Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Былы галоўны доктар сталічнай лякарні трапіў за краты 11:15, 25/02/2002, «БДГ»
Суд Маскоўскага раёну сталіцы асудзіў былога галоўнага доктара 4-й гарадзкой клінічнай лякарні Мікалая Круцьянава да пяці гадоў пазбаўленьня волі і прызнаў яго віноўным у хабарніцтве й крадзяжы маёмасьці шляхам злоўжываньня службовым становішчам. Галоўны доктар Мікалай Круцьянаў быў затрыманы супрацоўнікамі АБЭП Маскоўскага РУУС 21 чэрвеня 2001 году адразу пасьля правядзеньня так званага апэратыўнага экспэрымэнту па ўручэньні яму 500 даляраў дырэктарам унітарнага прадпрыемства “Слэв”.
Гэтае УП арэндавала частку памяшканьняў харчовага блёку лякарні для вытворчасьці макаронавых вырабаў. Арэндная дамова была падпісана яшчэ пры папярэднім галоўным доктары ўвесну 1999 году, і тады стасункі паміж бакамі разьвіваліся нармальна. Сытуацыя зьмянілася пасьля прызначэньня галоўным доктарам 4-й ДКЛ Мікалая Круцьянава. Адміністрацыя прыватнага прадпрыемства пачала стала канфліктаваць з адміністрацыяй лякарні. Прадпрымальнікі абураліся неабгрунтаванымі й частымі (на іхны погляд) праверкамі збоку службовых асобаў лякарні. У супрацьвагу гэтаму адміністрацыя лякарні сьцьвярджала й сьцявярджае, што праверкі праводзіліся законна ў адказ на парушэньні дамовы арэнды збоку прыватных асоб, а таксама з прычыны нанясеньня імі ўрону будынку.
Канфлікт ускладніўся ў канцы 2000 году, калі прадпрыемства “Слэв” спыніла ўносіць плату за арэнду памяшканьняў і камунальныя паслугі і спасылалася на адпаведны ўказ прэзыдэнта, на падставе якога фактычна займаемая прыватнымі асобамі пошча была памножаная на павышаны каэфіцыэнт 1,5.
Паводле зыску пракуратура Маскоўскага раёну сталіцы, пададзеным у інтарэсах 4-й ГКЛ, вырашэньнем канфліктанай сытуацыі заняўся гасападрчы суд. Паралельна супрацоўнікі АБЭП Маскоўскага РУУС пачалі распрацоўку галоўнага доктара лякарні.
У чэрвені 2001 году дырэктар УП “Слэв” звярнулася ў міліцыю з заявай, дзе ўказала, што пасьля праверак ейнага прадпрыемства адміністрацыяй лякарні яна неднаразова давала хабар галоўнаму доктару. Дырэктар УП сказала таксама, што Мікалй Круцьянаў на дадзены момант патрабуе ад яе Usd 500. Супрацоўнікі міліцыі ўручылі заявіцелю пазначаныя грошы і адправілі яе да галоўнага доктара, які, паводле наступных падзеяў, грошы ўзяў.
Сьледзтва па справе цягнулася больш за тры месяцы. Правялі праверку гаспадарчай дзейнасьці лякарні. У выніку гадоўнаму доктару акрамя хабарніцтва былі дадакова прад’яўленыя абвінавачваньні ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага арт.210 ч.3 УК РБ (“Крадзеж шляхам злоўжываньня службовым становішчам, зьдзейсненьнае ў буйным памеры”). Сьледчыя выявілі, што замоўлены лякарняй набор корпуснай мэблі па дзіўным складзе абставінаў апынуўся ў кватэры галоўнага доктара, а ўлічаная на балянсе 4-й ГКЛ лядоўня трапіла да ягонай дачкі.
У час папярэдняга сьледзтва Мікалай Круцьянаў сваю віну ў зьдзяйсьненьні злачынстваў катэгарычна адмаўляў. Ён сьцвярджаў, што ніякіх хабараў ня браў, а мэблю й лядоўню перавёз да сябе й дачкі для лепшага захаваньня. Такія тлумачэньні на сьледчых не падзейнічалі. Аднак па сканчэньні расьсьледаваньня ў сувязі з благім станам здароўя абвінавачанага пракуратура зьмяніла яму меру пакараньня з заключэньня пад вартай на хатнюю адрэсу.
Практычна адначасова са сканчэньнем папярэдняга сьледзтва па крымінальнай справе скончыўся разгляд спрэчкі паміж УП “Слэв” і 4-ай ГКЛ у Гаспадарчым судзе г. Менску. Па сутнасьці, адміністрацыя лякарні выйшла з канфлікту пераможцам. Згодна з пастановай касацыйнай інстанцыі гаспадарчага суда г. Менску дамова арэнды паміж прадпрыемствамі была разарванай. Суд пастанавіў таксама спагнаць з УП “Слэв” на карысьць 4-й ГКЛ 35 645 642 беларускіх рублёў.
Судовае ж сьледзтва па абвінавачаньні галоўнага доктара ў хабарніцтве й крадзяжы, якое было ініцыянаванае дырэктарам УП “Слэв”, можна сказаць, скончылася перамогай апошняй. Днямі суд Маскоўскага раёну, Мікалай Круцьянаў прызнаны віноўным у зьдзяйсьненьні двух злачынстваў і асуджаны да пяці гадоў пазбаўленьня волі.