Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вячаслаў Сіўчык арыштаваны на 15 сутак 11:06, 29/03/2002
Суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў актывіста Беларускага народнага Фронту Вячаслава Сіўчыка да 15 сутак арышту за ўдзел у мірнай дэманстрацыі ў Дзень Волі. Судзьдзя Натальля Вайцэховіч разглядала справу Сіўчыка чатыры гадзіны. Свой прысуд палітык пракамэнтаваў Радыё Свабода ў судовай залі: “Пасьля таго, як да ўлады прыйшоў Лукашэнка, не было ніводнага спакойнага, нармальнага, годнага сьвяткаваньня Дня Беларускай Народнай Рэспублікі. Таму, калі я ішоў на суд, я быў гатовы да любога прысуду. Я разьлічваў, што будзе 10 сутак, хаця падкрэсьліваю, што маю віну на судовым паседжаньні ня вызначылі, тым больш не даказалі. Напэўна, пакуль Лукашэнка будзе ля ўлады, такі ідыятызм будзе працягвацца”.
Акрамя Сіўчыка, учора за ўдзел у сьвяточным шэсьці судзілі Алену Рашэтнікаву, Кірыла Папкова й бізнэсоўца Юры Паўлічэўскага. Усе яны атрымалі папярэджаньне.
У Цэнтральным судзе засталося некалькі неразгледжаных справаў. Суда чакаюць каардынатар Хартыі’97 Зьміцер Бандарэнка, Уладзіслаў Ігнатовіч, Андрэй Ачапоўскі, Сяргей Новікаў, актывісты руху ЗУБР Цімафей Дранчук і Зьміцер Карпенка.
У спэцпрыёмніку пасьля суда ўтрымліваюцца чатыры ўдзельнікі акцыі – Зьміцер Дашкевіч, Віктар Кавешнікаў, Павал Севярынец і Вячаслаў Сіўчык.