Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Горадні затрыманыя ўдзельнікі пікету ў абарону “Пагоні” 11:16, 01/04/2002
У Горадні прайшоў несанкцыянаваны пікет у падтрымку журналістаў “Пагоні”, якіх чакае суд за “абразу гонару й годнасьці прэзыдэнта РБ”. Шэсьць маладых людзей стаялі ля ганку аблвыканкаму зь вялікім траспарантам “Разам з “Пагоняй” і плякатамі “Свабода слова” і “Мажэйка й Маркевіч – хто наступны?” Як паведамляе Радыё Свабода, усіх удзельнікаў пікету затрымала міліцыя.
Да ўдзельнікаў пікету выйшаў начальнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі аблвыканкаму Ўладзімер Амелька і папрасіў разыйсьціся. Затым пад’ехалі дзьве міліцэйскія машыны й затрымалі пікетчыкаў, якіх даставілі затым у Ленінскі райаддзел міліцыі. Пікетавалі яны ўсяго 20 хвілінаў.
Мінакам у час пікету раздавалі ўлёткі. У тэксьце паведамлялася, што двум супрацоўнікам “Пагоні” – Маркевічу й Мажэйку пагражаюць пяцьцю гадамі зьняволеньня. І далей: “Суд над журналістамі – гэта спроба запужаць грамадзтва! Ты распавядаеш показкі пра Лукашэнку? Ты выказваеш сваю незадаволенасьць галечай? Ты можаш быць наступным! Толькі разам мы можам адстаяць свабоду!”