 | ПАЛIТЫКА |  |

Улады Беларусі афіцыйна прызналі Прыднястроўе 11:13, 26/03/2002

Лідэр Прыднястроўя Ігар Сьмірноў прызначыў былога віцэ-прэзыдэнта непрызнанай рэспублікі Аляксандра Карамана паўнаважаным прадстаўніком у Беларусі. Новая пасада ўключаная ў штатны расклад адміністрацыі прэзыдэнта непрызнанай ПМР. У паўнаважанага прадстаўніка ў Беларусі будзе ранг міністра. Раней былы міністар сувязі й тэлекамунікацыяў Барыс Акулаў быў прызначаны паўнаважаным прадстаўніком на Ўкраіне. Аднак МЗС Украіны заявіў аб тым, што ня мае намеру прыняць прадстаўніка непрызнанай ПМР. 
Натальля Брэль папрасіла палітычнага прытулку ў Бэльгіі 11:12, 26/03/2002

Актывістка АГП Натальля Брэль, якая абвінавачваецца ў абразе гонару й годнасьці Аляксандра Лукашэнкі, ужо недасяжная для беларускага суда. На дадзены момант дзяўчына знаходзіцца ў Бэльгіі й чакае наданьня ёй палітычнага прытулку ў гэтай краіне. “Злачынства” дзяўчыны заключалася ў тым, што яна перадала ў гарвыканкам падарункі, сабраныя рэчыцкай моладзьдзю да дня народзінаў Лукашэнкі – вяроўка, гаспадарчае мыла і г.д. Пракуратура ўгледзіла ў гэтых рэчах прыніжэньне годнасьці беларускага лідэра й распачала крымінальную справу. 
Пікетаваньне амбасады Беларусі ў Брусэлі 11:11, 26/03/2002

Прадстаўнікі беларускага цэнтру ў Бэльгіі пікетавалі беларускую амбасаду ў Брусэлі. Пікет праходзіў пад лёзунгам: “Прэч рэжым Лукашэнкі!”. Прысутнічала больш за 20 чалавек. У пікеце прымалі ўдзел таксама прадстаўнікі Рады БНР у Бэльгіі спадары Жучка і Арэшка. Людзі трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі й плякаты на беларускай, ангельскай, французскай і фламандзкай мовах: “Лукашэнку – у адстаўку!”, “Стоп палітычным забойствам у Беларусі!”, “Свабоду палітычным вязьням!”, “Не – прасьледу незалежных мас-медыя!” і інш. Як і заўсёды, нягледзячы на падрыхтаваную петыцыю, ніхто з супрацоўнікаў беларускае амбасады да суайчыньнікаў ня выйшаў. 
Павялічваюцца неплацяжы ў бюджэт 11:10, 26/03/2002

Сума неплацяжоў у бюджэт павялічылася за два месяцы гэтага году на 41,3%. Як паведамілі агенцтву БелаПАН у Міністэрстве па падатках і зборах, на 1 сакавіка 2002 году запазычанасьць па плацяжах у бюджэт склала 189,6 мільярдаў рублёў. У тым ліку па падатку на дададзеную вартасьць - 56,4 млрд. рублёў, па плацяжах у бюджэт з выручкі ад рэалізацыі тавараў і паслуг – 54 млрд. рублёў, по адзіным падатку для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі - 19,6 млрд. рублёў, па акцызах - 16,7 млрд. рублёў, падатку на прыбытак - 11,8 мільярдаў рублёў. 
Заява прэсавага цэнтру грамадзянскай ініцыятывы Хартыя’97 11:09, 26/03/2002

Адна з самых кампэтэнтных крыніцаў апэратыўнай інфармацыі аб сытуацыі ў Беларусі – вэб-сайт Хартыі’97 – цягам апошніх дзён падвяргаецца сталым атакам невядомых хакераў. За апошнія суткі зламысьнікі некалькі разоў выбаркава сьціраюць з сайту старонкі навінаў усіх трох вэрсіяў – беларускай, расейскай і ангельскай. У некаторых выпадках зьнічтажаецца таксама іншая інфармацыя сайту. Такога ўзроўню задачу можна вырашыць пры выкарыстаньні тэхнічных магчымасьцяў адзінага беларускага правайдэра – Белтэлекаму. 
Міжнародная Амністыя: вызваленьне вязьня сумленьня супала з чарговай хваляй арыштаў 11:08, 26/03/2002

Аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя Міжнародная Амністыя вітае вызваленьне дэпутата Андрэя Клімава, аднак заяўляе, што гэтая падзея была азмрочана паведамленьнямі аб новых арыштах у беларускай сталіцы падчас мірнай дэманстрацыі ў Дзень Волі. 
Яшчэ адзін удзельнік акцыі ў Дзень Волі асуджаны да 10 сутак арышту 11:07, 26/03/2002

Суд над удзельнікамі мірнай акцыі ў Дзень Волі скончыўся ўчора вечарам ў Цэнтральным судзе Менску. Яшчэ адзін затрыманы ў гэты дзень актывіст апазыцыі асуджаны да 10 сутак арышту. Гэта Кавешнікаў Віктар. Большасьць чалавек атрымалі папярэджаньні. Суд над астатнімі удзельнікамі акцыі пратэсту перенесены на больш позьні тэрмін. Сёньня, 26 сакавіка, суд будзе разглядаць справы двух апазыцыйных лідэраў – Паўла Севярынца й Вячаслава Сіўчыка. 
Лідэры БНФ абураныя жорсткім абыходжаньнем зь людзьмі ў Дзень Волі 11:06, 26/03/2002

Лідэры грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ Вінцук Вячорка і Юры Хадыка абураныя нематываванымі сілавымі дзеяньнямі ўладаў па разгону ўдзельнікаў мірнага сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску і Горадні 24 сакавіка. Паводле словаў Юры Хадыкі, дзеяньні ўладаў сьведчаць аб нежаданьні ўстанаўленьня ў грамадзтве клімату даверу, што зьяўляецца адным з чатырох вядомых патрабаваньняў міжнароднай супольнасьці да кіраўніцтва Беларусі ў якасьці ўмовы для нармалізацыі стасункаў з Захадам. 
Нямецкая прэса пра Беларусь: крытыкі дыктатара бясьсьледна зьнікаюць 11:05, 26/03/2002

Пра жорсткі ўціск мірнай дэманстрацыі ў Дзень Волі й парушэньні правоў чалавека ў Беларусі пішуць у гэтыя дні нямецкія выданьні. Як піша “Frankfurter Rundschau”, міліцыя ў чарговы раз прымяніла сілу супраць апазыцыі, і затрыманьне некалькіх дзясяткаў дэманстрантаў сьведчыць аб тым, што ў Беларусі парушаюцца асноўныя правы й свабоды чалавека. “У гэтай краіне, - гаворыцца ў паведамленьні інфармацыйнага агенцтва AFP, -- любая крытыка прэзыдэнта сустракае надзвычай жорсткую цэнзуру. Супраць апанентаў улады прымяняецца перасьлед, дыскрымінацыя збоку рэжыму. Некаторыя крытыкі ўлады нават бясьследна зьнкаюць”.
Мікалай Статкевіч выйшаў на волю 11:04, 26/03/2002

Вечарам 25 сакавіка – у Дзень Волі – выйшаў на волю лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч. Палітыка 10 дзён трымалі ў прыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна за арганізацыю ў Менску 15 сакавіка акцыі ў Дзень Канстытуцыі. 
Магілёўская міліцыя змагаецца з папяровымі бел-чырвона-белымі сьцяжкамі 11:03, 26/03/2002

Ноччу з 24 на 25 сакавіка сябры магілёўскага Маладога Фронту вырашылі своеасаблівым чынам адзначыць 84-ую гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары гораду зранку маглі пабачыць на галоўнай вуліцы гораду – Першамайскай – і плошчы Леніна 400 бел-чырвона-белых сьцяжкоў, замацаваных на галінках дрэваў. Для ліквідацыі гэтага “непарадку” у горадзе паднялі ўсю міліцыю. Міліцыянты палезьлі на дрэвы й зьнялі “крамольныя” сьцяжкі ўсе да адінага. 
Прыватызацыя “Белшыны” адкладаецца 11:02, 26/03/2002

На прадпрыемстве не ўклаліся ў графік акцыянаваньня. А калі б усё ішло згодна пляну, то да 18 сакавіка камісія па прыватызацыі павінна была падрыхтаваць “прыватызаваны” пакет дакумэнтаў, паведамляе “БДГ”. 
“Наша Україна” будзе праводзіць паралельны падлік галасоў 11:01, 26/03/2002

31 сакавіка ў будынку Федэрацыі прафсаюзаў Украіны ў Кіеве будзе дзейнічаць цэнтар паралельнага падліку галасоў, паведаміў палітычны каардынатар блёку “Наша Україна” Раман Бясьсьмертны. Паводле ягоных словаў, паралельны падлік галасоў выбаршчыкаў плануецца праводзіць "па трох аўтаномных напрамках" - у прыватнасьці, будуць кантралявацца ход галасавання і падлік галасоў выбаршчыкаў, паведамляе Інтэрфакс-Украіна. 
|  |
|