Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЗАХАД НА ПАСАДКУ 11:19, 08/04/2002, «Белорусская газета»
На мінулым тыдні улада нечакана ўзялася выконваць сваё прадвыбрчае абяцаньне першай выбарчай кампаніі Лукашэнкі. 2 красавіка ўсе афіцыйныя СМІ паведамілі аб тым, што ў краіне падрыхтаваная дзяржпраграма па ўзмацненьні барацьбы з карупцыяй і хабарніцтвам. А каб не зьявілася ўражаньне , што дакумэнт падпісаны раней часу, агучаныя першыя факты злоўжываньняў на месцы.
Праверка, аб якой у мінулы панядзелак заявіў генпракурор Віктар Шэйман у дакладзе Лукашэнку, пацьвердзіла самыя злобныя прагнозы апазыцыі. Паводле афіцыйных дадзеных, парушэньні выяўленыя ў 7 выканкамах з 30, якіх наведалі пракурорскія работнікі. Прэсавая служба кіраўніка дзяржавы паведамляе, што “шэраг кіруючых работнікаў адміністрацыі Цэнтральнага раёну Гомлі, Ашмянскага, Вілейскага, Аршанскага, Шумілінскага, Берасьцянскага й Пінскага гарвыканкамаў паказалі на недакладныя і няпоўныя зьвесткі ў сваіх дэклярацыях аб даходзе й маёмасьці, у прыватнасьці, аб прыватызаваных кватэрах і асабістым аўтатранспарце”.
На афіцыйным узроўні прызнаны факт нарошчваньня на месцах афіцыйнай улады і праваахоўчых органаў, пра які правабааронцы й прадстаўнікі трэцяга сэктару заявілі ня менш за 6 гадоў таму. 2 красавіка “Советская Белоруссия” паведаміла, што па выніках праверкі, праведзенай ведамствам Шэймана ў Баранавіцкім, Бабруйскім, Маладэчанскім гаррайаддзелах унутраных справаў “устаноўлена, што ад уліку былі схаваныя 329 злачынстваў, у ліку якіх 44 разбойныя напады, 8 рабаўніцтваў і 133 крадзяжы. Толькі ў горадзе Баранавічы – 157 злачынстваў”. Акрамя карупцыі на месцах зьявілася яшчэ і адхіленьне ад уліку й рэгістрацыі заяваў аб злачынствах.
Ужо распачатыя і расьсьледуюцца крымінальныя справы адносна старшыні Клімавіцкага райвыканкаму Канавалава, першага намесьніка старшыні Глубоцкага райвыканкаму Маціеўскага, былога старшыні Дзяржынскага райвыканкаму Ткачова й былога старшыні Ашмянскага райвыканкаму Пракопчыка.
Яшчэ год таму зьяўленьне ў загалоўках галоўных дзяржгазэтаў словаў пра “Дзяржаўную праграму па ўзмацненьні барацьбы з карупцыяй” успрымалася б як пачатак чарговай вайны кланаў ва ўладзе. Войны, якія звычайна сканчваюцца або адхіленьнем аднаго з варагуючых, або пасадкай абодвух. Тады любое дапушчэньне аб надыходзячай чыстцы шэрагаў улады было сьмешным: “вертыкаль” занадта шчыльна асацыявалася з самім прэзыдэнтам, і любая інфармацыя аб злоўжываньнях ейных прадстаўнікоў наўпрост біла па іміджу усенародна абранага.
Зараз, у кантэксьце працэсаў супраць міліцыі й першакрасавіцкага дакладу генпракурора, вымалёўваецца новая тэндэнцыя: разам з усімі сваімі атрыбутыўнымі органамі улада таксама, як калісьці ўсё астатняе грамадзтва, гучна падзяляецца на “сваіх” і “ворагаў”. Свае – гэта краўнікі тых 23 “гаррайвыканкамаў” і 30 правераных перад візытам Шэймана да Лукашэнкі, якія не былі пайманымі ні на чым злачынным. “Ворагі” – гэта тыя сямёра, якія ўхавалі маёмасьць і асабісты аўтатранспарт.
У 2001 г. экс-кіраўнік прававога ўпраўленьня прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Пласкавіцкі сьведчыў, што”вертыкаль” – гэта “108 тыс.чалавек”. Пры гэтым “на захадзе камуністычнага рэжыму усе казалі аб незвычайным росьце бюракратыі – іх было ў Беларусі каля 73 тыс. На 35 тыс.меней, чым зараз”. І нам неяк ня верыцца, што 7 мясцовых дзеячоў – адзіныя на 108 тыс. парушальнікаў. Па сутнасьці, яны сталі “козлами отпущения”, апынуліся у полі ўвагі праваахоўчых органаў як раз на той момант, калі тым зьнялі (на час?) табу на чыноўнікаў.
Няхай зьяўленьне праграмы ня ўводзіць нікога ў падман. Масавых арыштаў сярод “вертыкалі” чакаць не выпадае. Нездарма ж дакумэнт называецца не “праграмай барацьбы з карупцыяй”, а праграмай “па ўзмацненьні барацьбы” зь ёй. Сама фармулёўка дапускае, што барацьба з карупцыяй вялася і да перашакрасавіцкага візыту Шэймана да Лукашэнкі. А таму першыя чатыры ахвяры барацьбы з карупцыяй (па паведамленьні прэсавай службы прэзыдэнта ўжо распачатыя справы адносна В.В.Канавалава, М.М.Маціеўскага, У.І.Ткачова і У.І.Пракопчыка), могуць апынуцца апошнімі. Праграму прымуць, надрукуюць у дзяржгазэтах, распавядуць аб ёе па тэлевізіі, словам – абыйдуцца малой крывёю. Бо галоўнае ж ня вынік. Галоўнае – фармаваньне грамадзкае думкі.