Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі штомесяц павялічваецца на 3,5 % 11:12, 04/04/2002
Колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі кожны месяц павялічваецца на 3,5 адсоткаў. Пра гэта паведаміў міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка 3 красавіка ў Менску ў выступе на пленарным паседжаньні ІХ Беларускага кангрэсу па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналёгіях “TIBO-2002” Зь ягоных словаў, гэта стала магчымым таму, што ў Беларусі “фактычна завяршылася замена аналягавага абсталяваньня тэлефонных станцыяў на лічбавае і адбылося значнае пашырэньне тэлефоннай сеткі”.
Сёньня ў Беларусі, паведаміў Ганчарэнка, 2,2 млн. падключаных тэлефонных апаратаў, гэта значыць 30 тэлефонаў на 100 жыхароў. Гэта, падкрэсьліў міністар, “самы высокі паказчык сярод краін СНД”. Дынамічна, мяркуе Ганчарэнка, разьвіваецца ў краіне сеціва мабільнай сувязі. Зь ягоных словаў, намаганьнямі кампаніі “Мабільная лічбавая сувязь” (МЦС) у Беларусі сеткай GSM ахоплена 75 гарадоў, рыхтуецца да падключэньня яшчэ 25. Да канца гэтага году кампанія плянуе пераадолець мяжу ў 200 тысяч падключаных абанэнтаў (сёньня іх - 153 тысячы). Агульная сума замежных інвэстыцыяў, якія прыцягнула МЦС у Беларусь, паводле словаў Ганчарэнкі, склала USD 73 млн.
Пры гэтым міністар сувязі нічога не сказаў аб пэрспэктывах другога апэратара GSM на беларускім рынку (СП "МТС"), паведамляе “БДГ”.