Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На “Гарызонце” праглядаюцца інтарэсы Юры Лужкова 11:06, 12/03/2002, «БДГ»
На фоне надыходзячай прыватызацыі шасьці прадпрыемстваў беларускай нафтахіміі засталася ў цені падрыхтоўка да акцыянаваньня буйнейшага тэлевізійнага заводу краіны. 6 сакавіка на МВА “Гарызонт” адбылася канфэрэнцыя працоўнага калектыву, на якой большасьць з 285 дэлегатаў ад усіх структурных падразьдзелаў аб’яднаньня прагаласавалі за акцыянаваньне айчыннага тэлевізійнага гіганта. Гэта ўжо трэцяя спроба акцыянаваць “Гарызонт”. Першая мела месца яшчэ ў далукашэнкаўскі пэрыяд – у 1993-м, другая – у 1997 годзе. У абодвух выпадках па розных прычынах далей намераў справа не пайшла.
Сёньняшняя спроба акцыянаваць і далей, трэба меркаваць, прыватызаваць аб’яднаньне зьвязаная з ініцыятываю яго ранейшага кіраўніка Ўладзімера Сямашкі. Летам мінулага году падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі на “Гарызонт” гэтыя намеры перарасьлі ў адпаведныя даручэньні кіраўніка дзяржавы. І зараз, ужо пры новым дырэктары МВА “Гарызонт” Юры Прэдкі, дадзенае даручэньне пачало ажыцьцяўляцца.
У адрозьненьне ад прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу, па якіх існуе строгі графік, які расьпісвае літаральна па днях, калі трэба акцыянавацца са 100%-ым капіталам дзяржавы, а калі прадаваць пакеты патэнцыйным інвэстарам, на “Гарызонце” пакуль не сьпяшаюцца. Тут і час церпіць. Бо ў адрозьненьне ад беларускіх нафтахімічных заводаў, вакол якіх уюцца прэтэндэнты на акцыі, вялікага і відавочнага інтарэсу да “Гарызонта” з боку інвэстараў не назіраецца.
Хаця пагаворваюць, што да “Гарызонта”апошнім часам зьявіўся вялікі інтарэс некалькіх маскоўскіх фірм (у кулуарах іх зьвязваюць з маскоўскім мэрам Юры Лужковым). Аднак інтарэс масквічоў сфакусаваны не на тэлевізійнай вытворчасьці, а на пляцоўцы, дзе зьбіраюцца менскія “Гарызонты”. І адзін з прапануемых праектаў рэфармаваньня гэтага вытворчага аб’яднаньня плянуе перанос яго вытворчых магутнасьцяў на выходнае прадпрыемства “Альмагор”. А ў будынку па вул.Чырвонай, разьмешчанай ў самым цэнтры беларускай сталіцы, маскоўскія інвэстары мяркуюць адкрыць Міжнародны інфармацыйны бізнэс-цэнтар. Пад гэтай шыльдай можа хавацца што заўгодна: ад дробнааптовага гандлю электрабытавымі таварамі да здачы ў арэнду офісаў з арганізацыяй адпаведнай інфраструктуры ў выглядзе фітнэс-клюбаў, саун і г.д.
Восем гадоў таму права набыць акцыі заводу аспрэчвалі буйнейшыя сусьветныя тэлевізыйныя кампаніі - -ад “Дэу” да “Філіпса”. Сёньня на тым самым расейскім рынку, посьпехамі на якім любяць павыхваляцца прадстаўнікі “Гарызонту”, ягоная прадукцыя займае самую танную нішу. У самой Беларусі фінансава-эканамічнае становішча “Гарызонту” ахавае. Паводле дадзеных Міністэрства прамысловасьці РБ, па стану на 1 сьнежня мінулага году агульная пазыка аб’яднаньня па банкаўскіх крэдытах складала Byb 26,426 млрд., крэдыторская запазычанасьць -- Byb 8,77 млрд., дэбіторская -- Byb 8,003 млрд. Страта (па балянсе) за 11 месяцаў мінулага году склала Byb 1,746 млрд. Да канца мінулага й пачатку гэтага году гэтыя паказчыкі яшчэ больш вырасьлі.
Узьнікае заканамернае пытаньне: навошта “Гарызонту” акцыянаваньне? Каб “сьпісаць” пазыкі ў працэсе іхнай рэструктурызацыі? Але ж ніхто ня можа гарантаваць, што праз пэўны прамежак часу яны не зьявяцца ізноўку.