Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі рэжым будзе дабівацца адмены санкцыяў супраць Ірака 11:13, 15/03/2002
Супрацоўніцтву Беларусі зь Іракам замінае эканамічная блякада Багдада. Пра гэта заявіў у пятніцу намесьнік галавы адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Козік. “Эканамічная блякада Ірака замінае разьвіцьцю нашых стасункаў і мы павінны садзейнічаць адмене такіх мер”, - сказаў Козік. У сваю чаргу кіраўнік іракскай дэлегацыі віцэ-прэм’ер, міністар фінансаў Ірака Хікмат Аль-Азаві, які знаходзіцца ў Менску з учорашняга дня, заявіў, што ў выпадку адмены санкцыяў Беларусь і Ірак маглі б павялічыць маштабы супрацоўніцтва й пашырыць сфэру партнёрства.
Падчас паседжаньня сумеснай беларуска-іракскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, плянуецца абмеркаваць шэраг праектаў стварэньня ў Іраку вытворчых магутнасьцяў па зборцы трактараў, грузавых аўтамабіляў, шкляной вытворчасьці й выпуску шынаў.
Падчас знаходжаньня ў Беларусі дэлегацыя Ірака наведае Менскі аўтамабільны завод, а таксама вытворчае аб’яднаньне “Інтэграл”.
Плянуецца, што віцэ-прэм’ер Ірака будзе прымаць Аляксандар Лукашэнка, віцэ-прэм’ер Сяргей Сідорскі, міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў і старшыня праўленьня Нацыянальнага банка РБ Пётар Пракаповіч.
Паводле афіцыйных дадзеных, у 2001 годзе аб’ём таваразвароту паміж Беларусяй і Іракам склаў трошкі больш за 26 млн. даляраў, прычым уся гэтая сума прыпадае на беларускі экспарт.