|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
РЭЖЫМ ЛУКАШЭНКІ БУДЗЕ ПАКАРАНЫ САНКЦЫЯМІ ЗА ГАНДАЛЬ ЗБРОЯЙ 11:09, 28/02/2002 На мінулым тыдні намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Стывен Пайфэр, які знаходзіўся ў Менску з трохдзённым візытам, паведаміў, што Вашынгтон мае інфармацыю аб экспарце зброі зь Беларусі ў абыход дзейных рэзалюцыяў ААН. Паводле словаў дыплямата, амэрыканскім уладам таксама вядома аб падрыхтоўцы беларускімі спэцыялістамі іракскіх разьлікаў для працы зь зянітна-ракетнымі комплексамі С-300. “Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовага кіраўніцтва Пайфэр заявіў аб недапушчальнасьці паставак Беларусяй зброі краінам, заўважаных у судзеяньні і распальваньні рэгіянальных канфліктаў”, -- гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту ЗША. ЗША лічаць, што Менск прадае зброю так званым краінам-ізгоям і тэрарыстычным рэжымам, сказаў Пайфэр. “Падставаю для хваляваньня ўраду ЗША зьяўляюцца неаднаразовыя паведамленьні з крыніц аб тым, што Беларусь удзельнічае ў пастаўках зброі дзяржавам ці арганізацыям, якія падтрымліваюць тэрарызм”, -- заявіў Пайфэр па выніках трохдзённай місіі ў Менску. Місія Дзярждэпартамэнту на сустрэчах з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі Уралам Латыпавым, міністрам абароны Леанідам Мальцавым, міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым заклікала Менск спыніць пастаўкі ўзбраеньняў краінам, якія падтрымліваюць тэрарызм, і іх магчымым пасярэднікам, а таксама зрабіць празрыстым працэс продажу ўзбраеньняў. Дзярждэпартамэнт таксама заявіў, што Беларусь займаецца ваеннай падрыхтоўкай асобаў, зьвязаных зь дзяржавамі-ізгоямі. У прыватнасьці, паводле словаў Пайфэра, увосень 2001 году ў Беларусі прайшлі падрыхтоўку афіцэры зь Іраку, якія праходзілі навучаньне для працы зь зянітна-ракетным комплексам С-300. “Ірак можа выкарыстоўваць гэтыя комплексы толькі з адной мэтай: зьбіваць самалёты ЗША, якія патрулююць тэрыторыю Ірака згодна мандату ААН”, -- сказаў Пайфэр. Беларусь, якая зьяўляецца адным з буйных пастаўшчыкоў зброі на сусьветным рынку катэгарычна адмаўляе датычнасьць да пастаўкі ўзбраеньняў тэрарыстычным рэжымам ў абыход санкцыяў ААН. Аляксандар Лукашэнка, якога ЗША пасьля выбараў 2001 году назвалі “апошнім дыктатарам у Эўропе”, кажа, што насуперак палітычнай ізаляцыі Захаду падтрымлівае шчыльныя эканамічныя й палітычныя кантакты зь Іракам, Лібіяй, іншымі краінамі блізусходняга рэгіёну, Кубай. Лукашэнка абменьваецца лістамі з прэзыдэнтам Іраку Садамам Гусэйнам і ў канцы 2000 году чакаў лібійскага лідэра Муамара Кадафі з афіцыйным візытам, які быў адкладзены. Паводле словаў Пайфэра, Менск пасьля перамогі на выбарах Лукашэнка праігнараваў заклікі Захаду да дэмакратычных рэформаў. Палітычная сытуацыя ў краіне пагоршылася.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|