Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандар Лукашэнка зьехаў на лячэньне ў Аўстрыю 11:05, 13/03/2002
Праз пяць дзён пасьля пачатку адпачынку Алксандра Лукашэнкі, нарэшце, стала вядома, дзе ён знаходзіцца. Прэм’ер-міністра Беларусі ГенадзьНавіцкі, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, паведаміў, што Аляксандар Лукашэнка адляцеў у карооткатэрміновы адпачынак у Аўстрыю, і што ён, насамрэч не выконвае абавязкі кіраўніка дзяржавы. Існуе некалькі вэрсіяў знаходжаньня Лукашэнкі ў Аўстрыі. Адна зь іх – Лукашэнка катаецца ў Альпах на лыжах, бо вырашыў ні ў чым не саступаць Уладзімеру Пуціну, які выдатна ўмее катацца. І другая, найбольш верагодная, вэрсія – у Лукашэнкі зьявіліся сур’ёзныя праблемы са здароўем.
Як паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, прыкладна два месяцы таму яму стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка рэгулярна наведвае Інстытут радыяцыйнай мэдыцыны і праходзіць там абсьледаваньне. “Калі ён туды прыжджае, -- паведаміў Лябедзька, -- праходзіць нейкія мэдычныя працэдуры. Малодшы мэдычны пэрсанал адтуль проста выстаўляюць. Гэта дакладная інфармацыя, я падкрэсьліваю, мы яе атрымалі два месяцы таму. І тут яна супадае з падзеямі - магчыма, працэдурамі ў Аксакаўшчыне ўжо не абыйсьціся, і патрэбны больш высокі мэдычны досьвед у абсьледаваньні Лукашэнкі. Магчыма, гарналыжны курорт можа быць толькі зьнешнім антуражам, а за гэтым хаваецца абсьледаваньне ў прыватнай клініцы на Захадзе”.
Лябедзька прыгадаў і дыягназ доктара Шчыгельскага, пастаўлены Лукашэнку, які сьведчыў аб некаторых асаблівасьцях ягонага псыхічнага стану. Дыягназ, дарэчы, так і ня быў пракамэнтаваны ўладамі.
“Мяне двойчы выклікалі ў пракуратуру толькі за тое, што я нібыта сказаў, што Беларусь прадае зброю недэмакратычным краінам і што Лукашэнка курыруе гэты бізнэс. А тут – сур’ёзнае абвінавачаньне ў тым, што, магчыма, чалавек, які кіруе дзяржавай, мае пэўныя адхіленьні і захворваньні. Пракуратура маўчыць. Гэта азначае, што псыхіятар Шчыгельскі меў рацыю. Таму што калі б гэта было хлусьнёй, то пракуратура распачала крымінальную справу й давяла бы яго да нейкага лягічнага завяршэньня.
Гэтага не адбылося – значыць, насамрэч, пытаньне застаецца адкрытым. І апазыцыя павінна дабівацца, каб было замацавана ў заканадаўстве, што кожны прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы ці першых асоб праходзіць мэдычнае абсьледаваньне. Каб людзі ведалі пра стан ягонага здароўя – фізычнага й псыхілягічнага”.