Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Малодшы сын экс-прэм’ера Беларусі Міхаіла Чыгіра Аляксандар не прызнае сябе віноўным у гандлі запчасткамі з раней скрадзеных аўтамабіляў. Пра гэта ён заявіў у пятніцу, выступаючы з апошнім словам на паседжаньні Ленінскага суда Менску.
Амбасадар Беларусі ў ЗША і па сумяшчальніцтве ў Мэксыцы Валеры Цэпкала 2 сакавіка вяртаецца ў Беларусь. Ён прадстаўляў інтарэсы нашай краіны ў Амэрыцы з 1997 году. Паводле афіцыйнай інфармацыі, дыплямат адзываецца “у сувязі з правядзеньнем ратацыі кадраў”. Імя ягонага пераемніка ў ЗША пакуль не называецца. Міністэрства замежных справаў гэтую інфармацыю не камэнтуе і кажа толькі аб тым, што пасьля ад’езду Цэпкала абавязкі кіраўніка дыпляматычнай місіі будзе выконваць дарадца дыпляматычнага прадстаўніцтва па палітычных пытаньняў Сяргей Рачкоў. У гэтай сувязі ў розных структурах мусіруеца чутка, што Беларусь з-за пагоршаных стасункаў з ЗША можа ўвогуле не прызначыць амбасадара й зьнізіць статус беларускага прадстаўніцтва да часова паверанага.
Згодна вынікам дасьледаваньня, праведзенага міжнароднай арганізацыяй Transparency International, Беларусь зьяўляецца краінай з высокім узроўнем карумпаванасьці. У першую групу ўвайшлі Эстонія (з усходнеэўрапейскіх краін у ёй таксама знаходзяцца Славенія й Венгрыя), Літва займае прамежкавае месца паміж першай і другой групай, у якую ўваходзяць такія краіны, як Польшча, Баўгарыя й Чэхія. Латвія й Малдова займаюць прамежкавае становішча паміж другой (сярэдні ўзровень карупцыі) і трэцяй групай (высокі ўзровень карупцыі). У трэцяй групе знаходзіцца Румынія і ўсе астатнія дзяржавы былога СССР – Расея, Украіна, Беларусь, дзяржавы Каўказа й Сярэдняй Азіі.
За хабарніцтва арыштаваны сын прэзыдэнта канцэрну Віктара Казекі. Андрэй Казека - сын прэзыдэнта канцэрну "Белдзяржхарчпрам" - працаваў пад кіраўніцтвам свайго бацькі і займаў дастаткова высокую пасаду - ачольваў аддзел збыту Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Крышталь", якое разам зь іншымі лікёра-гарэлачнымі й сьпірытусовымі заводамі падпарадкоўваецца "Белдзяржхарчпраму". Менавіта на сьпірце й "пагарэў" сын прэзыдэнта канцэрну. Паводле інфармацыі праваахоўчых органаў, у пэрыяд з 21 да 24 жніўня мінулага году Андрэй Казека атрымаў ад службовых асобаў акцыянэрнага таварыства "Аўганвет" хабар - 174 мільёны 468 тысяч беларускіх рублёў (102 тысячы 628 даляраў ЗША).
Пераважная большасьць украінскіх грамадзян выступаюць за абнаўленьне ўлады. Гэта вынікае з агучаных у пятніцу на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве вынікаў агульнанацыянальнага апытаньня, праведзенага Цэнтрам палітычных і электаральных дасьледаваньняў СОЦИС з 10 па 18 лютага. Усяго было апытана чатыры тысячы рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў. Велічыня пагрэшнасьці вынікаў складае 1,6%. Згодна дадзеных апытаньня, думку аб неабходнасьці аднаўленьня ўлады падзяляюць 78% рэспандэнтаў.
Снижение конкурентоспособности белорусской продукции в Российской Федерации все больше беспокоит производителей и руководство республики. По данным пресс-службы МИД Беларуси, такая ситуация складывается в основном за счет уменьшения цен на рынке России, которые упали в связи с понижением налоговой нагрузки на российских производителей. Кроме того, россияне перекрыли Беларуси экспорт нефтепродуктов на Украину – ряд украинских заводов приватизирован компаниями России, и они пользуются российским сырьем.
Індэкс спажывецкіх коштаў у студзені 2002 году ў параўнаньні са студзенем 2001 года (са сьнежнем 2001 году) у Азэрбайджане вырас на 1,7% (0,6%), у Армэніі – на 0,5% (2,2%), у Беларусі – на 48,0% (6,1%), у Грузіі – на 4,7% (2,0%), у Казахстане – на 6,0% (0,7%), у Кіргізіі – на 3,5% (0,7%), у Малдове – на 6,0% (1,3%), у Расеі – 18,6% (3,1%), у Таджыкістане – на 9,4% (1,6%), ва Ўкраіне – на 5,6% (1,0%). Дадзеных па Тукмэністану і Ўзбекістану няма. Пра гэта паведаміў Статкамітэт СНД.
На дадзены момант у Беларусі налічваецца 109,3 тыс. беспрацоўных. Такія апошнія дадзеныя Міністэрства статыстыкі й аналізу рэспублікі. Службы па працаўладкаваньні Беларусі зафіксавалі ў студзені рост беспрацоўя на 6,2% у параўнаньні са сьнежнем 2001 году – тады беспрацоўнымі лічыліся 102,9 тыс.грамадзян. Лідэрамі па беспрацоўю зьяўляюцца ўсходнія рэгіёны Беларусі, блізкія да тэрыторыі Расеі. На думку экспэртаў, гэта тлумачыцца, у першую чаргу, станам эканомікі ўсходніх рэгіёнаў, які лічыцца менш разьвітым – у параўнаньні з эканомікай заходняй Беларусі.
Увядзеньне санкцыяў супраць Беларусі з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі цалкам магчыма. ЗША валодае механізмамі ўціску – як палітычнымі, так і эканамічнымі, і ў выпадку ўвядзеньня санкцыяў Амэрыка будзе патрабаваць ад сваіх партнёраў, у першую чаргу ад краін-членаў NATO, прытрымлівацца ўведзеных санкцыяў. Пра гэта ў інтэвію Радыё Рацыя заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў. Дыплямат канстатаваў, што беларускія ўлады працягваюць хаваць інфармацыю аб гандлі зброяй, а гэта зьяўляецца дадатковым раздражняльнікам для амэрыканцаў.
Прысуд па справе Аляксандра Чыгіра – малодшага сына былога беларускага прэм’ера – абвінавачанага ў гандлі запчасткамі з раней скрадзеных аўтамабіляў, можа быць агучаны ў пятніцу. Як паведаміў “Интерфаксу” бацька абвінавачанага Міхаіл Чыгір, ён упэўнены, што доказы віны сына будуюцца на дакумэнтах, атрыманых незаконна – пасьля фізычнага ўзьдзеяньня на іншых абвінавачаных па гэтай справе – Антона Яшына й Зьмітра Юцкевіча.
Суд над пяццю актывістамі руху ЗУБР, абвінавачанымі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі, адкладзены на 14 сакавіка. На ўчорашнім паседжаньні суда былі дапытаныя двое сьведак замоўленых адвакатам, а таксама сьледчы. Першыя двое - жанчыны 1917 і 1920 гадоў нараджэньня - так і ня здолелі даць канкрэтных сьведчаньняў. Сьледчы па справе ў абразе гонару й годнасьці Лукашэнкі завіла ў залі суда, што маскі, за якія трапілі пад суд актывісты ЗУБРа, “изображают лицо нашего президента”, што выклікала выбухі сьмеху ў залі. Пасьля перапынку абаронца Міхаіла Кісялёва, Максіма Патупчыка, Аляксандра Паўловіча, Дзяніса Сенакосава й Зьмітра Шалашкова падаў хадайніцтва аб прызначэньні комплекснай судова-псыхіятрычнай мастацтвазнаўчай экспэртызы адносна ўсіх рэчаў канфіскаваных у зуброў пасьля затрыманьня 14 жніўня. Але судзьдзя Халадцова хадайніцтва адхіліла і заявіла, што ў гэтым няма патрэбы. Пасьля гэтага ў судовым паседжаньні быў аб’яўлены перапынак да 14 сакавіка.
Экспэрты працягваюць абмяркоўваць матывы буйной антыдырэктарскай акцыі беларускага ўраду, што ў народзе атрымала назоў “хап”, накіраванай на застрашэньне кіраўнікоў індустрыі і, кажуць, для таго, каб атрымаць поўны кантроль над прамысловасьцю. Уласна “хап” тым часам не зьбіраецца спыняцца. Гепракурор Беларусі Віктар Шэйман даў справаздачу з наступным лічбамі. Да розных формаў адказнасьці прыцягнута больш за 20 тысячаў чалавек, у тым ліку прыкладна 400 кіраўнікоў і адказных работнікаў. Пракуратура перадала ў суд 44 тысячы справаў – гэта ў два разы болей за вынікі 2000 году. Пры гэтым сп.Шэйман заявіў, што “пракурорскі нагляд павінен быць больш наступальным, актыўна раскрываць парушэньні ў працы суб’ектаў гаспадараньня і рашуча прымаць неабходныя меры па забесьпячэньні законнасьці ў дзейнасьці дзяржаўных органаў і камэрцыйных структур”.
Агульнарэспубліканская акцыя пратэсту прафсаюзаў пройдзе 28 сакавіка – такое рашэньне прыняў прэзыдыюм Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай. Акцыя праводзіцца па прычыне пагаршэньня сацыяльна-эканамічнага становішча працоўных і ў сувязі зь нежаданьнем уладаў весьці дыялёг з прафсаюзамі. Першапачаткова датай правядзеньня акцыі называлася 5 сакавіка, але да гэтага часу прафсаюзную акцыю ня здолелі падрыхтаваць. Формы й месца правядзеньня акцыяў будуць вызначаныя галіновымі прафсаюзамі й самой ФПБ.
Аршанскай газэце “Куцейна” не вяртаюць абсталяваньне. Аршанскі суд пастанавіў вярнуць канфіскаваны ў рэдакцыі рызограф і пакінуць кампутары ў даход дзяржавы. Аднак Міжраённы дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў адмаўляецца вяртаць і рызограф. Кіраўнік дэпартамэнту Траяноўскі патлумачыў: з такім рашэньнем фінансавая міліцыя ня згодна й накіравала скаргу ў пракуратуру. Прадстаўнік інтарэсаў “Куцейны” юрыст Алег Граблеўскі сьцьвярджае, што, згодна дзейнаму заканадаўству, рызограф трэба было вярнуць рэдакцыі да моманту разгляду скаргі ў пракуратуры.
Працоўны візыт у Беларусь намесьніка Міністра замежных справаў Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Чжаосіна адбудзецца 1-2 сакавіка. Асноўнай мэтай візыту зьяўляецца правядзеньне кансультацыяў паміж Міністэрствам замежных справаў Кітаю. Падчас кансультацыяў бакі будуць абмяркоўваць пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай абласьцях. Асаблівая ўвага будзе надзеленая ходу рэалізацыі дамоўленасьцяў, дасягнутых у рамках візытаў на вышэйшым узроўні кіраўнікоў Беларусі й Кітаю. Адбудзецца таксама абмен думкамі па пытаньнях барацьбы з тэрарызмам, антытэрарыстычнай апэрацыі ў Аўганістане й постканфліктнага ўрэгуляваньня сытуацыі ў гэтай краіне, а таксама каардынацыі сумесных дзеяньняў на міжнароднай арэне.
Дата 18 сакавіка 2002 году для стварэньня акцыянэрных таварыстваў на базе наваполацкіх ВА “Нафтан” і “Палімір” наўрадці рэальная праз вялікую колькасьць дакумэнтаў, якія неабходна прадставіць у шматлікія інстанцыі. Такое меркаваньне выказала 26 лютага экспэрт Міжнароднага цэнтру сацыяльна-эканамічнай палітыкі Тацяна Лінтоўская падчас паседжаньня “круглага стала” па пытаньнях акцыянаваньня, паведамляе БелаПАН.
У Беларусі з 1 сакавіка павышаецца мінімальны заробак з 10 да 17 тысячаў рублёў. Адпаведнае рашэньне было прынята Саветам міністраў. Дакумэнтам таксама ўстаноўлены пагадзінавы мінімальны заробак ў памеры 101 рубель. Базавая велічыня ў памеры 10 тысячаў рублёў.