Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка сустракаецца з расейскімі алігархамі 11:17, 08/04/2002
Аляксандар Лукашэнка 8 красавіка сустрэўся з прэзыдэнтам “ИТЕРЫ”, старшынём рады дарэктараў ААТ “ИТЕРА Холдинг” Ігарам Макаравым і прэзыдэнтам “ЛУКойла” Вагітам Алякперавым. Бакі абмеркавалі пытаньні, датычныя магчымага ўдзелу кампаніі ў акцыянаваньні прадпрыемстваў рэспублікі. Сустрэча з кіраўніцтвам “ИТЕРЫ” і “ЛУКойла” адкрыла сэрыю перамоваў з расейскімі й замежнымі інвэстарамі, якія беларускі лідэр плянуе правесьці на наступным тыдні. Паводле словаў Лукашэнкі, ягонае рашэньне асабіста сустрэцца з патэнцыйнымі партнёрамі выклікана жаданьнем дэтальна й прынцыпова абумовіць асноўныя ўмовы акцыянаваньня.
Прыязджаць у нашу краіну алігархі будуць партыямі. Напрыклад, калі панядзелак кіраўнік беларускай дзяржавы заплянаваў для сустрэч з прэзыдэнтам “ЛУКойла” і прэзыдэнтам “Итеры”, то на аўторак заплянаваныя сустрэчы з першай асобай “Славнефти” Міхаілам Гуцырыевым і кіраўніком “Сургутнефтегаза” Ўладзімерам Багданавым. А ў сераду, паводле папярэдняй інфармацыі, пройдуць перамовы з кіраўніком “Балтики” Таймуразам Балоевым, кіраўніцтвам кампаніі “Амтел” і нават “Сибура”.
Як паведамляе “БДГ”, чатыры з вышэйпералічаных кампаніяў хочуць у той ці іншай форме паўдзельнічаць у падзеле наваполацкіх прадпрыемстваў. Чатыры кампаніі, кіраўнікі якіх стаяць першымі ў чарзе на сустрэчу зь беларускім прэзыдэнтам, прадстаўляюць два альянсы, якія аб’ядналіся для пасьпяховага прасоўваньня на беларускім рынку. “ЛУКойл”—“Итера” і “Сургутнефтегаз”—“Славнефть” прэтэндуюць на ўдзел у акцыянаваньні “Нафтану”, “Паліміру”, і ПА “Азот”. Апошнія дзьве кампаніі нават стварылі цэлы кансорцыюм. “Славнефть” прыходзіць на “Палімір”і “Азот”, а “Сургутнефтегаз” удзельнічае ў прыватызацыі “Нафтану”. Такім чынам, Аляксандру Лукашэнку трэба будзе выбіраць, якая кампанія яму больш блізкая.
Нягледзячы на тое, што часу на роздум у беларускага прэзыдэта было больш чым дастаткова, выбар можа стаць не такім і простым. Першапачаткова кіраўнік нашай дзяржавы аддаваў перавагу альянсу “Сургутнефтегаз”—“Славнефть”. Прычым выбар гэты, падобна на тое, засноўваўся ня толькі на эканамічных разьліках, але і на добрых асабістых стасунках Аляксандра Рыгоравіча з кіраўнікамі абедзьвух кампаній. Той самы Гуцырыеў нязьменна дэманстраваў ляяльнасьць да беларускага лідэра, тады як Алякпераў дазволіў сабе непрыемныя выказваньні ў адрас Лукашэнкі.
Аднак нядаўнія падзеі ў Расеі могуць зьмяніць ранейшы расклад. Вельмі верагодна, што ўжо 18 траўня Міхаіл Гуцырыеў вымушаны будзе пакінуць пасаду “Славнефти”. Імя ягонага пераемніка пакуль невядомае, а адпаведна, і дамаўляцца Лукашэнку, падаецца, і няма з кім. Праўда, нягледзячы на складанае становішча Міхаіла Гуцырыева, заплянаваная сустрэча, хутчэй за ўсё, адбудзецца. І, па словах намесьніка кіраўніка беларускага прадстаўніцтва “Славнефти” Людмілы Вялюгі, тэмай сустрэчы стануць “прапановы кампаніі па інвэстыцыйных праектах на тэрыторыі Беларусі”.
У агуле, Лукашэнку ёсьць з чаго выбіраць і над чым думаць. Хаця часу на роздум, падобна, няшмат. Дакладны адказ беларускі лідэр, хутчэй за ўсё, павінен даць да канца тыдня. 12 красавіка ў Маскве пройдзе паседжаньне Вышэйшай дзяржаўнай рады “саюзнае дзяржавы” Беларусі й Расеі. І пытаньне аб акцыянаваньні беларускай нафтахіміі, а разам з тым і некаторых іншых пэрспэктыўных галінаў эканомікі будзе, напэўна, канчаткова вырашана па выніках двухбаковай сустрэчы прэзыдэнтаў дзьвюх краін.