Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Улады запалохваюць і шантажуюць сем’і Ўгляніцы і Жарнасека 11:14, 22/02/2002
У дачыненьні да сям’і актывіста “Края” Андрэя Жарнасека й былога афіцэра КДБ Генадзя Ўгляніцы, якiя абвінавацілі беларускія ўлады ў дачыненьні да зьнікненьня палітыкаў і журналістаў, ўлады практыкуюць шантаж і запалохваньне. Нагадаем, што Угляніца і Жарнасек ужо атрымалі палітычны прытулак у Нарвэгіі, іх сем’і дагэтуль знаходзяцца ў Беларусі.
“Усё чакалі, ці будзе рэакцыя ўладаў на наш ад’езд, на тыя заявы, што мы рабілі. І яе нібыта не было. Вось, нарэшце, яна зьявілася. У нашых сем’яў спрабуюць любым шляхам адабраць дакумэнты, каб яны не маглі выехаць з краіны. Гэта тычыцца і маёй жонкі, і жонкі Генадзя. Маю жонку выклікалі ў АВІР і заявілі: “Ваш пашпарт несапраўдны. Здайце яго, мы зробім Вам сапраўдны, але бяз права выезду”. Жонцы Генадзя ўвогуле заявілі, што зробяць ёй пашпарт ці праз паўгады, ці праз год, ці калі рэжым памяняецца. Але сёньня мы атрымалі інфармацыю, што рыхтуецца замах ужо на нашае жыцьцё тут, у Нарвэгіі. Улады не пакінулі нас па-за ўвагаю. Я ня ведаю, якім чынам яны зьбіраюцца гэта рабіць, бо гэта непрыкрыты тэрарыстычны акт. Дакладна было сказана, што людзі ўжо павінныя былі паехаць, і яны выканаюць загад. Гэта паведаміў чалавек, які сустрэўся з маёй жонкаю. Ён мае адносіны да пэўных сілавых структураў”, - заявіў Жарнасек у інтэрвію Радыё Свабода.
Для ўдакладненьня інфармацыі, якую ён распавёў, Радыё Свабода зьвязалася зь яго жонкаю, Тацянаю Жарнасек, якая жыве ў Менску. Яна распавяла наступнае:
“Са мною пажадаў сустрэцца адзін чалавек, я ня буду называць, хто ён. Ён сказаў, што майму мужу пагражае небясьпека, што гэтая небясьпека сыходзіць ад чалавека, якога ён ведае, і які знаходзіцца ў ягоным акружэньні. Я ня ведаю, што ён мусіць зрабіць і як, але мне было сказана, што гэты чалавек мусіць выканаць нейкае заданьне, пасьля чаго і сам будзе ліквідаваны. Літаральна так мне было сказана. Горш за ўсё, што я ня ведаю, ад каго зыходзіць гэтая небясьпека для Андрэя, калі ня ведаеш, каму можна давяраць і ці давяраць тым людзям, якіх лічыў сябрамі. Я не выключаю, што гэта было сказана менавіта для таго, каб пасеяць гэты недавер і страх. А можа быць празь мяне спрабуюць дамагчыся ад Андрэя абвяржэньня фактаў пра зьніклых людзей, ці хочуць проста напалохаць – я ня ведаю”.