|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
“Балтыка” – “Крыніца”: ці адбудзецца вянчаньне? 11:09, 15/03/2002, Росбалт Рэха перадвыбарчых баталіяў А як усё добра пачыналася! Дакладна год таму – у сакавіку 2001 году—Менск наведаў чалавек зь нязвыклым для беларускага вуха імем – Таймураз Балоеў. Нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі прадставілі кіраўніка пецярбургскай кампаніі “Балтыка” як пасьпяховага “піўнога барона”.Т.Балоеў сустрэўся з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і, як паведаміла мясцовая тэлевізія, паабяцаў яму ўкласьці 50 млн. даляраў у тэхнялягічную мадэрнізацыю “Крыніцы” – лідэра піўной галіны Беларусі. Навіна пра гэта адразу набыла палітычную афарбоўку, бо Беларусь рыхтавалася да прэзыдэнцкіх выбараў. Апазыцыйныя дзеячы пабачылі ў гэтых 50 мільёнах “грошы на выбарчую кампанію Лукашэнкі”. Зрэшты, як высьветлілася пазьней, гэтыя падазрэньні не пацьвердзіліся. Больш за тое, Беларусь увогуле не пабачыла грошай “Балтыкі” у бліжэйшы пасьля дасягненьня дамоўленасьці месяцы. Згодна вэрсіі беларускіх СМІ, камэрцыйная пасыўнасьць, перш усяго, сыходзіла ад пецярбургскіх півавараў, якія нібыта вырашылі дачакацца выніку прэзыдэнцкіх выбараў. Ня выключана, што такім чынам ацаніў падзеі й беларускі лідэр. І ня проста ацаніў – адклаў у памяці, схаваў, як лічаць многія, да пэўнага часу адпаведную яму помсьлівасьць. А паколькі прэзыдэнцкая кампанія ў Беларусі праходзіла ў разгар піўнога сэзону, нечакана ўсплыў яшчэ адзін палітычны фактар. Падчас “турнэ” па гарадох і вёсках краіны, А.Лукашэнка ня мог не заўважыць, што на дзьве-тры бутэлькі беларускага піва на мясцовых прылаўках прыпадала да дзесятка найменьняў піва замежных вытворцаў. У тым ліку, вядома, і “Балтыкі”. Тады ж, як адзначаюць назіральнікі, упершыню стары новы кандыдат у прэзыдэнты добра “пачуў” найстойлівыя галасы кіраўнікоў беларускіх піўзаводаў: “Мы маем патрэбу ў абароне сваіх інтарэсаў, калі Беларусь хоча захаваць нацыянальную піваварню”. Спад нацыянальнага вырабу піва На сёньня вырабам піва ў Беларусі займаецца 16 заводаў, 3 невялікія прадпрыемствы, што ўваходзяць у сыстэму спажывецкай каапэрацыі, і каля дзесятка прыватных міні-заводаў. Максымальная магутнасьць усёй нацыянальнай піваварнай галіны – 35 млн. дэкалітраў піва ў год. Насамрэч беларускія півавары вырабляюць хмяльнога напою значна меней – каля 20 млн. дэкалітраў. Гэта многа ці мала? Як гаворыцца, усё пазнаецца ў параўнаньні. Гадавая вытворчасьць піўной прадукцыі “Балтыкі”, напрыклад, ледзь ні ў тры разы пераўзыходзіць сукупны аб’ём беларускіх півавараў. Натуральна, зразумелая радасьць адносна прыходу такога буйнога інвэстара як “Балтыка”, але чаму дзеля яго неабходна растаптаць іншых вытворцаў?”, -- гэтае недвухсэнсоўнае пытаньне належыць Алегу Кісялю, дырэктару Берасьцейскага камбінату безалькагольных напояў. Варта зазначыць, што берасьцейскі завод, як і менская “Крыніца”, зьўяляецца адным з асноўных ігракоў на беларускім піўным рынку. Сёньня гэтае прадпрыемства, паводле словаў дырэктара, выжывае выключна дзякуючы сваёй шматпрофільнасьці. Так, палова сотні чалавек працуюць на выпуску віна й зарабляе для берасьцейскага заводу 65% усяго ягонага прыбытку. “З 1996 году, нам не дазволілі працаваць так, каб мы маглі зарабіць на разьвіцьцё”, -- заяўляе А.Кісель. На думку экспэртаў, у гэтых словах сп.Кіселя хаваецца значная частка праўды пра найновую гісторыю беларускага вырабу піва. Чаму беларускія півавары згадваюць менавіта 1996 год? Як ні дзіўна, але гэта зьвязана з Расеяй. Сёлета Расейская Федэрацыя рашылася на магутны крок па падтрымцы сваіх вытворцаў піва. Акцыз на прадукцыю півавараў быў зьніжаны да 15%. У Беларусі гэты ж падатак на ўзроўні 40% працягваў утрымліваць ажно да 2000 г. Розныя эканамічныя ўмовы, пры адсутнасьці дзяржаўнай мяжы паміж двума краінамі, выклікалі у іх супрацьлеглыя працэсы. Піўная галіна Расеі стала адраджацца, а Беларусь - занепадаць. Ці ведаў пра гэта Аляксандар Лукашэнка? Вядома. Аднак, як лічаць мясцовыя півавары, беларускі лідэр наўрадці разумеў глыбінны сэнс гэтых працэсаў, а яшчэ меней – іхных наступстваў. Менавіта А.Лукашэнка быў перакананым прыхільнікам захаваньня дзяржаўнага пляну на сыравіну для беларускіх півавараў. Урад краіны абавязваў іх варыць піва з ячменя, які вырошчваўся мясцовымі калгасамі й саўгасамі. Але якасьць гэтага ячменю, як скардзіліся дырэктары піўзаводаў, было вельмі нізкім, бо асаблівага клопату аб тэхналёгіі вырошчваньня піўной сыравіны калгасы-саўгасы не праяўлялі. У выніку, беларускія маркі піўной прадукцыі сталі хутка губляць пазыцыі на спажывецкіх рынках як унутры краіны, так і за ейнымі межамі. Напрыклад, Лідзкі піўзавод (Гарадзенская вобласьць), які ў савецкія часы вырабляў ледзь ня лепшае ў СССР піва яшчэ ў сярэдзіне 90-х экспартаваў у Расею каля 40% сваёй прадукцыі. Зараз экспарт упаў у 4 разы. Генэральны дырэктар акцыянэрнага таварыства “Лідзкае піва” Ўладзімера Юфа, камэнтуючы ў СМІ прычыны вытворчага спаду, заявіў: “Сёньня рэнтабельнасьць на заводзе трымаецца на ўзроўні 11%. Але падтрымліваць яе ўдаецца толькі за кошт вытворчасьці віна, якім загружана 50% магутнасьцяў”. Як і кіраўнік берасьцейскага прадпрыемтсва, лідзкі лідэр ставіць рытарычнае пытыньне: “Хіба ў гэтым віна прадпрыемства? Мы ж горш працаваць ня сталі?”. Паводле словаў У. Юфы, заводу ў Лідзе, каб выжыць на піўным рынку, трэба каля 10 млн. даляраў інвэстыцыяў. Выжываньне клапоціць сёньня, бадай, усіх беларускіх півавараў. Напрыклад, тыя самыя прадпрыемствы Берасьці й Ліды яшчэ летась пачалі перамовы аб інвэстыцыях з расейскай “Асацыяцыяй піваварняў Івана Таранава”. Слуцкі піўзавод (Менская вобласьць) аб’явіў пра намер карэннай мадэрнізацыі за кошт сродкаў маскоўскай піўной кампаніі “Очаково”. Гарадзенскі, Віцебскі і Маладзечанскі (Менская вобласьць) піўзаводы паспрабавалі прыцягнуць для інвэстыцыйнага супрацоўніцтва адну германскую фірму. Пры гэтым дырэктар маладзечанскага прадпрыемства Ўладзімер Германчук ацэньваў пэрспэктывы атрыманьня беларускімі заводамі замежных інвэстыцыяў, выказаў адметную думку: “Мне падаецца, ніводны інвэстар ня будзе нічога прадпрымаць, пакуль не пабачыць, якое разьвіцьцё атрымае праект “Балтыка” - “Крыніца”, і наколькі апраўданае ўкладаньне сродкаў у беларускі піўны рынак”. Безь лядовага палацу шлюбу ня будзе? Усяго нейкія тры з паловаю месяцы таму віцэ-прэзыдэнт “Балтыкі” Адам Тлехурай упэўнена заяўляў беларускім СМІ: “Што б зараз ня здарылася, мы да 1 сакавіка пабудуем завод магутнасьцю 10 млн. дэкалітраў у год” (“Белорусская газета”, 26 лістапада 2001 г.) на жаль, агучаны тэрмін уводу рэканструяванага беларускага заводу, як мы сёньня ведаем, сарваныя. Праект “Балтыка”- “Крыніца” апынуўся ў цэнтры гучнага скандалу, які атрымаў шырокую агласку ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі. Хто вінаваты? Кожны бок публічна лічыць сябе правым і ў зрыве дамоўленасьцяў абвінавачвае партнёра. Цікава і тое, што ў самой Беларусі да ўдзельнікаў скандалу ставяцца па-рознаму. Дастаткова значная частка насельніцтва, уключна з палітыкамі, прадстаўнікамі дзелавой эліты і, вядома, мясцовых прыхільнікаў прадукцыі “Балтыка”, лічаць жыхароў Піцеру ахвярамі падману, зьдзейсьненага беларускімі ўладамі. Пры гэтым яны не разумеюць даверлівасьць кіраўніцтва “Балтыкі” абяцаньнямі А.Лукашэнкі. Прэзыдэнт Беларусі, як сьведчыць сямігадовы досьвед ягонага праўленьня, неаднаразова публічна сьцьвярджаў адно, але рабіў іншае. Выраз “чэсна гавару”, з тэатральным прыцісканьнем правай рукі да сэрца, стала неад’емным элементам забаўляльных вулічных шоў у выкананьне палітызаванай беларускай моладзі. Прычым, у масавай аўдыторыі “герой” гэтых спэктакляў мае 100-адсоткавую пазнавальнасьць. Мы ня “кінулі” “Балтыку”, -- заяўляе ў апошні час А.Лукашэнка у адказ на выпады сваіх крытыкаў. У інтэрвію амэрыканскай газэце “The Wall Street Journal”, апублікаваным 1 сакавіка, беларускі лідэр, як ні ў чым не бывала, выдаў чарговае абяцаньне: “Я забясьпечу падтрымку “Балтыцы” на беларускім рынку будзе фінансаваньне ёю сацыяльных праектаў. Падобна, піцерцам, у абмен на супрацоўніцтва, будзе прапанавана ня толькі захаваньне працоўных месцаў на “Крыніцы”, але і ўзьвядзеньне, як падкрэсьліваюць А.Лукашэнка і ягонае кола, новага лядовага палацу ў Беларусі! Як паведаміла “The Wall Street Journal”, “са словаў кіраўніка дзяржавы вынікала, што “Балтыка” мае намер інвэставаць у Беларусь 50 млн. даляраў, пасьля чаго, як вынікае з дамоўленасьцяў, расейская кампанія атрымае кантрольны пакет акцыяў “Крыніцы”. Палякі пакуль не рызыкуюць Днямі ў Беларусь прыязджаў дырэктар гандлёвых сувязяў польскай піваварнай фірмы “Дойліды” Ежы Кавальскі. Беларускім СМІ ён распавёў гісторыю пераўтварэньня “Дойлідаў” у сучасную піваварную кампанію. Гісторыя адметная тым, што нямецкі інвэстар Binding Brauerei уклаў у польскі піваварні за апошнія тры гады 50 млн. даляраў. Сп.Кавальскі падзяліўся таксама плянамі разьвіцьця польскага прадпрыемства. У іх ліку – будаўніцтва заводаў у Маскве й Калінінградзе. На пытаньне, што замінае “Дойлідам” укласьці інвэстыцыі ў піўны бізнэс Беларусі, прадстаўнік польскага прадпрыемства шчыра заявіў: “Тут няма нармалёвага заканадаўчага забесьпячэньня. У мяне, напрыклад, ёсьць жаданьне адкрыць у Беларусі сваю фірму. Але ніхто зь беларускіх бізнэсоўцаў мне гэтага рабіць не рэкамэдуе. У нестабільнай эканоміцы ніхто не жадае рызыкаваць граўыма – іх можна згубіць”. Няма сумневу, што візыт польскага бізнэсоўца быў выкліканы чуткамі аб надыходзячай прыватызацыі півавараннай галіны Беларусі замежнымі інвэстарамі. Што таксама несумненна. Сп.Кавальскі ўважлівым чынам вывучыў прычыны інвэстыцыйных цяжкасьцяў, які сталі тут на шляху піцерскай “Балтыкі”. Ягоная выснова – “несвоечасова” – наўрадці ёсьць падставы лічыць памылковай. Беларуская “Крыніца” апынулася “нявестай” хаця і прыцягальнай, але са сваім наравістым, “бацькам”, які ўсім камандуе. Дарэчы, “Крыніца” на 11 красавіка заплянавала правядзеньне гадавогу сходу сваіх акцыянэраў. Але што дзіўна, у аб’яўленай павестцы дня будучага мерапрыемтсва няма пытаньняў, зьвязаных з “Балтыкай”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|