Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міжнародная Амністыя: вызваленьне вязьня сумленьня супала з чарговай хваляй арыштаў 11:08, 26/03/2002
Аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя Міжнародная Амністыя вітае вызваленьне дэпутата Андрэя Клімава, аднак заяўляе, што гэтая падзея была азмрочана паведамленьнямі аб новых арыштах у беларускай сталіцы падчас мірнай дэманстрацыі ў Дзень Волі.
“Чатырохгадовае зьняволеньне Андрэя Клімава сьведчыць пра адкрытую непавагу да правоў чалавека ў Беларусі і абсалютнае непрызнаньне каштоўнасьці свабоды слова”, -- заяўляе Міжнародная Амністыя.
“Чатырохгадовыя пакуты Андрэя Клімава скончыліся сёньня раніцай, калі дэпутат быў выпушчаны зь менскай калёніі строгага рэжыму УЖ-15. На выхадзе яго сустракалі сябры і сям’я. Міжнародная Амністыя прызнала члена беларускага парлямэнту вязьнем сумленьня хутка пасьля ягонага арышту ў лютым 1998 года па абвінавачаньні ў фінансавых махінацыях. Ён правёў больш за два гады ў камеры папярэдняга зьняволеньня да таго, як быў накіраваны ў калёнію строгага рэжыму для адбыцьця шасьцігадовага тэрміну ў сакавіку 2000 г. Ён быў вызвалены а 9.30 па мясцовым часе, пасьля таго як адседзіў дзьве траціны свайго тэрміну.
Міжнародная Амністыя ўпэўненая, што Андрэй Клімаў, як і іншыя члены беларускай апазыцыі, падвергся наўмысным рэпрэсіям збоку А.Лукашэнкі ў пакараньне за супрацьдзеяньне роспуску дэмакратычна абранага парлямэнту ў лістападзе 1996 і ўдзелу ў працэдуры імпічмэнту прэзыдэнту.
Выступ супраць прэзыдэнта каштаваў Андрэю Клімаву чатырох гадоў свабоды. “Беларускія ўлады абавязаныя гарантаваць, што больш ніводны чалавек ня будзе плаціць за гэта такой высокай цаной”, - заяўляе Міжнародная Амністыя.
“Для пачатку ўлады павінны гарантаваць, што ўсе арыштаваныя падчас учоршняй мірнай дэманстрацыі на дзень Волі ў Менску будуць неадкладна вызваленыя без якіх бы там было ўмоваў. Міжнародная Амністыя будзе лічыць любога асуджанага за ўдзел у мірных выступах вязьнем сумленьня”.