Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ААН раскрыла існаваньне гіганцкай кантрабанднай сеткі продажу зброі 11:16, 28/02/2002, Le Monde
У час расьследаваньня, якое праводзіла ААН, Злучаныя Штаты і эўрапейскія краіны, была раскрыта гіганцкая сетка нелегальнага гандлю зброяй. Зброя пастаўлялася з Афрыкі ў Аўганістан праз Філіпіны. Цэнтральнай фігурай у гэтым кантрабандным гандлі зьяўляецца былы афіцэр расейскіх ВПС Віктар Анатольевіч Бут. Паводле дадзеных “Sunday Times” ад 17 лютага. “Ён быў асноўным пастаўшчыком зброі й тэхнікі для сеткі бэн Ладэна ў Аўганістане”.
“Washington Post” ад 26 лютага піша, што сьледчыя, якія займаюцца ліквідацыяй сеткі Віктара Бута, маюць інфармацыю, якую яны атрымалі ад аднаго супрацоўніка, арыштаванага 8 лютага ў Бэльгіі, Саджывана Рупра. За тры гады сьледчыя спрабавалі супрацьпаставіць дзейнасьць былога афіцэра расейскай арміі. Згодна сьведчаньням, апублікаваным італьянскай газэтай “La Stampa”, гэтая сетка здольная забясьпечыць дасканалай зброяй самыя адсталыя краіны сьвету. Правая рука Бута, Санджыван Рупра, настойвае на тым, што яны ня мелі стасункаў з “Аль-Каідай”. Аднак, вынікі расьсьледаваньня сьведчаць аб тым, што зброя, хутчэй за ўсё, прадавалася і дастаўлялася ў Аўганістан да тэрактаў 11 верасьня.
Віктар Бут да 1997 году пражываў у Бэльгіі і вядомы тым, што парушаў эмбарга на пастаўкі ўзбраеньняў ў самых розных краінах сьвету. У асноўным, ён гандляваў зброяй, закупленай у краінах былога савецкага блёку, перш за ўсё, Баўгарыі й Румыніі. “Многія здольныя даставіць зброю ў Афрыку ці Аўганістан, -- тлумачыць высокапастаўлены амэрыканскі чыноўнік, -- але па пальцах адной рукі можна палічыць тых, хто можа паставіць цяжкае ўзбраеньне ў кароткія тэрміны”. Амэрыканскія крыніцы сьцьвярджаюць, што Віктар Бут выкарыстоўваў 5 розных пашпартоў і вельмі часта пераяжджаў з адной краіны ў іншую. Амэрыканскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што ім невядомае цяпершаняе месца знаходжаньня Віктара Бута.
Незадоўга да арышту, кеніец Санджыван Рупра, гаспадар шахты, дзе здабываюцца алмазы, тайна ўступіў у кантакт з амэрыканскімі спэцслужбамі і перадаў ім інфармацыю пра Віктара Бута. Рупра быў важным пасрэднікам у бізнэсе Бута, паколькі ён быў датычны да нелегальнага гандлю алмазамі, здабытымі ў Сьера-Леонэ, Анголе й Конга. “Аль-Каіда”, як і іншыя тэрарыстычныя арганізацыі, карысталася паслугамі падпольнай сеткі, што дзейнічала ў Афрыцы й займалася кантрабандай алмазаў, зброі і ншых каштоўных тавараў.
Бэльгійскі пракурор Дзірк Мэрк, які тры гады займаўся гэтым расьсьледаваньнем, адмовіўся ад якіх бы там ні было камэнтараў. Ён толькі заявіў, што дадзены арышт сьведчыць аб тым, што расьсьледаваньне ідзе хуткімі тэмпамі. На думку Ёхана Пелемана, бэльгійскага экспэрта па пытаньнях кантрабанды зброі, бэльгійская паліцыя цікавіцца Рупра ў сувязі зь нелегальным гандлем алмазамі. Горад Анвэрс праславіўся тым, што ператварыўся ў цэнтар гэтага нелегальнага бізнэсу.
Газэта “Los Angeles Times” паведаміла ў мінулым месяцы аб тым, што “Air Cess”, адна з грузавых авіякампаній Бута, што базуецца ў горадзе Сарджа ў ОЭА, у 1996 годзе прадастаўляла свае самалёты талібам для транспарціроўкі зброі й ваеннай тэхнікі ў Аўганістан.
Жыцьцё поўнае супярэчаньняў – раней Віктар Бут працаваў у Аўганістане з Паўночным Альянсам. Але калі адзін зь ягоных самалётаў быў блякіраваны ў аэрапорце Кабулу, ён вырашыў “зьмяніць партнёра” і пачаць супрацоўнічаць з талібамі, супраць якіх ААН увяла санкцыі ў 2001 годзе.