 | ПАЛIТЫКА |  |

Пракуратура пакідае Міхаіла Лявонава без адваката 11:18, 26/02/2002

Пракуратура ўчыняе спробы адхіліць адваката Мікалая Шаліму ад абароны былога дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава. Напярэдадні адвакату забаранілі сустрэчу з падабаронным і спаслаліся на дакумэнт з Генэральнай пракуратуры аб адхіленьні яго ад абароны. Мікалай Шаліма заяўляе, што, калі Міхаіл Лявонаў пагадзіцца з адхіленьнем абаронцы, ён адыйдзе ад справы, калі не, будзе патрабаваць ад сьледчых тлумачэньняў, на якой падставе адхіляюць ад абароны былога дырэктара МТЗ. “Вырашаць, хто будзе абаронцам – справа падабароннага”, - сказаў Мікалай Шаліма. Высьвятліць сытуацыю ў прэсавым цэнтры Пракуратуры Рэспублікі Беларусь ня здолелі. Паводле словаў начальніка прэсавага цэнтра Аляксея Таранава, ніякіх афіцыйных камэнтароў адносна гэтага пакуль няма. 
Нямецкая выведка: Багдад зноў стварае ядзерную зброю 11:17, 26/02/2002

Ірак працуе над стварэньнем новай ядзернай праграмы. Паводле ацэнкі экспэртаў з Фэдэральнай выведнай службы Нямеччыны (BND), для дасягненьня ўзроўню 1990 году іракскім ядзершчыкам спатрэбіцца ад 3 да 5 гадоў. На дадзены момант інтэнсіўныя аднаўленчыя працы праходзяць на аб’екце Аль-Каім. Акрамя таго, Ірак закупае кампаненты, якія маюць адносіны да стварэньня ядзерных боепрыпасаў, і актыўна займаецца распрацоўкамі біялягічнай зброі. Ніякіх сьведчаньняў аб новых дасьледаваньнях Багдаду ў галіне хімічных узбраеньняў нямецкія выведчыкі не прыводзяць. Матэрыялы з сакрэтнага дакладу BND цытуе нямецкая газэта Berliner Zeitung, якая ў сваю чаргу спасылаецца на іншае выданьне - Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung. 
WASHINGTON POST: Бут прадаваў “Аль-Кайдзе” зброю перад 11 верасьня 11:16, 26/02/2002

Амэрыканскія і эўрапейскія сьледчыя дапыталі затрыманага ў Бэльгіі Санджывана Рупра. Ён пазраваецца ў датычнасьці да сеткі пад кіраўніцтвам расейца Віктара Бута, які займаўся пастаўкамі зброі тэрарыстычным арганізацыям. Пра гэта паведамляе ў аўторак амэрыканская The Washington Post. Спасылаючыся на адмысловыя даклады ААН, газэта піша, што Рупра заявіў аб тым, што Бут пастаўляў зброю баевікам “Аль-Кайды” напярэдадні тэрактаў 11 верасьня. Сам Рупра таксама быў адным з арганізатараў нелегальнай сеткі. Раней сьледчыя лічылі, што пастаўкі зброі Бутам талібам адносяцца да больш раньняга пэрыяду. Сьледчыя таксама высьвятлілі, што сетка пад кіраўніцтвам былога савецкага афіцэра пастаўляла зброю баевікам тэрарыстычнай групы “Абу Саяф”, што дзейнічала на Філіпінах. Газэта піша, што Буту удаецца пастаўляць самыя сучасныя сыстэмы ўзбраеньня па ўсім сьвеце, парушаючы эмбарга на пастаўку зброі. 
Малдоўская апазыцыя мае намер змагацца да зьвяржэньня ўраду краіны 11:15, 26/02/2002

Вышэйшая судовая палата Малдовы прызнала незаконнымі акцыі пратэсту, што адбываюцца ў Кішынёве. Такое рашэньне было вынесенае позна ўвечары 25 лютага, пасьля працяглага паседжаньня вышэйшай судовай інстанцыі рэспублікі, паведамляе Интерфакс-Украина. 
Юшчанка: украінцы павінны аб’ядноўвацца, каб стаць эўрапейскай нацыяй 11:14, 26/02/2002

Грамадзне Ўкраіны, калі яны “хочуць стаць вышэй за абставіны й стаць эўрапейскай нацыяй, павінны быць аб’яднанымі і не падзяляцца па веры, мове ці месцу жыхарства”, -- заявіў лідэр блёку “Наша Ўкраіна” Віктар Юшчанка на прэсавай канфэрэнцыі ў Севераданецку Луганскай вобласьці. Як перадае карэспандэнт УНИАН, на пытаньне журналістаў, як успрымуць лугачане ідэі блёку “Наша Украіна”, Юшчанка сказаў: “Складанасьць нашай праграмы менавіта ў тым, як аб’яднаць лугачанаў з іншымі выбаршчыкамі, якія жывуць ў іншых рэгіёнах, і перканаць усіх, што няма розьніцы ў іхных ідэйных поглядах”. 
У Заходняй Украіне большасьць галасоў атрымае “Наша Ўкраіна” 11:13, 26/02/2002, УНИАН

Большасьць галасоў выбаршчыкаў у Заходняй Украіне атрымае выбарчы блёк “Наша Ўкраіна”. Пра гэта заявіў народны дэпутат Украіны, галава партыі “Рэформы й парадак”, кандыдат у народныя дэпутаты па сьпісе “Нашай Украіны” Віктар Пінзянік сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Івана-Франкоўску. 
Супраць блёку “Наша Ўкраіна” актыўна выкарыстоўваецца адмінрэсурс 11:12, 26/02/2002

Супраць блёку Віктара Юшчанкі “Наша Ўкраіна” актыўна выкарыстоўваецца адмінрэсурс, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Ільвове лідэр Украінскага народнага руху Юры Кастэнка. Як перадае карэспандэнт УНИАН, паводле словаў Кастэнкі, ва ўсходніх рэгіёнах дзяржслужачых запужваюць, патрабуючы пэўных вынікаў на парлямэнцкіх выбарах і пагражаюць вызваленьнем. Ён паведаміў, што ў Буску на Ільвоўшчыне былі груба зьнічтожаныя ўсе рэклямныя шчыты “Нашай Украіны”. 
Захацеў расеец нейкага саюзу 11:11, 26/02/2002

Так званы саюз Расеі й Беларусі быў і застаецца паняцьцем абстрактным. У гэтым і здолеў пераканацца растовец Сяргей Кудрын, вымушаны судзіцца з растоўскай мытняй адносна афармленьня аўтамабілю, вывезенага зь Беларусі. Грамадзянка Беларусі, як прадавала ў Віцебску Кудрыну “Mercedes-Benz” уручыла яму дакумэнты, згодна якіх аўтамабіль быў аформлены ў мытных адносінах на тэрыторыі Беларусі. 20 чэрвеня 2000 году Кудрын зьвярнуўся ў растоўскую мытню з просьбай выдаць яму пашпарт на машыну й пасьведчаньне на ейны вываз, каб паставіць аўтамабіль на ўлік ў ГИБДД. Аднак супрацоўнікі мытні адмовіліся выдаць гэтыя дакумэнты без правядзеньня мытнага афармленьня. 
На Віцебшчыне адключаныя ад электраэнэргіі буйнейшыя прадпрыемствы 11:10, 26/02/2002

93 прадпрыемствы Віцебскай вобласьці адключаныя ад электраэнэргіі за пазыкі па ейнай аплаце. Агульная сума запазычанасьці спажыўцоў перад энэргетыкамі вобласьці складае 127,5 мільярды рублёў. Як паведамляе “Витебский курьер”, сярод прадпрыемстваў такія гіганты, як “Даламіт”, аршанскі ільнокамбінат, станкабудаўнічы завод імя Камінтэрну. Яшчэ 854 спажыўцоў атрымоўваюць электраэнэргію ў абмежаваных аб’ёмах. Асабліва складаная сытуацыя ў сельскай гаспадарцы, за мінулы год толькі 8 гаспадарак вобласьці здолелі цалкам разьлічыцца за электрычнасьць. Пераважная большасьць калгасаў і саўгасаў наогул ня плоцяць за энэргію, або робяць гэта сымбалічна. Таму ў агуле па вобласьці гаспадаркі аплацілі ня больш 6,8% сум, прадстаўленых да аплаты энэргетыкамі. 
Заробак усё зьмяншаецца 11:09, 26/02/2002

Паводле дадзеных статыстыкі й аналізу Беларусі, у студзені заробак у краіне зьменшыўся са 108 даляраў ЗША да 100 даляраў ЗША. Сярэднемесяцовы заробак зьменшыўся з 174 тысячаў рублёў да 166 тысячаў. Улічваючы інфляцыю й рост коштаў, беларусы ў новым годзе сталі больш беднымі на 10%. 
У калгасе “Искра” заробак выдаецца талонамі 11:08, 26/02/2002

У калгасе “Искра” Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці частка заробку за сьнежань выдалі талонамі, якія варта атаварыць ў тэрмін да 1 сакавіка. У праўленьні калгасу пацьвердзілі, што 30% заробку за сьнежань сяльчане атрымалі талонамі. Абмяняць іх можна на прадукты ў мясцовай краме. Адзін экзэмпляр талонаў (ці ведамасьць, як яшчэ называюць гэтыя паперкі) знаходзіцца ў калгасьніка, другі - у прадаўца. Пры атаварваньні прадавец робіць адзнаку з талоне пакупніка, апошні, у сваю чаргу, расьпісваецца ў ведамасьці, якая застаецца ў краме. 
Пэнсіянэры перакваліфікаваліся ў наркадзяльцоў 11:07, 26/02/2002

З-за жабрацкай пэнсіі, сталыя жыхары Гарадзенскай вобласьці перакваліфікоўваюцца ў наркадзяльцоў. Летась некалькі дзясяткаў пэнсіянэраў былі прыцягнутыя да адказнасьці за вырошчаваньне маку, шэсць чалавек – пакараныя пазбаўленьнем волі на тэрмін да паловы году. Супрацоўнікі міліцыі выявілі 15 гэктараў плантацыяў маку, на якіх зьнічтожылі каля 13 тонаў наркаточынага зельля. 
СУД ЗА МАСКІ ЛУКАШЭНКІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА 11:06, 26/02/2002

Беспрэцэндэнтны для Беларусі суд над чатырма актывістамі руху ЗУБР Міхаілам Кісялёвым, Максімам Патапчыкам, Аляксандрам Паўловічам, Дзянісам Сенакосавым і Зьмітром Шалашковым будзе працягвацца сёньня ў Шклоўскім раённым судзе. Пяцёра хлопцаў могуць сесьці на тры гады ў турму за тое, што яны насілі маскі апошняга ў Эўропе дыктатара. Улады перасьледуць “зуброў” са жніўня мінулага году, калі яны правялі пэрфоманс з сэрыі “Час убіраць” ў вёсцы Гарадзец, дзе Аляксандар Лукашэнка працаваў дырэктарам саўгасу. Хлопцы апранулі вусатыя маскі й наведалі шклоўскія крамы, дзе правялі “перадвыбарчую агітацыю” сярод пакупнікоў: абяцалі ім заробак у 100 даляраў, зьніжэньне коштаў, кляліся перасаджаць ўсіх махляроў, бізнэсоўцаў і ўсіх, хто ня будзе галасаваць за земляка. Пэрфоманс быў спынены супрацоўнікамі міліцыі, якія ў вусатых масках пазналі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку. 
Дзейны старшыня АБСЭ заклапочаны “тупіком”, у якім апунулася КНГ АБСЭ ў Беларусі 11:05, 26/02/2002

У сваёй прамове на зімовай сэсіі Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ ў Вене партугальскі міністар замежных справаў Гаймэ Гама, які сёлета ёсьць дзейным старшынём АБСЭ, двойчы закранаў беларускую тэму: “У Беларусі — пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў і важнай ролі, якую адыграла АБСЭ, — мы зараз разглядаем шляхі кансалідацыі дзейнасьці Кансультацыйна-назіральнае групы, новага кіраўніка якое мы жадаем хутка прызначыць. Іншыя ўстановы, кшталту ўпаўнаважанага ў пытаньнях свабоды сродкаў масавае інфармацыі, таксама маюць важную ролю там. Мы лічым, што супрацоўніцтва паміж Кансультацыйна-назіральнай групай і БДІПЧ у ажыцьцяўленьні некалькіх праектаў ёсьць вельмі пазытыўным”, - заявіў дзейны старшыня АБСЭ. 
Сытуацыя вакол КНГ АБСЭ ў Менску абмяркоўваецца ў Брусэлі 11:04, 26/02/2002

Пытаньне прызначэньня новага кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі выйшла на ўзровень усяго Эўразьвязу. Супрацоўнік партугальскага МЗСу, які прасіў не называць ягонага імя, паведаміў Радыё Свабода наступнае: “Ідуць дыскусіі ў Брусэлі, каб сфармаваць найлепшы падыход да гэтай праблемы. Прызначэньне кіраўніка ня мусіць зьвязвацца з мандатам групы, як беларускія ўлады гэта спрабуюць рабіць. Партугалія мае два капялюшы — вядома ж, сёлетняга старшыні АБСЭ, але й ня варта забываць, што й сябра Эўразьвязу таксама. Таму зараз у Брусэлі абмяркоўваецца, як лепш падысьці да беларускага ўраду з гэтай праблемай”. Нагадаем, што тры тыдні таму іншы супрацоўнік гэтага ведамства Луіш Кабаса заявіў, што праз некалькі тыдняў, калі пытаньне з кіраўніком КНГ АБСЭ ў Менску вырашанае ня будзе, дзейны старшыня АБСЭ можа пачаць распрацоўку новай стратэгіі паводзінаў да Беларусі. 
Валеры Ігнатовіч адмовіўся ад апошняга слова 11:03, 26/02/2002

Завершыліся судовыя спрэчкі на працэсе па справе аб выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. З апошнім словам выступілі ўсе абвінавачаныя, акрамя былога “алмазаўца” Валерыя Ігнатовіча. Валерыя Ігнатовіча прынесьлі ў судовую залю на насілках і прапанавалі выступіць з апошнім словам, але ад прамовы ён адмовіўся. Тры ягоныя саўдзельнікі вінаватымі сябе не прызналі. Паводле судзьдзі Сіманава, прысуд прагучыць не раней як праз два тыдні. Дакладны дзень ня быў названы. Нагадаем, пракурор запрасіў для ўсіх чатырох абвінавачаных сьмяротнае пакараньне. 
Міліцыянт-садыст атрымаў чатыры гады турмы 11:02, 26/02/2002

Цэнтральны суд Менску пакараў былога опэрупаўнаважанага Цэнтральнага ўпраўленьня міліцыі Сяргея Шамалава пазбаўленьнем волі на чатыры гады за зьбіцьцё падазраванага. Опэрупаўнаважаны Сяргей Шамалаў пакараны за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Летась 28 траўня міліцыянт Шамалаў, каб дабіцца прызнаньня ў злачынстве, моцна зьбіў гумавай дубінкай падазраванага Ігара Жыцька. Судмэдэкспэртыза засьведчыла, што ў выніку атрыманых траўмаў у спадара Жыцька пагоршыўся стан здароўя. 
У падтрымку зуброў 11:01, 26/02/2002, Die Deutsche Welle

Каля будынку Рэйхстага й беларускае амбасады ў ФРГ прайшлі акцыі пратэсту супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Акцыі былі арганізаваныя нямецкай сэкцыяй міжнароднай арганізацыі Amnesty International. Падставаю паслужыла першая гадавіна ўтварэньня ў Беларусі моладзевага праваабарончага руху ЗУБР. У акцыях пратэсту, якія праходзілі ня толькі ў Нямечычне, але таксама ў Новай Зяляндыі й Швэйцарыі, прынялі ўдзел каля дваццаці школьных і студнцкіх груп, заклапочаных сытуацыяй ў Беларусі. У Бэрліне каля Рэйхстага сабралася чалавек пятнаццаць пад чырвоным плякатам, які выказваў салідарнасьць Amnesty International зь беларускім рухам ЗУБР. Плякат трымала Марэкэ Лайэр са студэнцкай групы Гумбальдскага ўнівэрсітэту: “Мы прыйшлі сюды да Рэйхстага, каб зьвярнуць увагу дэпутатаў на сытуацыю ў Беларусі. Нікога ў Нямеччыне не хвалюе, што адбываецца ў рэспубліцы, краіна маленькая, якая не адносіцца да прыярытэтаў нямецкай замежнай палітыкі. Мы лічым за неабходнае падтрымаць моладзевы рух у Беларусі, які выступае за дэмакратызацыю краіны, захаваньне правоў чалавека й законаў наогул. Бо Лукашэнка стварыў у краіне квазі-дыктатуру”. 
|  |
|