Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нямецкая прэса пра Беларусь: крытыкі дыктатара бясьсьледна зьнікаюць 11:05, 26/03/2002
Пра жорсткі ўціск мірнай дэманстрацыі ў Дзень Волі й парушэньні правоў чалавека ў Беларусі пішуць у гэтыя дні нямецкія выданьні. Як піша “Frankfurter Rundschau”, міліцыя ў чарговы раз прымяніла сілу супраць апазыцыі, і затрыманьне некалькіх дзясяткаў дэманстрантаў сьведчыць аб тым, што ў Беларусі парушаюцца асноўныя правы й свабоды чалавека. “У гэтай краіне, - гаворыцца ў паведамленьні інфармацыйнага агенцтва AFP, -- любая крытыка прэзыдэнта сустракае надзвычай жорсткую цэнзуру. Супраць апанентаў улады прымяняецца перасьлед, дыскрымінацыя збоку рэжыму. Некаторыя крытыкі ўлады нават бясьследна зьнкаюць”.
Нямецкае інфармацыйнае агенцтва цытуе прадстаўнікоў кіруючай ў Нямеччыне сацыял-дэмакратычнай партыі: “Нават калі хтосьці ўдзельнічае, няхай у несанкцыянаванай, мірнай дэманстрацыі, гэта ў цывілізаваным грамадзтве ня можа быць падставаю для пакараньня турмой”.
Падзеі 24 сакавіка, аднак, прадэманстравалі, што Менск трымаецца іншых поглядаў. “Парадокс, але ўсе, хто ў гэтай краіне выступае за дэмакратыю й незалежнасьць, нават тыя, хто проста размаўляе па-беларуску, становяцца для рэжыму падазронымі. Мова беларускіх уладаў -- выключна расейская”, -- цытуе словы Васіля Быкава журналістка “Frankfurter Allgemeine”.
Быкаў патрабуе ад палітычнай сыстэмы сваёй Радзімы талерантнасьці й празрыстасьці. Ён хоча, каб ягоны голас, голас кожнага суайчыньніка быў пачуты. Аднак, як піша “Frankfurter Allgemeine”, праўду аб сытуацыі ў Беларусі гэты прызнаны нават у савецкі час ( і не ў апошнюю чаргу за сваю мастацкую праўдзівасьць) пісьменьнік можа пісаць толькі за межамі Радзімы.
“Невялікі спакойны куток, пісьмовы стол, белая папера – гэтага мне хапае”, -- распавядае Васіль Быкаў пра сваё франкфурцкае жыцьцё. Ён дадае: “Ня менш важная і ўпэўненасьць у тым, што мяне пасярод белага дня ня схопяць на вуліцы невядома кім аплочаныя людзі”.
Згодна “Frankfurter Allgemeine”, у сваім жыцьці вядомы пісьменьнік перажыў нямала дыктатараў: Сталіна, Хрушчова, Брэжнева, Андропава, Чарненку... “Яны прыходзілі і сыходзілі, -- кажа Быкаў, - але ў той час я быў больш малады і ведаў, што іх перажыву. Зараз мне сумна, бо я стары і ня ведаю, ці дачакаюся зьвяржэньня дыктатара Лукашэнкі”.