Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расейскія СМІ зьвязваюць заяву ЗША аб пастаўках беларускай зброі ў Ірак з самітам СНД 11:20, 28/02/2002
Афіцыйны прадстаўнік амэрыканскага замежнапалітычнага ведамства Рычард Баўчар апублікаваў заяву, у якой гаворыцца, што “Злучаныя Штаты вельмі сур’ёзна ставяцца да паведамленьняў аб перадачы ўзбраеньняў краінам і арганізацыям, якія падтрымліваюць ці ўхваляюць тэрарызм. Мы выкарыстоўваем розныя меры для супрацьдзеяньня такога кшталту дзеяньняў, уключна... з прымяненьнем санкцыяў там, дзе гэта неабходна”, перадае Рэйтар. Размова йдзе аб Беларусі, якая, паводле інфармацыі Вашынгтону, экспартуе зброю ў абыход дзейных рэзалюцыяў ААН. У прыватнасьці, маецца на ўвазе падрыхтоўка беларускімі спэцыялістамі іракскіх групаў для працы зь зянітна-ракетнымі копмлексамі С-300, піша СМІ.ру
Абвінавачаньне Беларусі ў пастаўках зброі – ужо ня першы выпадак. Апошняе ўлады вымушаныя былі абвяргаць 22 лютага. А да гэтага яшчэ адна інфармацыя прагучала ў верасьні 2001 году, калі нямецкае агенцтва DPA паведаміла аб намеры Менску ажыцьцявіць буйныя пастаўкі ўзбраеньняў арабскім, палясьцінскім і альбанскім тэрарыстам. Агульная сума кантракту нібыта складае 500 млн. даляраў. Аўтары паведамленьня спасылаюцца на вынікі расьследаваньня, якое праводзілася Радай Бясьпекі ААН. Падставаю для расьсьледаваньня сталі надзвычай шчыльныя кантакты кіраўніцтва Беларусі зь Іракам. Менск таксама наведвала група расейскіх афіцэраў СПА для навучаньня ў беларускай ваеннай акадэміі. З-за скандалу, які разгарэўся пасьля таго, як інфармацыя аб прыезьдзе афіцэраў стала агучана, іракскім вайскоўцам давялося пакінуць Менск.
“Швэдзкі экспэрт па краінах былой Варшаўскай дамовы Сіман Вэцэман назваў Беларусь адной з самых таямнічых краін у справе гандлю зброяй. Як дадаў спэцыяліст у пытаньнях экспарту зброі гэтым краінам, “усё гэта робіцца настолькі безадказна, што нават немагчыма зразумець, як”. У любым выпадку швэдзкі палітоляг і ваенны дасьледчык Вэцэман лічыць, што ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму краіны, такія пастаўкі зброі ісламскім экстрэмістам надзвычай праўдападобныя. Спасылаючыся на асабістыя крыніцы ў заходніх спэцслужбах, экспэрты сьцьвярджаюць, што за такімі зьдзелкамі з мусульманскімі тэрарыстамі ня можа не стаяць Аляксандар Лукашэнка” (Газета СНГ, 16.11.2001).
Акрамя таго, абвінавачаньні да Беларусі ў незаконным гандлі зброяй кідаюць цень і на Расею. Як пісалі “Московские новости” 6 верасьня 2001 году, “паводле інфармацыі з крыніцы, блізкай да кампэтэнтных міжнародных структураў, падчас 56-й сэсіі Генасамблеі ААН сярод членаў Рады Бясьпекі быў распаўсюджаны дакумэнт, у якім дастаткова падрабязна выкладзеная храналёгія дзейнасьці беларускага рэжыму на сусьветным рынку зброі. Прычым акцэнт робіцца на пастаўках у краіны, якія лічацца спонсарамі міжнародных тэрарыстаў.
Кажуць, што гэты дакумэнт негатыўна ўразіў Крэмль. Не сакрэт, што нярэдка актыўнасьць беларускага прэзыдэнта ў ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве з такімі краінамі, як Іран, Ірак ці Лібія, зьвязвалі з Масквой. Нібыта Расея сама саступіла Беларусі ролю першапраходзца ў гэтай справе, паколькі беларускаму рэжыму з-за ягонай недэмакратычнай рэпутацыі ўсё адно няма чаго губляць. Глядзі, з дапамогай такога саюзьніка й расейскі ВПК што-небудзь атрымае. Але ня тут было.
“МН” ужо пісалі аб тым, як атрымаўшы новыя ўзоры расейскай зброі па ільготных коштах, беларускі саюзьнік зрабіў непрыемны для “большага брата” фокус – рээкспартаваў атрыманую ад Масквы зброю ў Лібію.З часам гэтая зброя дзіўным чынам апынулася ў чачэнскіх сэпаратыстаў.
Вынікам стаў ціхі, але моцны скандал. Касьянаў жорстка патрабаваў ад Менску ўзмацніць кантроль за рухам расейскага ўзбраеньня. А сакратар Рады Бясьпекі Расеі, на той час Сяргей Іваноў патрабаваў ад беларускіх саюзьнікаў зрабіць аргвысновы. Справа ў тым, што продаж зброі зь беларускага боку кантраляваў калега Іванова, дзяржсакратар беларускай Рады Бясьпекі Віктар Шэйман. Кажуць, паміж намі так і не склалаіся добрыя стасункі”.
“Газета. Ru” схільная бачыць у мяккай пагрозе Вашынгтону ўвесьці санкцыі супраць Беларусі намёк на канчатковую мэту – Ірак. Акрамя таго, варта мець на ўвазе, што чарговыя пастаўкі зброі Беларусяй зьявіліся напярэдадні нефармальнага саміту краін–удзельніц СНД, дзе як раз будуць абмяркоўвацца праблемы барацьбы з тэрарызмам. І нагадваньне ЗША ў адрас слабадэмакратычнай Беларусі было ў самы час.