Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На сайце Маршу Пратэсту “ТАК ЖЫЦЬ НЕЛЬГА!” зьявіліся два новых кліпа. Пра гэта ягоныя стваральнікі звыклым чынам паведамілі на беларускіх інтэрнэт-форумах. Сайт www.april19.org апошнім часам набыў вялікую папулярнасьць, дзякуючы сваім унікальным відэаролікам, адным з галоўных герояў якіх зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка, засьняты, дарэчы, у самай што ні ёсьць непасрэднай абстаноўцы. Самы вядомы з кліпаў www.april19.org - “О-о-о, как я шчаслив…”, у якім Лукашэнка грае на баяне. Адзін з апошніх кліпаў мае назоў “Адзін дзень зь яго жыцьця”. Няцяжка здагадацца, чыё жыцьцё можна пабачыць у гэтым роліку. Аўтары відэакліпаў прысьвяцілі ролікі таксама гісторыі беларускага супраціву і тэме зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Варта адзначыць, што сайт Маршу Пратэсту зь сёньняшняга дня прапануе паглядзець відэаролікі таксама ў ангельскім перакладзе – скачвайце іх з англамоўнай старонкі.
З 6 гадзін раніцы да 9 вечара загадана быць на працоўным месцы кіраўнікам Менскай абласной вэртыкалі падчас пасяўной кампаніі. За гэта іх паабяцалі аддзячыць “прадугледжанымі заканадаўставам спосабамі”. Кантроль за выкананьнем гэтага рашэньня ускладаецца на старшыняў раённых і гарадзкіх выканкамаў.
Затрыманьне заробкаў, што стала справаю хранічнай, вымушае дзейнічаць нават самых цярплівых – настаўнікаў. Прычым больш за ўсё іх абурае здольнасьць чыноўнікаў або хаваць сапраўднае становішча справаў, або бездапаможна разводзіць рукамі: маўляў, у краіне цяжкае фінансвае становішча. Дзіўна, як пасьля пераможных рэляцыяў мінулага году гэтыя адказныя таварышы здолелі хутка давесьці стан рэгіёнаў і галінаў да ручкі?
Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі распачынае праверку Міністэрства транспарту й камунікацыяў і падведамасных яму арганізацыяў. Як паведамілі ў прэсавым цэнтры камітэту, транспартнікі штогод выкарыстоўваюць каля 80 адсоткаў паліва, 54 адсоткі дызэльнага паліва і 5 адсоткаў электраэнэргіі ад агульнага спыжываньня ў рэспубліцы. Гэта вялікія сродкі. Наколькі ашчадна яны выдаткоўваюцца, ці эфэктоўна выкарыстоўваюцца бюджэтныя асыгнаваньні, ці абгрунтавана фармуюцца й прымяняюцца тарыфы на перавозку грузаў і пасажыраў - адказы на гэтыя і іншыя пытаньні і павінны быць атрыманыя падчас праверкі, паведамляе газэта “Советская Белоруссия”.
Меры адказнасьці за нядбайнае захоўваньне паліва становяцца больш жорсткімі. Указам Аляксандра Лукашэнкі прадугледжана пакараньне за нядбайнае захоўваньне й выдаткаваньне паліва ў выглядзе штрафу ад 5 да 30 базавых велічыняў – штраф накладаецца на кіраўнікоў прадпрыемстваў, бугальтараў і іншых службовых асобаў. Штраф ад 5 да 10 базавых велічынь будзе накладацца ў выпадку выяўленьня эксплюатацыі аўтамабіляў з няспраўным сьпідомэтрам.
Віцебскі аблвыканкам праводзіць перамовы аб супрацоўніцтве з прадстаўнікамі маскоўскага піва-безалькагольнага камбінату “Очаково”. Як паведаміў галоўны дарадца старшыні аблвыканкаму Мікалай Федарчук, падчас перамоваў абумоўліваюцца ўмовы працы “Очаково” як інвэстара ў Віцебскім рэгіёне. Сярод варыянтаў супрацоўніцтва разглядаюцца пытаньні будаўніцтва ў Віцебску новага піваварнага заводу і інвэстыраваньня у адзін зь піваварных заводаў вобласьці. У першай дэкадзе красавіка праект пагадненьня й пакет дакумэнтаў будуць разглядацца кіраўніцтвам краіны, паведамляе “Советская Белоруссия”.
Распачаты сёньня візыт у Менск намесьніка генсэка ААН Кенза Ашымы можа зьмяніць палітыку ў галіне ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Падчас візыту й сустрэчы з кіраўніком Беларусі будзе абмяркоўвацца даклад экспэртаў ААН, падрыхтаваны восеньню мінулага году. У ім, у прыватнасьці, гаворыцца аб тым, што негатыўныя наступствы катастрофы перабольшаныя.
На падставе артыкула 98 Банкаўскага кодэксу Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь паведамляе наступнае. У сувязі зь незадавальняючым станам ААТ “Беларускі Біржавы Банк”, невыкананьнем ім сваіх абавязкаў перад укладчыкамі й крэдыторамі на падставе артыкула 97 Банкаўскага кодэксу з 4 красавіка 2002 году у банка адазваныя ліцэнзія на ажыцьцяўленьне банкаўскіх апэрацыяў й генэральная ліцэнзія на ажыцьцяўленьне апэрацыяў ў замежнай валюце.
Беларускі прафсаюз работнікаў аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня, які зьяўляецца найбуйнейшым у краіне галіновым прафсаюзам, выступіў 3 красавіка з заявай супраць “беспадстаўных абвінавачваньняў расейскіх калег” у праграмах Беларускай тэлевізіі (БТ). “На гэты раз, - гаворыцца ў заяве, --аб’ектам паклёпу стала Федэрацыя незалежных прафсаюзаў Расеі і ейны старшыня Міхаіл Шмакаў”.
Праблему стварэньня на аснове расейскага “Газпраму” і беларускага “Белгазпраму”сумеснага прадпрыемства па траспартыроўцы газу абмяркоўвае сёньня ў Маскве расейска-беларуская міжурадавая камісія. Пра гэта ў час прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай вынікам агульнага гадавога сходу акцыянэраў ААТ “Белгазпромбанк”, паведаміў генэральны дырэктар ДП “Белтрансгаз” Пётра Петух, перадае ІА ЭКОПРЕСС.
Згодна афіцыйнай статыстыцы, больш за 30% беларускіх прадпрыемстваў знаходзіцца ў банкрутным ці перадбанкрутным стане, паведамляе ІА ЭКОПРЕСС. Такія дадзеныя прывёў начальнік Упраўленьня фінансавай палітыкі Міністэрства эканомікі РБ Ўладзімер Аносаў, выступаючы на сходзе Міжнароднага клюбу дырэктараў БНПА. Ён адзначыў, что каля 70% усіх актываў беларускіх прадпрыемстваў прыпадае на запасы сыравіны, матэрыялаў і гатовай прадукцыі.
Камітэт па абароне правоў журналістаў – міжнародная арганізацыя па абароне правоў прэсы са штаб-кватэрай ў Нью-Ёрку - заклікала беларускія ўлады правесьці незалежнае міжнароднае расьсьледаваньне зьнікненьня беларускага апэратара Зьмітра Завадзкага, які зьнік бязь зьвестак ў ліпені 2000 году.
пройдзе сёньня на афіцыйным вэб-сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі на адрэсе www.ucpb.org. Канфэрэнцыя пачнецца а 16.00 і будзе прысьвечаная надыходзячаму зьезду Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, які адбудзецца ў Менску 6 красавіка. 7 красавіка, нагадаем, АГП ладзіць у Менску й Маладэчне “Ланцуг неабыякавых людзей” у памяць аб віцэ-сьпікеры Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Генадзі Карпенкі.
Тры месяцы бацька памерлага Андрэя Зайцава – Юры Зайцаў і ягоны гомельскі адвакат Дзьмітры Іванішка імкнуцца высьветліць усе абставіны сьмерці Андрэя. Аднак іх спробы атрымаць інфармацыю натыкаюцца на адмову ці маўчаньне афіцыйных структураў. Затое, як паведамляеРадыё Свабода, не маўчаць сьведкі.
Сход акцыянэраў ухваліў прапановы рады дырэктараў ААТ “Сургутнефтегаз” па ўдзелу кампаніі ў прыватызацыйным конкурсе на ААТ “Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод”(ВА “Нафтан”). Пра гэта карэспандэнту АБН паведаміў у Санкт-Пецярбургу віцэ-прэзыдэнт ААТ “Сургутнефтегаз” Вадзім Сомаў. Паводле ягоных словаў, канчатковае рашэньне аб умовах удзелу ў прыватызацыі “Нафтану” і аб’ёме прапануемых інвэстыцыяў рада дырэктараў кампаніі будзе прымаць па выніках візыту ў Беларусь прэзыдэнта ААТ “Сургутнефтегаз” Уладзімера Багданава, які пачынаецца 3 красавіка.
У першую чаргу да прыватызацыі беларускіх хімпрадпрыемстваў, ацэнка якіх зараз праводзіцца ў рэспубліцы з мэтай акцыянаваньня, будуць прыцягвацца расейскія інвэстары. Пра гэта ўчора на прэсавай канфэрэнцыі заявіў амбасадар РБ у Расеі Ўладзімер Грыгор’еў. Амбасадар адзначыў: “Самая цёплая ўвага будзе надзяляцца расейцам”. На дадзены момант у Беларусі, паводле словаў Грыгор’ева, функцыянуе каля 500 аб’яднаньняў з расейскім капіталам.
У сувязі з абвешчанай Эўразьвязам з красавіка гэтага году забаронай палётаў у Эўропу самалётаў з павышаным узроўнем шуму рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Аэрапорт Гомельавіа” цалкам пазбаўлена ажыцьцяўляць міжнародныя перавозкі. А напярэдадні турыстычнага сэзону гэтыя абставіны вельмі негатыўна паўплываюць на і бяз гэтага складанае становішча авіякампаніі, перадае ІА ЭКОПРЕСС.
Рэнтабельнасьць уласнага капіталу беларускіх банкаў у 2001 годзе склала 2,6%. Для параўнаньня, у 1996 годзе гэтая лічба складала 21%, у 1994 годзе – 134%, а ў 1993 годзе – 200%. Доля ўласнага капіталу банкаў у ВУП Беларусі складае 3%. Такія лічбы, як перадае ІА ЭКОПРЕСС, прывёў на сходзе Міжнароднага клюбу дырэктараў БНПА дырэктар дэпартамэнту замежнаэканамічнай дзейнасьці Нацыянальнага банку РБ Юры Ўласкін.