Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Падчас расьсьледаваньня, якое праводзілася ААН, Злучанымі Штатамі й эўрапейскімі краінамі, была раскрытая гіганцкая сетка нелегальнага гандлю зброяй. Паводле дадзеных экспэртаў ААН у нелегальных пастаўках узбраеньняў замешаная й Беларусь. Цэнтральнай фігурай ў гэтым кантрабандным гандлі зьяўляецца былы афіцэр расейскіх ВПС Віктар Анатолевіч Бут. Бута таксама называюць былым афіцэрам КДБ. Гэты чалавек выкарыстоўвае як мінімум 7 пашпартоў і прозьвішчаў (ад Віктара Бутава да Вадзіма Амінава). Паводле некаторых дадзеных, Віктар Бут у свой час навучаўся ў адной з вайсковых вучэльняў – мяркуецца, што ў Віцебску. У дакладзе ААН, апублікаваным ў сьнежні 2000 году, сьцьвярджалася, што Бут ажыцьцявіў ня менш за 38 зьдзелак па пастаўцы зброі паўднёваафрыканскім паўстанцам, у тым ліку й групоўцы УНІТА. Экспэрт ААН па незаконым гандлі зброяй й дырэктар Інстытуту сьвету ў Антвэрпэне, бэльгіец Ёхан Пелеман некалькі гадоў уважліва адсочваў дзейнасьць Віктара Бута. Часопіс RUS папрасіў яго распавесьці пра гэтага бізнэсоўца, а таксама аб механізьме незаконных паставак зброі ў гарачыя кропкі плянеты.
На 14 сакавіка перанесенае апошняе паседжаньне суда па справе “групы Ігнатовіча” – чатырох чалавек, якіх абвінавачваюць ў зьдзяйсьненьні шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку – у выкраданьні аператара ГРТ Зьміцера Завадзкага. Абвінаваўчы бок запатрабаваў сьмяротнага пакараньня для падсудных. Нагадем, што праваабарончая арганізацыя Міжнародная Амністыя заклікала беларускія ўлады да больш руплівага расьсьледаваньня эпізоду аб зьнікненьні Зьміцера Завадзкага. Міжнародная Амністыя заявіла, што суд над магчымымі выкрадальнікамі журналіста прайшоў з парушэньнямі міжнародных нормаў: ён быў закрытым і на ім не гучалі пераканаўчыя доказы віны падсудных. Генэральны сакратар Рады Эўропы Вальтэр Швімэр заклікаў беларускія ўлады не асуджаць да вышэйшай меры пакараньня.
Беларуская апазыцыя ў мінулую нядзелю прыняла альтэрнатыўны варыянт дзяржаўнага гімну рэспублікі. Нацыянальным гімнам названая мэлёдыя “Магутны Божа”. Усяго ў конкурсе ўдзельнічала шэсьць варыянтаў гімну. На сходзе ў Менску прысутнічалі лідэры палітычных партыяў й прадстаўнікі інтэлігенцыі. Пратакол паседжаньня па завяршэньні сходу быў перададзены ў Міністэрства культуры.
У доме бацькоў лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца, якія пражываюць ў Віцебску, вечарам 6 сакавіка судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць. Паводле словаў Севярынца, гэта адбылося пасьля таго, як пастановаю суда Савецкага раёну Менску ён атрымаў штраф у памеры 300 мінімальных заробкаў (1 800 даляраў ЗША) за ўдзел у шэсьці, якое адбылося ў Менску 14 лютага, у дзень Сьвятога Валянціна.
У 31 раз зьнізілася ў 2001 годзе рэнтабельнасьць сельскагаспадарчай вытворчасьці ў Беларусі. Калі ў 2000 годзе яна скалала 6,2 адсоткі, то ў 2001-м - 0,2 адсоткі. Згодна дадзеных Міністэрства статыстыкі й аналізу, якія прыводзіць БелаПАН, у прамысловасьці рэнтабельнасьць зьменшылася ў 1,46 разы (з 15,8 да 10,8 адсоткаў), у будаўніцтве - у 1,5 разоў (з 12,3 да 8,2 адсоткаў), на транспарце (уключна трбаправодны) - у 1,59 (з 23,7 да 14,9 адсоткаў), у сфэры сувязі - у 1,84 разоў (з 23,6 да 12,8 адсоткаў), у гандлі і грамадзкім харчаваньні - у 2,26 разоў (з 11,3 да 5 адсоткаў), у сфэры матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня збыту - у 2,81 (з 19,1 да 6,8 адсоткаў).
Генэральны сакратар Рады Эўропы Вальтэр Швімэр заклікаў беларускія ўлады не асуджаць да сьмяротнага пакараньня Валеры Ігнатовіча, Максіма Маліка, Аляксея Гуза й Сяргея Савушкіна, якім сёньня, 11 сакавіка, у 11.00 у Менскім абласным судзе будзе аб’яўлены прысуд. Нагадем, што менавіта такога пакараньня за шматлікія злачынствы, у тым ліку выкраданьне аператара ГРТ Завадзкага, якія інкрымінуюцца бандзе былога “алмазаўца” Ігнатовіча, запатрабаваў дзяржаўны абвінаваўца пракурор Хведар Шэдаў. “Сьмяротнае пакараньне супярэчыць усім прынятым стандартам правоў чалавека. Я заклікаю пракурора адмовіцца ад яе раз і назаўсёды”, - сказаў Швімэр.
У Беларусі прайшло ўжо трэцяе паседжаньне апеляцыйнага суда па справе скаргі беларускага бізнэсоўца Андрэя Жукаўца на рашэньне Беластоцкага акруговага суда, які таксама ў трэці раз пастанавіў, што экстрадыцыя Жукаўца ў Беларусь недапушчальная. Аднак на гэты раз апеляцыйны суд прыняў канчатковае рашэньне – выдача Андрэя Жукаўца беларускім уладам немагчымая. Гэта апошні судовы працэс ў справе Жукаўца стаў ў нейкім сэнсе ўнікальным. На абарону абвінавачанага стаў сам пракурор.
Гарадзенскі выканаўчы камітэт забараніў грамадзкасьці Горадні правядзеньне трох пікетаў у абарону галоўнага рэдактара газэты “Пагоня” Мікалая Маркевіча й журналіста Паўла Мажэйкі, якіх пракуратура вобласьці абвінавачвае ў “паклёпе адносна прэзыдэнта”. Старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка патлумачыў адмову тым, што “заплянаваныя мерапрыемствы ў пэрыяд правядзеньня сьледчых дзеяньняў ня будуць садзейнічаць аб’ектыўнасьці правядзеньня”. Пікеты ў абарону журналістаў павінны былі прайсьці каля будынкаў Пракуратуры Гарадзенскай вобласьці, сьледчага камітэту пракуратуры й аблвыканкаму.
Пад гэтым лёзунгам прайшла чарговая акцыя руху супраціву ЗУБР у абарону будынкаў у старой частцы Барысаву. Многія з гэтых будынкаў былі ўзьведзеныя яшчэ сто гадоў таму. Больш за 100 зуброў сабраліся 10 сакавіка ў 11.00 ля барысаўскага кінатэатру “Перамога”. Частка зуброў стаяла з расьцяжкамі з надпісам: “Спачатку ў нас адымаюць гісторыю, потым – памяць, пасьля – СВАБОДУ!” і “Што мы пакінем нашым нашчадкам?”.
“Пэнсійную справу” Станіслава Шушкевіча 11 сакавіка будзе разглядаць Маскоўскі гарадзкі суд Менску. Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі абскардзіць адмову Міністэрства працы й сацыяльнай абароны насельніцтва павышаць ягоную пэнсію, якая зараз складае каля 2 даляраў. Паводле ягоных словаў, раней ён зарабляў на жыцьцё лекцыямі, якія ён чытаў ва ўнівэрсытэтах ЗША й Польшчы, але зараз мае матэрыяльныя цяжкасьці. Дарэчы, экс-кіраўнік Украіны Леанід Краўчук, зь якім Шушкевіч ставіў подпіс пад Белавежскім пагадненьнем, атрымоўвае пэнсію ў 600 даляраў, мае пэрсанальны аўтамабіль і ахову.
Пратэст супраць умяшальніцтва ў справы прафсаюзаў Беларусі выказалі ўдзельнікі Канфэрэнцыі прафсаюзнай сеткі краін Балтыйскага мора. У адпаведнай заяве гаворыцца: “Нягледзячы на шматлікія пратэсты прафсаюзаў Расеі і многіх іншых краінаў, міжнародных прафарганізацыяў й Міжнароднай арганізацыі працы, улады Рэспублікі Беларусь працягваюць гвалтоўнае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы прафсаюзаў, парушаюць правы працоўных на свабоду аб’яднаньняў”. Салідарнасьць з барацьбой беларускіх прафсаюзаў за свае правы выказалі прадстаўнікі прафсаюзаў Даніі, Нарвэгіі, Швэцыі, Нямеччыны, Фінляндыі, балтыйскіх краін.
Літоўскае прадпрыемства па перадачы энэргіі “Летувос Энэргія" ужо ў гэтую весну зьбіраецца павысіць кошт на электраэнэргію, якая пастаўляецца ў Беларусь і Калінінград. Пра гэта адмыслова для RusEnergy паведамляе “Балтыйскі курс”. Генэральны дырэктар Lietuvos energija Рымантас Юозайтыс паведаміў, што на перамовах з сёньняшнім пасярэднікам у экспарце электрычнасьці – расейскай кампаніяй “Интер РАО ЕЭС” – ужо давялося вытаргаваць кошт на 10% болей.
Запазычанасьць сельскай гаспадаркі за адгружаныя ў лютым канцэрнам “Белнафтахім” мінеральныя ўгнаеньні склала 13,2 мільярды рублёў і вырасла больш чым у два разы ў параўнаньні са студзенем. З гэтай прычыны пастаўка мінеральных угнаеньняў калгасам і саўгасам да вясновай пасяўной ідзе вельмі павольна. У сваю чаргу прадпрыемствы АПК ня маюць дастатковых сродкаў, каб да пасяўной кампаніі закупіць неабходныя ўгнаеньні.
Міністэрства статыстыкі й аналізу Беларусі прадставіла папярэднія дадзеныя па колькасьці насельніцтва рэспублікі на 1 студзеня 2002 года. На гэтую дату ў Беларусі пражывала 9 951,3 тыс. чалавек. Органы статыстыкі канстатуюць пагаршэнне дэмаграфічнай сытуацыі ў Беларусі. У краіне назіраецца працэс зьмяншэньня насельніцтва – за 2001 год яна склала 48 200 чалавек, у той час як міграцыйны прырост – 9 100 чалавек.