Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Справа аб трагедыі на Нямізе спыненая 11:04, 02/04/2002
Крымінальная справа адносна двух афіцэраў міліцыі, датычных да трагедыі на Нямізе ў Менску 30 траўня 1999 году, спыніў суд Цэнтральнага раёну Менску. Судзьдзя Пётра Кіркоўскі спыніў справу з прычыны сканчэньня тэрміну даўнасьці. Намесьніка начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Віктара Русака й начальніка аддзелу масавых мерапрыемстваў Міхаіла Кандраціна абвінавачвалі ў службовай нядбайнасьці, у выніку якой на станцыі мэтро “Няміга” у сталіцы тры гады таму загінула 53 чалавекі, а больш за 200 было паранена.
Сьледзтва па справе аб трагедыі на станцыі мэтро “Няміга” было неабгрунтавана зацягнута, што ў выніку стала падставаю для спыненьня справы з прычыны сканчэньня тэрміну даўнасьці. Такое меркаваньне ў інтэрвію БелаПАН выказаў праваабаронца Алег Волчак, які зьяўляецца юрыдычным прадстаўніком вядомага скульптара Міхала Інькова, у якога ў выніку гэтай трагедыі загінула дачка.
“Калі прыкладна праз паўтара гады пасьля трагедыі я знаёміўся з матэрыяламі справы, то практычна ўсе сьледчыя дзеяньні, дзе допыты і экспэртызы ўжо былі праведзеныя. Віна супрацоўнікаў ГУУС Менгарвыканкаму Віктара Русака й Міхаіла Кандрашына ў матэрыялах справы яўна праглядалася. Аднак тэрміны сьледзтва стала падаўжаліся. Матывавалася гэта тым, што трэба правесьці яшчэ некаторыя экспэртызы, вынайдзеныя новыя пацярпелыя. Але паколькі сьледзтва напрацавала вялікі матэрыял, справу ўжо даўно можна было накіраваць ў суд. Працэс па такой грамадзка значнай справе магла прадставіць беларускія ўлады й кіраўніцтва менскай міліцыі ў нявыгадным сьвятле, тым больш напярэдадні выбараў прэзыдэнта. Таму была абраная тактыка зацягваньня расьследаваньня ў разьліку на тое, што справа ня будзе выклікаць шырокі рэзананс”, -- лічыць Алег Волчак.
Пасьля вывучэньня пастановы судзьдзі, Волчак зрабіў выснову, што яна вынесеная ў поўнай адпаведнасьці з новым Крымінальна-працэсульным кодэксам. У прадстаўнікоў пацярпелых, на ягоную думку, няма законных падставаў для звароту да пракурора, каб ён вынес пратэст на пастанову судзьдзі. Як сказаў правабаронца, неабходна вярнуцца да грамадзянскай справы, якая была распачатая хутка пасьля трагедыі, аднак прыпыненая пасьля распачынаньня крымінальнай справы. Волчак мяркуе, што ў грамадзянскім працэсе будзе больш складана даказаць віну адказчыкаў, сярод якіх Менгарвыканкам і ГУУС Менгарвыканкаму.