Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нацыянальны алімпійскі камітэт скасаваў кантракт з дырэктарам стадыёну “Алімпійскі” 11:04, 01/04/2002
Выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі прыняў рашэньне аб скасаваньні кантракту з генэральным дырэктарам спартова-аздараўленчага комплексу “Алімпійскі” Сяргеем Дзёмкавым. За гэтае рашэньне прагаласавалі 8 зь 10 членаў выканкаму. Прычынай скасаваньня канракту сталі вынікі праверкі фінансава-гаспадачай дзейнасьці САК “Алімпійскі”, праведзенай камісіяй НАК ў першай палове сакавіка. Камісія была створаная пасьля агучваньня фактаў парушэньняў на аб’ектах комплексу, а таксама ў сувязі з гібельлю ў басейне маладога плаўца, якога засмактала трубой вадазбору, паведамляе БелаПАН.
Паводле інфармацыі камісіі, на момант праверкі ня быў сфармаваны статутны фонд унітарнага прадпрыемства САК “Алімпійскі”, суб’екты гаспадараньня, якія займаюць плошчы комплексу, своечасова не не аплочвалі арэндныя й камунальныя плацяжы; з парушэньнямі разьлічваліся стаўкі арэнднай платы; бескантрольна выдаваліся бясплатныя абанементы на наведваньне аб’ектаў спартова-аздараўленчага комплексу; з парушэньнямі зьбіралася плата з грамадзян за карыстаньне аўтастаянкай.
Акрамя таго, кіраўнік САК Дзёмкаў атрымоўваў прэміі ў той час, калі “Алімпійскі” нёс страты. Каэфіцыэнт суадносінаў ягонага заробку й заробку ў сярэднем па комплексу ў сьнежні 2001 году склаў 6,6 (1.312.500 рублёў супраць 198.766). Тады як заканадаўства прадугледжвае каэфіцыэнт ня больш за 3,5. Знойдзеныя й іншыя парушэньні. Вынікі камісіі былі агучаныя 27 сакавіка на паседжаньні членаў гэтага органу (“за” – віцэ-прэзыдэнты НАК Мікалай Ананьеў і Аляксандар Мядзьведзь, генэральны сакратар НАК Анатоль Іваноў, “супраць” – міністар спорту й турызму Яўген Ворсін).
Па прапанове Ворсіна рашэньне бюро было вынесенае на разгляд выканкаму 28 сакавіка, куды ў выніку ён не зьявіўся. Віцэ-прэзыдэнт НАК Генадзь Аляксеенка паспрабаваў зьняць гэтае пытаньне і сказаў пра несвоечасовасьць прыняцьця рашэньня без належнай праверкі фактаў з дапамогай кампэтэнтных органаў. Ён зачытаў ліст работнікаў САК на імя прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі, у якім сьцьвярджаецца, што за час працы Дзёмкава праца “Алімпійскага” значна палепшылася і ягонае адхіленьне ад пасады замінае нармальнай дзейнасьці прадпрыемства.
Акрамя таго, паводле словаў Аляксеенкі, сёлета пачнецца рэканструкцыя Палацу воднага спорту, які ўваходзіць у САК, і бязь Дзёмкава, “на якім завязаныя многія працы, аб’ект будзе правалены”. Аднак выканкам адхіліў прапанову Аляксеенкі й разгледзіў пытаньне аб Дзёмкаве. Са словаў Ананьева, у САК не адбылося істотных зьменаў да лепшага, парушаная канцэпцыя ягонага разьвіцьця, і ён “стаў кармушкай для асобных кіраўнікоў”.
У сваю чаргу, у лісьце Дзёмкава ў адрас выканкаму НАК было заўлена, што “прадузятае стаўленьне віцэ-прэзыдэнта НАК Ананьева абумоўлена ягонымі асабістымі матывамі абагачэньня за кошт прадпрыемства” і адмовай Дзёмкава “садзейнічаць яму ў гэтым”. Пра рашэньне выканкаму НАК Ананьеў мае намер інфармаваць кіраўніка дзяржавы. Пытаньне аб дысцыплінарнай адказнасьці выканаўчага дырэктара НАК Яраслава Барычкі, які ў свой час падпісваў кантракт зь Дзёмкавым і недастаткова кантраляваў дзейнасьць кіраўніка САК, будзе вырашацца пасьля ягонай выпіскі са шпіталю й выхада на працу.