Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Інфляцыя дасягнула паловы заплянаванага гадавога паказчыка 11:02, 01/04/2002
За першыя тры тыдні рост спажывецкіх коштаў у Беларусі склаў 1,9%. Такія дадзеныя падала Міністэрства статыстыкі й аналізу Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на тэндэнцыю зьніжэньня ў сакавіку дынамікі спажывецкіх коштаў на тавары й паслугі ў параўнаньні з папярэднімі месяцамі 2002 года (ў студзені кошты вырасьлі на 6,3%, у лютым - 3,6%), агульная інфляцыя з пачатку года склала 11,8%. Гэты паказчык ужо дасягнуў паловы гадавога прагназаванага паказчыка інфляцыі.
Як паведамляе ІА “Росбалт”, паводле заплянаваных парамэтраў грашова-крэдытнай палітыкі Нацыянальнага банку Беларусі на 2002 год, інфляцыя за 12 месяцаў павінна скласьці ня больш за 20-27%.
Як сьведчыць статыстыка, сёлета ў Беларусі растуць кошты на харчовыя тавары. Напрыклад, у лютым у параўнаньні са студзенем рост коштаў склаў: на масла жывёльнае - 5,6%, рыбу сьвежую - 5,4%, птушку - 3,4%, сыры цьвёрдыя - 3,2%, алей - 2,8%, гарэлку - 2,5%, яйкі - 1,7%. Рэкордныя ж тэмпы па дынаміцы росту назіраліся ў папярэднія месяцы на рынку агародніны Беларусі. У прыватнасьці, морква падаражэла на 25,4%, капуста - на 17,8%, цыбуля - 17,7%, буракі - 12,4%. І, што паказальна, на галоўны прадукт харчаваньня беларусаў - бульбу – толькі ў лютым кошты вырасьлі на 10,7%.