95 – 40 цэнтаў. 
|  |
|