Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
24 сакавіка Беларусь адзначыць Дзень Волі 11:04, 20/03/2002
Нацыянальны арганізацыйны камітэт па сьвяткаваньні Дня Волі правёў прэсавую канфэрэнцыю, прымеркаваную да сьвяткаваньня 84-ай гадавіны БНР. Знамянальна, што ўдзел у ёй прынялі вядомыя беларускія музыкі: Лявон Вольскі (лідэр гурта NRM), Вячаслаў Корань (гурт ULIS), бард Зьміцер Сідаровіч. “Нам не ўсё адно, які ў краіне сьцяг, які гімн і якім будзе будучыня Беларусі. Менавіта таму мы будзем 24 сакавіка ў Парку Янкі Купалы”, -- заявіў Вячаслаў Корань.
Лідэр Беларускага Народнага Фронту Вянцук Вячорка заявіў журналістам пра намер даць беларусам “аптымальны запал”, каб яны “адчулі, што Дзень Волі – гэта сапраўднае сьвята, годнае таго, каб стаць дзяржаўным”. Ён таксама заявіў пра тое, што гадавіна незалежнасьці БНР будзе адзначацца ня толькі ў Менску, але і ў шэрагу іншых гарадоў: Горадні, Віцебску, Берасьці, Пінску, Маладэчні і іншых гарадох.
У аповедзе аб правядзеньні Дня Волі ў Менску, бард Зьміцер Сідаровіч паведаміў, што менчукі павінны сабраццца 24 сакавіка а 12.00 у Парку імя Янкі Купалы. Тут людзі ускладуць кветкі беларускаму паэту, які вітаў стварэньне БНР, і спадзяваўся, што Беларуская народная Рэспубліка стане незалежнай дзяржавай. Да 12.40 сьвяткаванне павінна праходзіць у форме “Гайд-парку”: перад помнікам і ў розных кутах парку будуць сьпяваць барды, хары, выступаць беларускія гурты з акустычнымі праграмамі. Сярод удзельнікаў – хор “Адраджэньне”, Зьміцер Сідаровіч, Аляксей Галіч, NRM, ULIS, бард Зьміцер Бартосік і інш.
Цэнтральнай часткай сьвяткаваньня стане ўрачыстае выкананьне Нацыянальнага Гімну “Магутны Божа”, якое пройдзе а 13.00. Як паведаміў сьпявак Аляксей Галіч, дасягнутая дамоўленасьць з прадстаўнікамі хароў, некаторых канфесіяў, якія сумесна будуць выконваць гімн.