Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 1415 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Беларусь: Даклад аб правох чалавека за 2001 год
11:05, 14/03/2002

Прэзэнтацыя дакладу Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША аб правох чалавека ў Беларусі за 2001 год адбылася сёньня ў амбасадзе ЗША ў Менску. Тэкст дакладу Дзярждэпартамэнту па правох чалавека ў Беларусі:

Беларусь: Даклад аб правох чалавека за 2001 год

4 сакавіка 2002 году

Дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША,

Бюро па дэмакратыі, правох чалавека й працы


Згодна са змененай Канстытуцыяй, Беларусь – гэта рэспубліка з прэзідэнтам, які абіраецца на ўсеагульных выбарах. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка (абраны ў 1994 годзе) выкарыстаў лістападаўскі рэферэндум 1996 года, каб змяніць Канстытуцыю 1994 года з мэтаю пашырэння сваёй улады, падаўжэння тэрміну знаходжання на пасадзе і прызначэння новага парламента замест тагачаснага аднапалатнага. Лукашэнка праігнараваў пастанову тагачаснага Канстытуцыйнага Суда аб немагчымасці ўнясення паправак у Канстытуцыю праз рэферэндум. Большая частка міжнароднай супольнасці скрытыкавала заганны рэферэндум і не прызнала легітымнасць Канстытуцыі 1996 года і дзвюхпалатны парламент, які быў створаны.

9 верасня 2001 года Лукашэнка аднавіў тэрмін свайго прэзідэнцтва шляхам выбараў, якія Арганізацыя па Бяспецы і Супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) назвала несправядлівымі і несвабоднымі, а таксама не адпавядаючымі абавязацельствам у рамках АБСЕ датычна дэмакратычных выбараў. Выбары ў парламент адбыліся ў кастрычніку 2000 года, упершыню пасля рэферэндуму 1996 года. Прэзідэнт і яго адміністрацыя маніпулявалі выбарчым працэсам, каб звесці да мінімуму колькасць кандыдатаў, якія выступалі супраць рэжыму, і апазіцыйных членаў парламенту. АБСЕ прыйшла да высновы, што выбары былі несвабоднымі і несправядлівымі. Судовая сістэма пазбаўленая незалежнасці.

Праваахоўчыя абавязкі і ахова ўнутранай бяспекі падзелена паміж Камітэтам дзяржаўнай бяспекі (КДБ) і Міністэрствам унутраных спраў (МУС), якія падпарадкоўваюцца непасрэдна прэзідэнту. У адпаведнасці з законам, прэзідэнт валодае правам аддаваць загады ўсім органам бяспекі. Цывільныя ўлады, акрамя прэзідэнта, не валодаюць эфектыўным кантролем над сіламі бяспекі. Па загадах Лукашэнкі прэзідэнцкая ахова, першапачаткова створаная дзеля абароны вышэйшых афіцыйных асобаў, працягвала дзейнічаць супраць палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі без аніякага судовага або заканадаўчага кантролю. Прадстаўнікі органаў бяспекі здзейснілі шматлікія парушэнні ў галіне правоў чалавека.

Насельніцтва краіны складае каля 10 350 000 чалавек. У эканоміцы, якая мае пераважна прамысловы характар -- каля паловы аб’ёму вытворчасці прыпадае на прамысловасць -- захавалася сістэма цэнтральнага планавання. Асноўнай прамысловай прадукцыяй з’яўляюцца машынабудаўнічыя станкі, трактары, грузавікі і спажывецкія тавары. Большасць працоўных занятыя ў дзяржаўным прамысловым і сельскагаспадарчым сектарах. Улады сцвярджаюць, што валавы ўнутраны прадукт (ВУП) узрос на 4 працэнты. Але незалежныя аналітыкі ставяць пад сумненне гэтую лічбу і кажуць, што гэты рост быў вынікам накаплення неканкурэнтаздольных тавараў на складах, чаму, у сваю чаргу, спрыялі буйныя крэдыты ў стратны дзяржаўны сектар. Афіцыйныя асобы сцвярджаюць, што ВУП на душу насельніцтва склаў крыху больш за 2 000 даляраў (2,4 млн. рублёў), але гэты рост амаль не палепшыў эканамічнага становішча насельніцтва. У дзяржаўным сектары заработная плата была ніжэйшая, чым у цэлым па краіне, і запазычанасці па зарплаце набылі ўстойлівы характар. Хаця ненадзейнасць афіцыйнай статыстыкі ўскладняе дакладную ацэнку эканамічнага становішча, узровень жыцця ў многіх сектарах грамадства працягваў зніжацца. Жыхары невялікіх гарадоў і сельскай мясцовасці, дзе даходы асабліва нізкія, забяспечваюць сваё пражыванне за кошт незарэгістраванай эканамічнай дзейнасці і прыватных агародаў.

Урад мае дрэнны паслужны спіс у галіне правоў чалавека, які істотна пагоршыўся па многіх паказчыках. Улады жорстка абмяжоўваюць права грамадзян на змяненне ўраду. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у верасні, рэжым шматразова парушаў асабістыя і грамадзянскія правы чалавека, у тым ліку шляхам фізічнага гвалту над апанентамі, маніпуляцый падкантрольнымі рэжыму сродкамі масавай інфармацыі, запалохвання назіральнікаў за выбарамі і маніпуляцый пры падліку галасоў. Улады не здзейснілі сур’ёзных намаганняў, каб даць справаздачу аб знікненнях у папярэднія гады вядомых апазіцыйных палітычных дзеячаў і на працягу года ігнаравалі вартыя даверу паведамленні аб ролі рэжыму ў гэтых знікненнях. Органы бяспекі працягвалі збіванні палітычных апанентаў, затрыманых і іншых людзей. На працягу года паступалі звесткі аб жорсткіх збіваннях у войску. Умовы ўтрымання ў турмах заставаліся нездавальняючымі. Органы бяспекі беспадстаўна арыштоўвалі і затрымлівалі грамадзян, а колькасць затрыманняў, выкліканых відавочна палітычнымі матывамі, вырасла, хаця многіх з затрыманых хутка адпускалі. Службы бяспекі парушалі недатыкальнасць асабістага жыцця грамадзян і ажыццяўлялі пільны нагляд за дзейнасцю апазіцыйных палітыкаў і прадстаўнікоў іншых групаў насельніцтва. Працягваліся жорсткія абмежаванні ў дачыненні свабоды слова, сродкаў масавай інфармацыі і мірных сходаў; улады парушалі свабоду аб’яднанняў. На працягу года ўрад выдаў некалькі новых дэкрэтаў, якія яшчэ больш абмежавалі гэтыя свабоды. Улады працягвалі абмяжоўваць свабоду веравызнання, аддаючы перавагу Рускай Праваслаўнай Царкве за кошт Рымска-Каталіцкай, Грэка-Каталіцкай і Аўтакефальнай Праваслаўнай цэркваў. Рэжым абмежаваў і свабоду перамяшчэння. Агенты службаў бяспекі рэжыму пільна наглядалі за праваабарончымі арганізацыямі і перашкаджалі іх дзейнасці. Гвалт у сям`і і дыскрымінацыя ў дачыненні да жанчын заставаліся істотнай праблемай. Не знікалі праявы антысемітызму. Улады працягвалі жорстка абмяжоўваць правы рабочых на свабоду аб’яднанняў, стварэнне арганізацый і заключэнне працоўных дамоваў, а пасля прэзідэнцкіх выбараў зрабілі сур’ёзную спробу перакрыць фінансаванне прафсаюзаў шляхам забароны вылічэння членскіх узносаў наймальнікамі. Міжнародная Арганізацыя Працы ўвяла санкцыі супраць рэжыму за гэтыя парушэнні. Мелася інфармацыя аб выпадках прымусовай працы. Гандаль жанчынамі і дзяўчынамі па-ранейшаму заставаўся праблемай.

Захаванне правоў чалавека

Раздзел 1. Захаванне недатыкальнасці асобы, у тым ліку ад:

а. Палітычнага і пазасудовага забойства.

На працягу года не было ніякіх звестак з неабвержнымі доказамі палітычных забойстваў, учыненых рэжымам альбо яго агентамі. Аднак некалькі паведамленняў, што заслугоўваюць давер, усплылі на працягу года. Яны сведчаць, што вышэйшыя эшалоны рэжыму маюць дачыненне да знікнення ў 2000 годзе журналіста Дзмітрыя Завадскага, а таксама ў 1999 годзе – апазіцыйных дзеячаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатолія Красоўскага (гл. Раздзел 1.b.). Урадавыя следчыя і наглядальнікі за захаваннем правоў чалавека лічаць, што найвышэйшыя афіцыйныя асобы рэжыму маюць дачыненне да забойстваў гэтых людзей за ўдзел у палітычнай дзейнасці. Да таго, як Захаранка, Ганчар і Завадскі далучыліся да апазіцыі, яны працавалі на ўрад Лукашэнкі.

11 і 12 чэрвеня следчыя пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак абнародавалі ў некалькіх сродках масавай інфармацыі вынікі сваіх расследаванняў гэтых знікненняў. Следчыя сцвярджалі, што Юрый Сівакоў, які быў міністрам унутраных спраў падчас знікненняў, арганізаваў спецыяльную каманду ўнутры міністэрства, пад непасрэдным кантролем Дзмітрыя Паўлючэнкі, які ўзначальваў спецыяльную брыгаду АМОНу. Паведамлялася, што гэты “эскадрон смерці” быў створаны па загаду найвышэйшых эшалонаў улады. У склад эскадрону ўваходзілі Валерый Ігнатовіч, былы афіцэр “Алмазу”, элітнага падраздзялення Міністэрства ўнутраных спраў (МУС), Максім Малік, былы афіцэр атраду міліцыі спецыяльнага прызначэння “Алмаз” і іншыя, каму пазней вылучылі абвінавачванні ў адказнасці за знікненні. Паводле сцвярджэнняў следчых, група здзейсніла болей за 30 забойстваў. Петрушкевіч і Случак пазней паведамілі, што Уладзімір Навумаў, які пазней стаў міністрам унутраных спраў, неаднаразова наведваў Ігнатовіча і Маліка ў турме пасля іх арышту. Пры іх размовах не прысутнічалі ні следчыя, ні сведкі, і гэтыя наведванні не былі зарэгістраваныя. Пасля гэтых візітаў, паводле Петрушкевіча і Случака, Малік і Ігнатовіч адрасавалі вельмі канкрэтныя пагрозы следчым, якія іх дапытвалі. Петрушкевіч і Случак таксама заявілі, што некалькіх следчых, што вялі гэтую справу, напаткала загадкавая смерць. На працягу года два аператыўнікі з аддзелу крымінальных расследаванняў пракуратуры, якія займаліся гэтай справай, загінулі пры загадкавых абставінах.

15 чэрвеня следчыя пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак апублікавалі копію, паводле іх словаў, пратакола следчай экспертызы датычна рыдлёўкі, знойдзенай у машыне Ігнатовіча. Паведамлялася, што на рыдлёўцы былі сляды крыві, якая адпавядала крыві Завадскага. Петрушкевіч і Случак, баючыся пераследу, пакінулі краіну і знайшлі прытулак за мяжой.

17 ліпеня незалежная і расійская прэса надрукавалі дакумент, які выглядаў як напісаны ад рукі даклад, датаваны 21 лістапада 2000 года, ад імя начальніка ўнутранай міліцыі Мікалая Лапаціка. У дакладзе, адрасаваным Навумаву, называліся імёны тых, па чыіх загадах былі забітыя Захаранка, Ганчар і Красоўскі, а таксама імёны тых, хто выконваў гэтыя загады. Дакумент сцвярджаў, што 6 мая 1999 года тагачасны дарадца па справах нацыянальнай бяспекі Віктар Шэйман загадаў Сівакову даць Паўлючэнку доступ у турму для смертнікаў, дзе той атрымаў зброю, якая нібыта выкарыстоўвалася для здзяйснення санкцыянаваных судом смяротных прысудаў. Затым Шэйман загадаў Паўлючэнку забіць Захаранку. Паўлючэнка вярнуў зброю 8 мая. Далей у дакуменце гаворыцца, што Ганчар і Красоўскі былі ліквідаваныя тым жа чынам той самай камандай.

У той жа час незалежная прэса надрукавала прызнанне палкоўніка Алега Алкаева, начальніка турмы для смертнікаў, якое пацвярджала даклад Лапаціка. Да таго ж былі абнародаваныя копіі турэмнага журнала, у якім былі занатаваныя факты выдачы вышэйзгаданай зброі і боепрыпасаў.

22 жніўня сам Алкаеў даў інтэрв’ю незалежнай газеце. У інтэрв’ю ён заявіў, што ведае пра існаванне “эскадрону смерці” і пацвердзіў, што ён быў на допыце ў намесніка пракурора Міхаіла Снягіра ў сувязі з дакладам Лапаціка. Алкаеў таксама пацвердзіў факт выдачы пісталета кіраўніку МУС Сівакову напярэдадані знікненняў і вяртанне зброі пасля. Далей ён пацвердзіў, што пісталет, выдадзены Сівакову, быў той самай зброяй, што выкарыстоўвалася для здзяйснення смяротных прысудаў. Ён паведаміў, што СОБР, спецыяльнае падраздзяленне міністэрства унутраных спраў пад кіраўніцтвам Паўлючэнкі і па загадах Навумава забілі Захаранку, Ганчара і Красоўскага. Пасля гэтага Алкаеў пакінуў краіну.

27 жніўня былы следчы КДБ Генадзь Угляніца і яго памочнік абнародавалі відэастужку, на якой Угляніца заявіў, што Ганчар і Красоўскі былі забітыя спецыяльным атрадам хуткага рэагавання СОБР, які ўваходзіць у склад МУС. Пазней яны прадставілі відэазапіс прызнання чалавека, які сказаў, што ён працаваў вадзіцелем у гэтым атрадзе. Ён заявіў, што прысутнічаў пры забойстве Ганчара і Красоўскага Паўлючэнкам. Гэты чалавек апазнаў месца, дзе, як паведамлялася, забітыя былі пахаваныя; ён сказаў, што джып Красоўскага, які знік разам з палітыкамі, быў закапаны там жа. Далей ён назваў яшчэ некалькі членаў “эскадрона смерці”, сярод іх – Уладзімір Наватарскі, які ўзначальваў “групу захопу”, Аляксандр Мекіянец, Юрый Будзько, лейтэнант Коклін і прапаршчык Мурашка. Рэжым абверг гэтыя абвінавачванні. Спачатку афіцыйныя асобы з КДБ сцвярджалі, што чалавек на відэастужцы – не Угляніца, і што яны даследавалі азначанае месца пахавання і нічога не знайшлі. У кастрычніку Лукашэнка абвінаваціў Злучаныя Штаты і Расію ў змове з мэтай перавезці Угляніцу за мяжу і перашкаджаць ў спробах рэжыму арыштаваць і выдаць Угляніцу.

b. Знікнення

На працягу года не было звестак аб палітычна матываваных знікненнях, аднак факты знікнення некалькіх апазіцыйных дзеячаў у папярэднія гады засталіся невысветленымі.

У ліпені 2000 года Дзмітрый Завадскі, аператар расійскага тэлеканала ОРТ, які да таго быў аператарам у прэзідэнта Лукашэнкі, знік у Мінскім нацыянальным аэрапорце, калі чакаў Паўла Шарамета, журналіста ОРТ, які павінен быў прыехаць з Масквы. У 1997 годзе Завадскі і Шарамет былі арыштаваныя беларускімі ўладамі за незаконны пераход беларуска-літоўскай мяжы падчас здымкаў дакументальнага фільма, у якім крытыкаваўся рэжым Лукашэнкі. Спачатку ўлады абвінавацілі апазіцыю ў арганізацыі знікнення Завадскага, назваўшы гэта правакацыяй, але пачалі расследаванне знікнення. У лістападзе 2000 года Шарамет паведаміў, што некалькі дзеючых і былых афіцэраў міліцыі, у тым ліку члены элітнага падраздзялення Міністэрства ўнутраных спраў “Алмаз”, былі арыштаваныя ў якасці падазроных па справе Завадскага. У той жа час у інтэрнэце з’явіўся адкрыты ліст, нібыта напісаны афіцэрам КДБ, у якім сцвярджалася, што Завадскі быў забіты групай былых і дзеючых афіцэраў службы бяспекі, сярод якіх быў і Валерый Ігнатовіч, былы афіцэр “Алмазу” (гл. Раздзел 1.а.). У лісце таксама сцвярджалася, што найвышэйшыя ўлады, у прыватнасці, тагачасны дарадца па справах нацыянальнай бяспекі Віктар Шэйман і міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, былі у змове з Лукашэнкам і перашкаджалі следчым у канчатковым расследаванні справы. Лукашэнка заявіў, што ліст быў сфабрыкаваны і паабяцаў узнавіць расследаванні па справе знікненняў; аднак ён звольніў генеральнага пракурора і главу КДБ, якія, як было заяўлена, вялі расследаванне, і прызначыў Шэймана генеральным пракурорам. 11 мая ўлады афіцыйна пацвердзілі факт арышту і абвінавачвання ў крадзяжы людзей Ігнатовіча і яшчэ трох чалавек у сувязі са знікненнем Завадскага. Афіцыйныя асобы абвесцілі, што матывам выкрадання была асабістая помста за заяву Завадскага ў адной прыватнай газеце, што афіцэры службы бяспекі, у тым ліку і Ігнатовіч, ваявалі ў Чачні. Большасць назіральнікаў лічаць гэтае тлумачэнне сумнеўным, таму што Завадскі не называў прозвішчаў ніводнага з абвінавачаных.

12 ліпеня генеральны пракурор Шэйман перадаў справу па знікненні Завадскага ў суд. Ён абвінаваціў Ігнатовіча, Маліка і яшчэ дваіх – Аляксея Гуза і Сяргея Савушкіна, акрамя знікнення Завадскага, у сямі наўмысных забойствах, пяці ўзброеных нападах, і яшчэ адным выкраданні людзей. Суд быў зачынены для грамадскасці і прэсы. Жонцы Завадскага і адвакату, які прадстаўляў яго маці, было дазволена прысутнічаць, але суд забараніў ім агалошваць інфармацыю пра ход судовага разбіральніцтва. Некаторыя назіральнікі сцвярджалі, што Ігнатовіч знаходзіўся пад уздзеяннем наркотыкаў падчас дачы паказанняў, каб ён не змог сведчыць аб іншых; улады заявілі, што ён быў у амаль бессвядомым стане, бо трымаў галадоўку, але пазней суддзя загадаў яму пакінуць залу суда. На думку многіх абаронцаў правоў чалавека, у справе Завадскага, якая расследуецца рэжымам, не назіраецца істотных зрухаў, таму што ўлады адмаўляюцца расследавць, ці сапраўды найвышэйшыя прадстаўнікі ўлады загадалі скрасці і забіць гэтых людзей.

Не мае ніякага развіцця і справа былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, які знік 7 мая 1999 года. Захаранка, блізкі паплечнік затрыманага тады былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, знік пасля таго, як пачалося галасаванне на апазіцыйных прэзідэнцкіх выбарах, на якіх Чыгір быў адным з галоўных кандыдатаў. Захаранка быў вельмі папулярны сярод супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў. Даследаванне пачалося праз 6 месяцаў, але і напрыканцы года не было ніякіх сведчанняў таго, што ўлады зрабілі канкрэтныя захады ў рашэнні гэтай справы. Урад не здолеў прадставіць якую-небудзь інфармацыю аб расследаванні ў адказ на запыт Рабочай группы ААН па прымусовых знікненнях. Улады таксама перашкаджалі расследаванням знікнення Захаранкі, наладжаным незалежнымі няўрадавымі арганізацыямі (НДА). У снежні 2000 года, пасля таго як яны абвінавацілі Лукашэнку ў прамым дачыненні да знікнення Захаранкі, жонка і дзеці Захаранкі атрымалі палітычны прытулак за мяжой. Падчас вераснёўскай перадвыбарчай кампаніі падпарадкаваныя рэжыму сродкі масавай інфармацыі паведамлялі, што Захаранка жывы-здаровы і знаходзіцца ў Германіі, і што яго знікненне было сфабрыкаванае апазіцыяй.

Няма здавальняючага рашэння і па знікненні ў верасні 1999 года намесніка старшыні Вярхоўнага Савета 13-га склікання Віктара Ганчара і яго дзелавога партнёра Анатоля Красоўскага. Знікненне мела месца пасля таго, як Лукашэнка на сходзе, які трансліраваўся па дзяржаўным тэлебачанні, загадаў кіраўнікам яго службаў бяспекі раздушыць «апазіцыйнае атрэб’е». Ганчар быў адметным палітыкам, які змагаўся супраць рэжыму, а Красоўскі актыўна займаўся зборам сродкаў для апазіцыі.

19 студзеня ОРТ зрабіла заяву, што рашэнне звольніць кіраўнікоў КДБ Уладзіміра Мацкевіча і генеральнага пракурора Алега Бажэлку, фактычна было непасрэднай рэакцыяй на арэст Дзмітрыя Паўлючэнкі, начальніка спецыяльнай брыгады “Алмаз”. Старшыня КДБ і генеральны пракурор арыштавалі Паўлючэнку ў сувязі з выкраданнем і падазрэннем у забойстве Ганчара і Красоўскага (гл. Раздзел 1.а.). У заяве паведамлялася, што Паўлючэнка быў арыштаваны, але яго выпусцілі пасля асабістага ўмяшання прэзідэнта Лукашэнкі. З крыніцаў, набліжаных да былых кіраўніка КДБ і генеральнага пракурора, стала вядома, што гэтыя двое прасілі дазволу на арышт Віктара Шэймана, які тады ўзначальваў Савет бяспекі пры прэзідэнце, за тое, што ён аддаваў загады здзейсніць забойствы, але Лукашэнка ім адмовіў. Замест гэтага ён звольніў іх і даручыў весці расследаванне Шэйману. 11 чэрвеня на інтэрнет-старонцы НДА “Хартыя 97” Петрушкевіч абвінаваціў Лукашэнку ў тым, што той звольніў Бажэлку дзесьці праз тыдзень пасля таго, як Бажэлка даслаў запыт свайму расійскаму калегу з просьбай аб абсталяванні для пошуку закапаных трупаў. Але Лукашэнка пасля даслаў ліст Расійскаму генеральнаму пракурору, які адмяняў просьбу Бажэлкі аб аказанні тэхнічнай дапамогі.

Напрыканцы жніўня былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў працытаваў былога пракурора Алега Бажэлку, нібыта той пацвердзіў здагадкі наконт яго звальнення, існаванне даклада Лапаціка і праўдзівасць яго сцвярджэнняў (гл. 1.а.). Ні пацвярджэння, ні абвяржэння гэтай заявы ал Бажэлкі не паступіла.

c. Катавання і іншага бязлітаснага, антыгуманнага або зневажальнага абыходжання або пакарання

Канстытуцыя прадугледжвае недатыкальнасць асобы і, у прыватнасці, забараняе катаванні, а таксама бязлітаснае, антыгуманнае або зневажальнае абыходжанне; аднак міліцыя і ахоўнікі турмаў збіваюць затрыманых і вязняў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў і турмаў могуць законна выкарыстоўваць фізічную сілу супраць затрыманых і вязняў толькі ў выпадках, калі апошнія аказваюць фізічнае супраціўленне, адмаўляюцца падпарадкавацца ўказанням турэмнай адміністрацыі, або «зламысна» парушаюць парадак адбывання зняволення. Аднак наглядальнікі за захаваннем правоў чалавека неаднаразова паведамлялі, што следчыя прымушаюць да прызнанняў праз збіванні і псіхалагічны ціск. У лістападзе 2000 года Камісія ААН супраць катаванняў выдала свае заключэнні і рэкамендацыі па трэцяй перыядычнай справаздачы па краіне. Камісія выказала заклапочанасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека і звярнула ўвагу на шматлікія скаргі на катаванні і антыгуманнае абыходжанне або пакаранне з боку дзяржаўных асобаў або з іх згоды. Па звестках, гэтыя парушэнні здзяйсняліся ў дачыненні да палітычных апанентаў рэжыму і мірных дэманстрантаў. Міліцыя і агенты ў цывільным часта збіваюць людзей падчас арыштаў і затрыманняў. Напрыклад, на працягу года міліцыя неаднаразова збівала Аляксандра Абрамовіча і Сяргея Паджолку, двух вядомых актывістаў па абароне правоў чалавека ў Барысаве, за арганізацыю негвалтоўных пратэстаў. Апанент Лукашэнкі Аляксандр Чыгір заявіў, што яго збілі і адмовілі ў неабходнай медыцынскай дапамозе. Улады рэдка каралі супрацоўнікаў, вінаватых у такіх злоўжываннях, ці не каралі ўвогуле.

4 красавіка паліцыя затрымала чарговых чатырох членаў маладзёжнай апазіцыйнай групоўкі “Зубр” за тое, што яны малявалі графіці на сценах Мінскага завода халадзільнікаў (гл. Раздзел 1.г.). Міліцыянты тут жа апранулі на маладых людзей наручнікі, кінулі іх на зямлю і аблілі фарбай з балончыкаў іх рукі. Двое юнакоў – Аляксей Шыдлоўскі і Цімафей Дранчук - заявілі, што міліцыянты білі іх у аддзяленні міліцыі пасля арышту.

5 красавіка ў Мінску двое міліцыянтаў затрымалі Нікіту Сасіма, непаўналетняга члена “Зубра” нібыта за тое, што ён напісаў “Зубр” на аўтобусным прыпынку, а таксама на сценах будынка і моста паблізу. Дзяжурны міліцыянт апрануў на юнака наручнікі, збіў яго, абліў яго валасы фарбай з балончыка і прыгразіў, што паголіць хлопцу галаву. Пасля іншыя міліцыянты цалкам распранулі яго і пратрымалі ў халоднай камеры ўсю ноч. Спрабуючы прымусіць юнака падпісаць пісьмовыя паказанні, міліцыянты зноў апранулі на яго наручнікі,прымусілі легчы на зямлю і пачалі страляць з пісталета над галавой хлопца. Міліцыянты таксама прыгразілі хлопцу электрашокам і не давалі яму ежы.

Міліцыя нярэдка збівала ўдзельнікаў дэманстрацый і часам адмаўляла затрыманым у ежы (гл. Раздзел 1.b. і 2.b.).

Было вельмі шмат заяваў па фактах збівання міліцыянтамі і агентамі ў цывільным напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 верасня. Напрыклад, у ліпені Ігар Гайшун і Сяргей Стрыжэлка , абодва – паплечнікі Алега Волчака, вядомага праваабаронцы і актывіста, былі збітыя ў пад’ездах сваіх дамоў невядомымі налётчыкамі ў цывільным. Налётчыкамі, нібыта, былі супрацоўнікі службы бяспекі і міліцыі (гл. Раздзел 1.б.). У жніўні , за 2 тыдні да выбараў, Гайшун зноў быў моцна збіты і ляжаў непрытомны і скрываўлены ў ліфце свайго дома на працягу некалькіх гадзін, пакуль яго не знайшла жонка.

Паведамляецца, што «дзедаўшчына» - практыка здзекаў над навабранцамі шляхам біцця і іншых форм фізічнага і псіхічнага гвалту – па-ранейшаму працягвалася. За першыя 5 месяцаў гэтага года, паводле дзяржаўнай статыстыкі, было адзначана 30 такіх выпадкаў. Намаганні членаў сем’яў і праваабаронцаў па расследаванні гэтых выпадкаў і іншых звестак пра “дзедаўшчыну” блакуюцца дзяржаўнымі ўладамі.

Умовы ўтрымання ў турмах нездавальняючыя і адзначаюцца вялікім перапаўненнем, нястачай прадуктаў харчавання і лекаў, распаўсюджваннем такіх захворванняў, як туберкулёз, сіфіліс і ВІЧ/СНІД. Турэмныя ахоўнікі рэгулярна збіваюць затрыманых і вязняў. Паводле словаў Уладзіміра Кудзінава, члена разагнанага парламенту, які гучна крытыкуе рэжым Лукашэнкі, гвалт шырока распаўсюджаны ў турмах. Сам Кудзінаў правёў 4 гады ў турме.

Паводле праваабаронцаў, умовы ў турэмных шпіталях былі нездавальняючыя. Хаця афіцыйная статыстыка па перапаўненні турмаў адсутнічае, прадстаўнікі Кансультацыйна-назіральнай групы (КНГ) АБСЕ, якія наведалі месца ўтрымання вязняў у Віцебску ў чэрвені 1999 года, адзначылі, што ў адной камеры 16 вязняў-жанчын дзялілі міжсобку 10 ложкаў, у той час, як у другой камеры 14 вязняў ва ўзросце ад 14 да 17 год дзялілі 8 ложкаў. Адзін з назіральнікаў адзначыў, што ў турмах Магілёўскай вобласці, разлічаных на 8 550 вязняў, змяшчалі больш за 14 000 чалавек. Сярэдняя плошча на кожнага вязня склала каля 1 квадратнага метра. Турэмнае харчаванне не адпавядала мінімальным медыцынскім патрабаванням. Вязні-жанчыны і вязні-мужчыны ўтрымліваюцца паасобку. Непаўналетнія ўтрымліваюцца асобна ад дарослых. Затрыманыя да суда звычайна знаходзяцца асобна ад асуджаных вязняў; аднак, з прычыны перапоўненасці турмаў, часам яны могуць утрымлівацца разам. Затрыманыя ў месцах папярэдняга зняволення таксама скардзіліся на кепскія ўмовы і адмовы ў аказанні медыцынскай дапамогі, што значна пагаршала іх здароўе, пакуль яны чакалі суда.

Час ад часу рэжым дазваляў назіральнікам па правах чалавека наведаць турмы, каб азнаёміцца з умовамі ўтрымання. Аднак на працягу года толькі членам сем’яў і адвакатам было дазволена наведаць некаторых зняволеных індывідуальна.

d. Беспадстаўнага арышту, затрымання і высылкі

Закон абмяжоўвае беспадстаўныя арышты, аднак на працягу года сілы бяспекі працягвалі беспадстаўныя арышты і затрыманні. Болей за ўсё яны тычыліся дэманстрацый, некаторыя з якіх былі несанкцыянаваныя (гл.Раздзел 2.b.). Працягваліся палітычна матываваныя арышты, хаця большасць арыштаваных былі адпушчаныя праз некалькі дзён ці гадзін.

Крымінальна-працэсуальным кодэксам прадугледжваецца, што міліцыя можа затрымаць асобу да трох гадзін без тлумачэння прычыны. Міліцыя можа затрымаць асобу па падазрэнні ў злачынстве на 24 гадзіны без ордэра, каб за гэты час паведаміць аб затрыманні пракурору. Затым пракурор мае 48 гадзін, каб разгледзець пытанне законнасці затрымання. Калі пракурор лічыць затрыманне законным, падазроны можа ўтрымлівацца максімум 10 дзён без прад’яўлення фармальнага абвінавачвання. Аднак звычайна, калі прынята рашэнне аб затрыманні падазронага, фармальныя абвінавачванні прад’яўляюцца. Калі ў адрас падазронага вылучана абвінавачванне, судовы працэс павінен распачацца ў межах двух месяцаў, хаця ў некаторых выпадках генеральны пракурор можа падоўжыць перадсудовае затрыманне да 18 месяцаў, каб правесці далейшае расследаванне. У выпадку, калі падазронага, якому было вылучана абвінавачванне, адпускаюць пад падпіску аб нявыездзе, абмежаванняў у часе перадсудовых расследаванняў няма. Закон дазваляе затрыманым звярнуцца ў суд (а не да пракурора) у справе вызначэння законнасці іх затрымання. Аднак на практыцы зваротам падазроных аб пераглядзе судамі рашэння аб іх затрыманні часта не даюць ходу, бо афіцыйныя асобы, адказныя за затрыманне, не жадаюць адсылаць гэтыя звароты. Статыстыка аб колькасці асобаў, што ўтрымліваюцца ў папярэнім зняволенні, а таксама аб сярэдняй працягласці папярэдняга зняволення была недаступная. У існуючым прававым кодэксе няма палажэння аб вызваленні пад заклад.

Нягледзячы на нормы закону, следчыя звычайна не інфармавалі затрыманых аб іх правах і праводзілі папярэднія допыты, не даючы затрыманым магчымасці пракансультавацца з адвакатам. Інфармацыя, атрыманая на допытах без адваката выкарыстоўвалася супраць абвінавачаных на судзе. Доступ членаў сям’і да затрыманых знаходзіцца ў кампетэнцыі следчых, і часта ім не паведамлялася, што член іх сям’і, нават непаўналетні, затрыманы.

Адміністрацыйны кодэкс дазваляе затрымліваць любога грамадзяніна да 3 гадзін без прад’яўлення абвінавачвання, і ўлады часта карыстаюцца гэтым палажэннем. Такія кароткія затрыманні рэгулярна выкарыстоўваліся ў перыяд, што папярэднічаў прэзідэнцкім выбарам 9 верасня, каб у крытычныя моманты прыбраць з вуліц падазроных лідэраў апазіцыі. Гэтыя затрыманні часта цягнуліся даўжэй за тры гадзіны. Напрыклад, 1 верасня, за 8 дзён да выбараў, Алесь Бяляцкі, адзін са старшынь мясцовай незалежнай сеткі наглядальнікаў, быў затрыманы на працягу прыкладна сямі гадзін. На думку ўладаў, Бяляцкі і яшчэ некалькі чалавек ладзілі пратэст падчас адборачнага матчу на Кубак Свету. Бяляцкага трымалі, пакуль не пачалася гульня.

Невядомыя агенты ў цывільным, якія працуюць на службы бяспекі, рэгулярна хапалі і затрымлівалі ўдзельнікаў дэманстрацый, накіраваных супраць рэжыму, а таксама распаўсюджвальнікаў апазіцыйных матэрыялаў. Мелі месца некалькі паведамленняў, што асобы і члены арганізацый, што займаліся публікацыяй апазіцыйных сродкаў масавай інфармацы, былі арыштаваныя і затрыманыя (гл. Раздзел 2.а.). Афіцэры органаў бяспекі, пры зручных выпадках, папярэдне арыштоўвалі і затрымлівалі арганізатараў і асобаў, што лічыліся патэнцыяльнымі ўдзельнікамі ў дэманстрацыях (гл. Раздзел 2.b.). Супрацоўнікі органаў бяспекі не выпускалі некаторых затрыманых пасля дэманстрацый, не дазваляючы ім паведаміць аб сваім месцазнаходжанні. Затрыманых ніхто не наведваў і яны ні з кім не размаўлялі. Акрамя соцень пратэстуючых супраць рэжыму, якіх улады затрымлівалі на некалькі гадзін альбо дзён, улады таксама трымалі відных палітычных затрыманых у папярэднім зняволенні доўгі час, некаторыя знаходзіліся там болей за год.

10 лютага міліцыя арыштавала Аляксандра Чыгіра, сына былога прэм’ер-міністра і актыўнага апанента Лукашэнкі Міхаіла Чыгіра. Яго публічна абвінавацілі ў продажы скрадзеных аўтамабільных запасных частак. Абвінавачванні ў “буйным крадзяжы, здзейсненым групай”, цягнуліся да канца года. Напрыканцы года адвакат Аляксандра Чыгіра трапіў у шпіталь і чакаў аперацыі, якая была яму неабходнай пасля нападу на яго невядомых 6 сакавіка. Такім чынам, ён не мог прадстаўляць свайго кліента. Аляксандр Чыгір заявіў, што падчас зняволення ён быў збіты, і яму было адмоўлена ў неабходнай медыцынскай дапамозе.

5 красавіка міліцыя затрымала 4 членаў маладзёжнай суполкі “Зубр”: Аляксея Шыдлоўскага, Цімафея Дранчука, Дзмітрыя Драпочку і Алеся Апраніча па падазрэнні ў тым, што яны размалявалі фарбай з балончыкаў агароджу вакол Мінскага завода халадзільнікаў (гл. Раздзел 1.c.). Іх забралі ў Цэнтральнае аддзяленне міліцыі. Міліцыя не дазваляла юнакам кантактаваць з роднымі або адвакатамі і трымала іх ў аддзяленні да вечара 6 красавіка. Адвакаты сустрэліся са сваімі кліентамі 6 красавіка, але ім не дазвалялася размаўляць са сваімі кліентамі сам на сам. Міліцыя прымусіла чатырох юнакоў падпісаць фальсіфікаваныя дакументы, з якіх вынікала, што міліцыя мела законныя падставы на іх затрыманне. Затрыманыя адмовіліся ад дачы паказанняў міліцыі. Журналісты, дыпламаты і супрацоўнікі КНГ АБСЕ не маглі атрымаць інфармацыю пра чатырох юнакоў. Іх трымалі ўсю ноч у прыёмніку-размеркавальніку Мінскай гарадской міліцыі.

1 верасня 20 актывістаў “Зубра” былі затрыманыя за тое, што былі апранутыя ў кашулі не таго колеру падчас футбольнага матчу паміж Беларуссю і Ўкраінай. На моладзі былі белыя і чырвоныя кашулі, і седзячы на адпаведных месцах, яны ўтваралі жывы бел-чырвона-белы сцяг, які сімвалізуе незалежны сцяг Беларусі, які Лукашэнка замяніў сцягам, падобным да сцяга Беларусі савецкіх часоў. Публічная дэманстрацыя нацыяналістычнага сцяга была абвешчана незаконнай (гл. Раздзел 2.а.). Заўважыўшы, што міліцыя гуртуецца вакол іх, яны паспрабавалі пакінуць матч у перапынку, але былі затрыманыя дзесяткамі міліцыянтаў. Іх трымалі ўсю ноч, а кашулі канфіскавалі.

Канстытуцыя не мае палажэння аб прымусовай высылцы, і звычайна ўлады яе не выкарыстоўваюць. Аднак былі вартыя даверу звесткі, што службы бяспекі пагражалі апазіцыйным палітычным дзеячам і лідэрам прафсаюзаў крымінальным пераследам або фізічнымі мерамі, калі тыя не спыняць сваёй дзейнасці і не пакінуць краіну.

e. Адмова ў правядзенні справядлівага адкрытага судовага працэсу

Канстытуцыя 1994 года прадугледжвала незалежную судовую ўладу. Аднак на практыцы судовая ўлада не з’яўлялася незалежнай і была не ў стане ажыццяўляць кантроль за выканаўчай галіной улады і яе прадстаўнікамі. Рэформы, прынятыя ў падтрымку незалежнасці судовай улады ў 1995 годзе, засталіся невыкананымі. Канстытуцыя 1996 года надалей падпарадкавала судовую ўладу выканаўчай галіне, надаўшы прэзідэнту ўладу прызначаць 6 з 12 членаў Канстытуцыйнага Суда, уключна са старшынёй. Астатнія шэсць прызначаюцца Саветам Рэспублікі, які сам па сабе складаецца з асобаў, прызначаных прэзідэнтам, або з тых, каго выбіраюць асобы, што знаходзяцца пад уплывам прэзідэнта. Прэзідэнт прызначае таксама старшыняў Вярхоўнага Суда і Вярхоўнага Эканамічнага Суда. Прэзідэнт таксама надзелены ўладай прызначаць і звальняць усіх раённых і вайсковых суддзяў.

Сістэма правасуддзя мае тры ўзроўні: раённыя суды, абласныя суды і Вярхоўны Суд. Канстытуцыйны Суд быў заснаваны для вынясення рашэнняў па важных канстытуцыйных пытаннях, аднак, знаходзячыся ў залежнасці ад выканаўчай галіны ўлады, ён не аспрэчвае прэзідэнцкія ініцыятывы на практыцы. Канстытуцыйны Суд не мае сродкаў, каб уводзіць у дзеянне свае рашэнні.

Пракуратуры, як і суды, арганізаваныя ва ўстановы на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Яны ў рэшце рэшт нясуць адказнасць перад генеральным пракурорам і падпарадкоўваюцца генеральнаму пракурору, які, паводле Канстытуцыі, прызначаецца Саветам Рэспублікі. Пракуроры не з’яўляюцца незалежнымі і не валодаюць паўнамоцтвамі, каб вылучыць абвінавачванні супраць прэзідэнта або прэзідэнцкай адміністрацыі.

У адпаведнасці з прэзідэнцкім дэкрэтам 1997 года ўсе адвакаты падпарадкоўваюцца Міністэрству юстыцыі, якое трымае пад кантролем выдачу ліцэнзій адвакатам і, у значнай ступені, асацыяцыя адвакатаў таксама падкантрольная Міністэрству юстыцыі. Паводле міжнародных правазнаўцаў і наглядальнікаў за правамі чалавека, дэкрэт сур’ёзна скампраметаваў незалежнасць адвакатаў ад уладаў.

Абедзве канстытуцыі, як 1994, так і 1996 года прадугледжваюць публічнасць судовых працэсаў, хаця выключэнні могуць складаць выпадкі, абумоўленыя законам (напрыклад, у выпадках згвалтавання альбо ў інтарэсах дзяржаўнай бяспекі). Напрыклад, суд над асобамі, абвінавачанымі ў знікненні аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага быў закрыты для грамадскасці ў інтарэсах бяспекі, бо падсудныя папярэдне мелі дачыненне да Міністэрства ўнутраных спраў і былі дасведчаныя ў дзяржаўных таямніцах, а таксама з мэтай абараніць сведак (гл. Раздзел 1.b.). Судовыя рашэнні выносяцца суддзямі. Толькі ў працэсах па справах, за якія прадугледжваецца смяротнае пакаранне, і ў якіх падсудны не прызнае сваёй віны і патрабуе суда прысяжных, прысяжныя прызнаюць альбо не прызнаюць яго віну. Суддзі залежныя ад Міністэрства юстыцыі ў плане падтрымання інфраструктуры суда, а таксама ад мясцовых выканаўчых ўладаў, якія прадастаўляюць ім жыллё. Шырокае распаўсюджанне атрымалі вартыя даверу звесткі, што выканаўчыя і мясцовыя ўлады дыктуюць судам вынікі судовых працэсаў. Пракуратура абвяргае гэтую інфармацыю.

Падсудныя маюць законнае права прысутнічаць на судовых паседжаннях, абвяргаць сведак і сведчыць ад свайго імя. Аднак гэтыя правы не заўсёды паважаюцца на практыцы. Згодна з законам, затрыманым павінны быць дазволены неабмежаваны доступ да адваката, для тых жа, хто не можа дазволіць мець свайго адваката, суд прызначае абаронцу. Аднак не заўсёды гэтае права прадастаўляецца на практыцы. Нягледзячы на тое, што Канстытуцыя прадугледжвае прэзумпцыю невінаватасці, на практыцы падсудныя часта павінныя даказваць сваю невінаватасць. Згодна са статыстыкай Беларускага Хельсінкскага Камітэта за 1998 год, якая з’яўляецца самай апошняй, пракуроры вылучылі абвінавачванні супраць 59 700 асобаў, толькі 272 з якіх, што складае 0,5%, былі прызнаныя невінаватымі.

І падсудныя, і пракуроры маюць права падаць апеляцыю на рашэнне суда, і ў большасці крымінальных справаў падаюцца апеляцыі. Аднак даволі рэдка гэта заканчваецца адменай прыгавору. Пры разглядзе апеляцый ані падабаронныя, ані сведкі не з’яўлюцца перад судом; суд папросту разглядае пратакол і іншыя дакументы судовай справы ніжэйшай інстанцыі. На працягу года пратэстуючыя супраць рэжыму, арыштаваныя пасля дэманстрацый, падвяргаліся судовым справам па метаду канвеера, часта без права звярнуцца да адваката, або магчымасці прадставіць сведчанні ці выклікаць сведкаў (гл. Раздзел 2.b.). Напрыклад, Вінцук Вячорка, лідэр апазіцыйнага Беларускага народнага фронту, быў прыгавораны да 15 дзён турэмнага зняволення за правядзенне несанкцыянаванага мітынгу ў сакавіку. На судзе яму не было дазволена ні падаць апеляцыю, ні зрабіць заключную заяву.

18 чэрвеня прафесары Уладзімір Раўкоў і Юрый Бандажэўскі былі абвінавачаныя ў хабарніцтве і пасля чатырох месяцаў суда прыгавораныя да 8 гадоў турмы. Некаторыя назіральнікі заявілі, што ўлады прад’явілі абвінавачванні Раўкову і Бандажэўскаму ў адказ на іх адкрытую крытыку таго, як урад займаецца праблемамі ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі. Раўкоў, былы прарэктар Гомельскага Дзяржаўнага Медыцынскага Інстытута, ужо правёў 19 месяцаў у камеры папярдняга зняволення. Бандажэўскі – былы рэктар таго ж інстытута. Па справе, распачатай ў 1999 годзе, не сабрана ніякіх доказаў, якія б пацвердзілі факт атрымання хабару памерам у 200 000 даляраў. Паводле паведамленняў, студэнты і іх бацькі сведчылі пад прымусам. Са слоў Раўкова, за тыя 19 месяцаў, што ён правёў у камеры папярэдняга зняволення, следчы дапытваў яго ў агульнай колькасці ад 14 да

напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: