Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Улада прадэманстравала залежнасць ад яе судоў 11:03, 22/02/2002, yusnews.info
У Менску й Менскай вобласьці працуе створаная распараджэньнем Лукашэнкі камісія, якая правярае эфэктыўнасьць працы судоў, пракуратуры, адвакатуры, міліцыі і Міністэрства юстыцыі. Асноўная колькасьць членаў камісіі -- прадстаўнікі выканаўчай улады. Юрысты лічаць, што такім чынам створаны прэцэдэнт парушэньня афіцыйнай уладай прынцыпу незалежнасьці судоў і адвакатуры.
Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, выступаючы напярэдадні адкрыцьця зьезду судзьдзяў на Беларускай тэлевізіі, падзякаваў Лукашэнку за стварэньне камісіі. В.Сукала выказаў спадзяваньне, што вынікам працы камісіі стане дапамога ў выглядзе нейкіх рэкамендацыяў наконт паляпшэньня працы судоў і будуць зробленыя аргвысновы. Былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суда Валеры Фадзееў лічыць гэта юрыдычным нонсэнсам.
"Справа ў тым, што аб`ектыўнасьць дзейнасьці судоў вызначаецца ў межах самой судовай сыстэмы -- якраз праз судовы кантроль і нагляд, -- заявіў В.Фадзееў. -- Калі, напрыклад, суд першай інстанцыі разгледзеў нейкую справу, а суд вышэйшай разглядае яе ў парадку абскарджваньня і выносіць нейкае рашэньне. Якую ж эфектыўнасьць дзейнасьці судоў будзе вывучаць гэтая камісія?"
Наконт кампэтэнцыі прадстаўнікоў выканаўчай улады ў пытаньнях дзейнасьці судоў Валеры Фадзееў адзначыў, што ня бачыць ва ўсім законе такіх паўнамоцтваў выканаўчай улады.
"Калі б камісія вывучала, як суды трацяць дзяржаўныя сродкі, выдаткаваныя на іх утрыманьне, то гэта мне яшчэ зразумела. А тут я чагосьці не разумею, -- заявіў В.Фадзееў. І дадаў: " Я ведаю, што ёсьць Вярхоўны суд, які абагульняе судовую практыку і прымае пастановы пленуму. Вышэйшая судовая інстанцыя ў сыстэме агульных судоў можа, напрыклад, адмяніць нейкі прысуд і г.д. Але ж гэта суд, судовая ўлада. А тут -- выканаўчая ўлада".
Гары Паганяйла, які ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкім дэкрэтам № 12 быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі, лічыць, што цяпер у рэшце рэшт улады на афіцыйным узроўні прадэманстравалі залежнасьць судоў і адвакатуры.
"Cтвораная напярэдадні зьезду судзьдзяў камісія з прадстаўнікоў выканаўчай улады яшчэ раз пацьвярджае, што пра незалежнасьць судоў ня можа быць і гаворкі. Улада адкрыта ігнаруе агульнавядомыя прынцыпы няўмяшальніцтва ў дзейнасьць адвакатуры. У гучных працэсах выступленьні адвакатаў кантралююцца. Адвакаты атрымліваюць вымовы, могуць пазбавіцца права на прафэсію пры чарговай атэстацыі на атрыманьне ліцэнзіі. Ужо тады, у 1998 годзе, калі зьявіўся 12-ты дэкрэт, казалі, што адвакаты пачалі адзяржаўлівацца. Адвакатура перастае быць самастойным і незалежным інстытутам. Яна падпадае пад кантроль выканаўчай улады. Дарэчы, закон прадугледжваў з дазволу прэзыдыумаў адкрыцьцё прыватных адвакацкіх бюро. Але за ўвесь час існавання дэкрэта ніводнаму адвакату не дазволілі выйсці з калегіі і заснаваць прыватную адвакацкую кантору. Сам факт прызначэння такой камісіі і такіх праверак даказвае парушэнне прынцыпу незалежнасці судоў і адвакатуры. Цяпер можна адкрыта казаць, што суды ўключаныя ў рэпрэсіўны механізм дзяржавы -- дзяржавы таталітарнай і недэмакратычнай. Цяпер адвакатура жадае яна таго, ці не -- падпарадкоўваецца правілам гэтай гульні", -- заявіў Г.Паганяйла.