Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Белавежская пушча” супраць адміністрацыі прэзыдэнта 11:09, 02/04/2002
Рэдакцыя недзяржаўнай беларускай газэты “Белавежская пушча” зьвярнулася да грамадзкай арганізацыі “Экаправа” з просьбай падтрымаць выданьне ў абароне ягоных правоў, якія парушаюцца адміністрацыяй прэзыдэнта.
Як паведаміў БелаПАН галоўны рэдактар газэты Валеры Дранчук, 21 траўня мінулага году рэдакцыя накіравала ў адміністрацыю прэзыдэнта й Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля ліст. У ім выкладалася ініцыятыва правядзеньня сумесна зь дзяржаўнымі структурамі ў ліпені й жніўні 2001 году прэс-тураў журналістаў і прадстаўнікоў экалягічнай грамадзкасьці ў нацыянальныя паркі “Прыпяцкі”, “Белавежская пушча” і Бярэзінскі біясфэрны запаведнік. Аўтары ліста адзначалі, што шматлікія крытычныя публікацыі ў прэсе выклікаюць занепакоенасьць лёсам нацыянальных прыродных каштоўнасьцяў.
Са словаў В.Дранчука, хутка рэдакцыя газэты атрымала ліст зь Мінпрыроды: кіраўніцтва міністэрства падтрымала ініцыятыву й выказала гатоўнасьць далучыцца да падрыхтоўкі прэс-экскурсій пры ўмове станоўчага рашэньня гэтага пытаньня ў адміністрацыі прэзыдэнта, якая зьяўляецца гаспадаром запаведных тэрыторыяў. “Адміністрацыя прэзыдэнта ніяк не адрэагавала на зварот газэты. Нягледзячы на публічны напамін (у газэце “Народная воля” ад 1 жніўня 2001 году), а таксама на неаднаразовыя просьбы па тэлефоне аўтараў калектыўнага звароту, чыноўнікі адміністрацыі прэзыдэнта не палічылі патрэбным даць які-небудзь адказ рэдакцыі “Белавежскай пушчы”, -- паведаміў Дранчук. З гэтае прычыны газэта зьвярнулася у “Экаправа” з просьбай “разгледзіць магчымасьць кампэтэнтнага ўдзелу гэтай арганізацыі ў падачы судовага зыску па факце парушэньня заканадаўчых нормаў з боку адміністрацыі прэзыдэнта ў частцы рэагаваньня на звароты грамадзян Беларусі”.