Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандар Чыгір не прызнае сябе віноўным 11:17, 01/03/2002
Малодшы сын экс-прэм’ера Беларусі Міхаіла Чыгіра Аляксандар не прызнае сябе віноўным у гандлі запчасткамі з раней скрадзеных аўтамабіляў. Пра гэта ён заявіў у пятніцу, выступаючы з апошнім словам на паседжаньні Ленінскага суда Менску.
За час судовых слуханьняў высьвятлялася віна Чыгіра ў арганізацыі злачыннай групы, якая ўганяла аўтамабілі й гандлявала зьнятымі зь іх дэталямі. Па дадзенай справе праходзяць яшчэ двое абвінавачаных -- Антон Яшын і Зьміцер Юцкевіч.
Як паведамляе “Интерфакс”, абвінавачаньне ў час слуханьняў прыйшло да высновы, што Аляксандар Чыгір не выконваў роль кіраўніка ў гэтай справе, а таксама ня быў членам арганізаванай злачыннай групы.
Абарона адзначае, што “амаль усе доказы па гэтай справе сабраныя з грубейшымі парушэньнямі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі”.
Аляксандар Чыгір быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 10 лютага мінулага году на аўтарынку падчас продажу скрадзеных аўтазапчастак.
У час слуханьняў Антон Яшын і Зьміцер Юцкевіч адмовіліся ад раней дадзеных ім сьведчаньняў, якія пацьвярджаюць віну Аляксандра Чыгіра. Яны адзначылі, што абвінаваўчыя сьведчаньні яны давалі пад катаваньнямі.
Між тым, сам Яшын – адзіны з абвінавачаных, хто прызнаўся ў тым, што набываў аўтамабіль і ведаў, што ён скрадзены. Астатнія ўчасткі працэсу сваю віноўнасьць адвяргаюць.
Як чакаецца, прысуд адносна падсудных будзе вынесены 6 сакавіка.