Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рашэньне аб датэрміновым вызваленьні дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава прыняла выязная калегія Цэнтральнага суда Менску, якая ў пятніцу ў менскай калёніі разглядала справы вязьняў, рэкамэндаваных на вызваленьне. Звычайна такія справы пераглядаюцца судзьдзямі за тыдзень пасьля адпаведнага рашэньня турэмнай камісіі. Па невядомых прычынах чарга Андрэя Клімава падыйшла толькі праз месяц, і ўсё ж такі рашэньне, у рэшце рэшт, прынятае. З калёніі Андрэй Клімаў быў выпушчаны сёньня ў 9.30 раніцы. Яго сустракалі сваякі, блізкія сябры, калегі па парлямэнцкай дзейнасьці. На дадзены момант, Андрэй Клімаў дае сваю першую прэсавую канфэрэнцыю ў штаб-кватэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Аб вызваленьні вязьня сумленьня стала вядома пасьля тэлефоннага званка Клімава дадому. Літаральна ў некалькі словаў ён паведаміў жонцы аб рашэньні судзьдзяў адносна свайго вызваленьня.
Дэпутат Вярхоўнага савету Андрэй Клімаў правёў у турме чатыры гады. Арыштавалі яго праз тры месяцы пасьля роспуску законнага парлямэнту Беларусі – Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, у якім Клімаў ачольваў камісію па расьсьледаваньні парушэньня Канстытуцыі, якія, на думку дэпутатаў, зрабіў Аляксандар Лукашэнка. Клімава, таксама і вядомага бізнэсоўца, абвінавацілі напачатку ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, але праз год, калі пачаўся суд, яму ўжо інкрымінавалі крадзеж дзяржаўнай маёмасьці ў буйных памерах.
Віноўным ён сябе так і ня вызнаў, а ягоныя адвакаты да гэтага часу настойваюць на тым, што крымінальнага злачынства збоку Клімава не было, а была гаспадарчая спрэчка ягонай будаўнічай фірмы зь менскім гарвыканкамам, якая павінна была вырашыцца ў гаспадарчым судзе.
Адразу пасьля суда праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку міжнародныя, аб’явілі Андрэя Клімава вязьнем сумленьня. Апазыцыя ўвесь час актыўна патрабавала ягонага вызваленьня і дабілася, каб гэтае пытаньне было ўключаным ва ўмовы нармалізацыі адносінаў афіцыйнага Менску з Радай Эўропы. Некалькі разоў высокія афіцыйныя асобы Беларусі абяцалі, што Клімаў будзе выпушчаны, але гэтага не адбывалася.
Той факт, што рашэньне ў справе вызваленьня Клімава нарэшце прынятае, вітаецца прадстаўнікамі апазыцыі, аднак яны заклікаюць не кідацца з гэтае прычыны ў эйфарыю. У прыватнасьці, Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябрам якой зьяўляецца Андрэй Клімаў, у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што ў вызваленьні Андрэя Клімава “няма асабістай заслугі Аляксандра Лукашэнкі, спрацаваў юрыдычны механізм”. Паводле словаў Лябедзькі, цалкам застаецца актуальнай праблема палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
Згодна закону, які быў прыменены да Клімава, судзімасьць зь яго не зьнятая і два астатнія гады будзе па-ранейшаму лічыцца, што ён адбывае пакараньне, але жыць ён будзе дома. У некаторых выпадках яго могуць вярнуць у калёнію. Да гэтага ж частку свайго заробку Клімаву давядзецца аддаваць дзяржаве – гэта без уліку тых стратаў, якія , згодна суду, ён вымушаны кампэнсаваць дзяржаве.