 | ПАЛIТЫКА |  |

Беларуская дыяспара адзначае гадавіну БНР у Бэльгіі, Галяндыі, Чэхіі 11:12, 25/03/2002

У нядзелю 24 сакавіка Беларускі Цэнтар у Бэльгіі правёў сьвяточны сход у гонар гадавіны з дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Каля 50 эмігрантаў зь Беларусі сабраліся ў офісе культурнага цэнтру Антвэрпэну. Там зычытвалася лекцыя аб гісторыі БНР, пасьля чаго выступоўца прачытаў кароткі экскурс у сучасную гісторыю Беларусі і распавёў аўдыторыі аб палітычнай сытуацыі на радзіме. Сёньня. 25 сакавіка Беларускі цэнтар плянуе правесьці пікет пратэсту супраць рэпрэсіяў ля сьценаў амбасады Рэспублікі Беларусь у Брусэлі і Гаазе (Галяндыя). Лейтматывам абедзьвюх акцыяў будзе «Прэч Луку!». 
Сваякі Завадзкага будуць апратэстоўваць прысуд “групе Ігнатовіча” 11:11, 25/03/2002

Сваякі апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага пададуць апеляцыю ў Вярхоўны суд Беларусі. Яны маюць намер апратэставаць вэрдыкт судзьдзяў адносна двух былых спэцназаўцаў, абвінавачаных у выкраданьні журналіста. Касацыйная скарга адрасаваная калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі. На думку сваякоў Зьмітра Завадзкага й адваката суд так і ня здолеў безагаворачна даказаць віну Ігнатовіча й Маліка ў выкраданьні Завадзкага. 
Справу Міхаіла Чыгіра разгледзіць суд 11:10, 25/03/2002

Крымінальную справу прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра могуць хутка перадаць у суд. Днямі Міхаіл Чыгір разам з абаронай пазнаёміўся з матэрыяламі справы, у якой яго абвінавачваюць ў няпоўнай выплаце падаткаў і нядбайнасьці. Абарона мае намер ініцыяваць спыненьне справы, бо ня бачыць у дзеяньнях Міхаіла Чыгіра складу злачынства. 
Масква можа адмовіцца ад паставак беларускага харчаваньня 11:09, 25/03/2002

Бязвынікова завяршыліся перамовы ў Менску па пытаньні цэнтралізаванага экспарту ў Маскву беларускага харчаваньня. Перамовы вялі прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі й дэлегацыя ўраду Масквы. Бакі плянавалі зацьвердзіць сьпіс паставак у расейскую сталіцу прадуктаў харчаваньня беларускай вытворчасьці, паведамляе ІА “Росбалт”. 
“Балтика” пакуль ня будзе адзываць інвэставаныя ў “Крыніцу” грошы 11:08, 25/03/2002

Расейская півавараная кампанія “Балтика” ня будзе “адзываць сродкі”, інвэставаныя ў менскае ААТ “Крыніца”. Пра гэта заявіў 22 сакавка ў Санкт-Пецярбургу генэральны дырэктар кампаніі Таймураз Балоеў, перадае БелаПАН. 
Запазычанасьць па заробку – амаль 30 мільярдаў рублёў 11:07, 25/03/2002

Як паведамляе Міністэрства эканомікі, на падставе апэратыўных дадзеных, атрыманых ад аблвыканкамаў, міністэрстваў, канцэрнаў і іншых арганізацыяў, запазычанасьць па заробках па стану на 14 сакавіка 2002 году ў параўнаньні з запазычанасьцю на 28 лютага 2002 году зьнізілася на 49,8% і склала 299987,3 мільёнаў рублёў. 
У тэатрах адключаюць электрычнасьць 11:06, 25/03/2002

Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Якуба Коласа атрымаў папярэджаньне, што ў выпадку няўплаты запазычанасьці за сьвятло й цеплавую энэргію гэты храм Мельпамэны будзе адключаны ад энэргазабесьпячэньня. Пазыка тэатра складае каля 7 мільёнаў рублёў. І пагасіць яго няма чым, паведамляе “БДГ”. 
Андрэй Клімаў: я пьяны ад волі 11:05, 25/03/2002

Пасьля чатрох гадоў знаходжаньня ў турме дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў выйшаў на свабоду. Адразу Андрэй Клімаў даў прэсавую канфэрэнцыю ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Пасьля келіху шампанскага, дэпутат адказаў на некалькі пытаньняў журналістаў адносна сваіх плянаў на будучыню, а таксама падзякаваў прадстаўнікоў апазыцыі, журналістаў і проста неабыякавых людзей за адстойваньне ягонай свабоды цягам доўгіх гадоў, праведзеных ім у турме. 
15 актывістаў беларускай апазыцыі пад арыштам 11:04, 25/03/2002

 Паўтара дзясяткі чалавек, якія былі зарыштаваныя ўчора менскай міліцыяй падчас дэманстрацыі-сьвяткаваньня Дня Волі, правялі ноч у прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Туды дэманстранты былі дастаўленыя з Цэнтральнага РАУС сталіцы пасьля складаньня пратаколаў аб іхным удзеле ў несанкцыянаваным шэсьці. Сёньня зранку ў раённым судзе пачнуцца працэсы. Сярод арыштантаў, што правялі ноч у турме, -- кардынатарар Хартыі’97 Зьміцер Бандарэнка. 
АНДРЭЙ КЛІМАЎ НА ВОЛІ! 11:03, 25/03/2002

Рашэньне аб датэрміновым вызваленьні дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава прыняла выязная калегія Цэнтральнага суда Менску, якая ў пятніцу ў менскай калёніі разглядала справы вязьняў, рэкамэндаваных на вызваленьне. Звычайна такія справы пераглядаюцца судзьдзямі за тыдзень пасьля адпаведнага рашэньня турэмнай камісіі. Па невядомых прычынах чарга Андрэя Клімава падыйшла толькі праз месяц, і ўсё ж такі рашэньне, у рэшце рэшт, прынятае. З калёніі Андрэй Клімаў быў выпушчаны сёньня ў 9.30 раніцы. Яго сустракалі сваякі, блізкія сябры, калегі па парлямэнцкай дзейнасьці. На дадзены момант, Андрэй Клімаў дае сваю першую прэсавую канфэрэнцыю ў штаб-кватэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 
У Горадні ў Дзень Волі затрыманыя 22 чалавекі 11:02, 25/03/2002

Акцыі ў гонар 84-гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі прайшлі 24 сакавіка, акрамя Менску, і ў некаторых іншых гарадох краіны. Адно з такіх мерапрыемстваў, што скончылася затрыманьнем 22 чалавек, адбылося ў Горадні. Паводле дадзеных прэсавай службы Партыі БНФ, тут у несанкцыянаваным мітынгу прынялі ўдзел каля 500 чалавек. Затрыманыя 22 чалавекі, у тым ліку намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка, лідэры гарадзенскай гарадзкой партыйнай арганізацыі Сяргей Мальчык і гарадзенскага аддзяленьня незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Вадзім Саранчукоў, пры гэтым, як паведамляецца, апошні пры затрыманьні быў зьбіты. Затрыманы таксама былы галава Сялянскай партыі Яўген Лугін. 
Жонкі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў будуць выступаць у Радзе Эўропы 11:01, 25/03/2002

Камітэт прававых пытаньняў і правоў чалавека Рады Эўропы вырашыў запрасіць на чарговае паседжаньне жонак зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Пра гэта карэспандэнту Радыё Свабода паведаміў адказны супрацоўнік камітэту спадар Свобода. Плянуецца, што інфармацыя зь першых вуснаў аб справах зьніклых дапаможа эўрапейскім парлямэнтарам лепш зразумець праблему палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Згодна плянам, сустрэча эўрапейскіх парлямэнтараў з жонкамі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў павінна адбыцца ў Стразбургу ў красавіку. 
|  |
|