Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Слуханьні па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі – з удзелам жонак рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў – прайшлі 10 красавіка ў Сэйме Літоўскай Рэспублікі. Ад Беларусі на паседжаньні прысутнічалі Тацяна Клімава-Левановіч, Юлія Чыгір, Ірына Красоўская, а таксама кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якое выступіла ініцыятарам слуханьняў зь беларускага боку.
Крымінальная справа адносна Міхаіла Чыгіра – адзінага з усіх беларускіх прэм’ер-міністраў, хто сам пакінуў гэтую пасаду і патлумачыў такі крок нязгодай з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі – накіраванае ў суд Фрунзенскага раёну сталіцы. Крымінальны перасьлед экс-прэм’ера цягнецца з красавіка 1999 году, калі Чыгір прымаў удзел у аб’яўленай Вярхоўным Саветам 13-скліканьня кампаніі па выбарах прэзыдэнта Беларусі. Восем месяцаў ён правёў у СІЗА. У 2000 годзе абвінавачваньне ў судзе рассыпалася, і Вярхоўны суд накіраваў “справу Чыгіра” на дасьледаваньне. І вось праз два гады Чыгіру прад’явілі абвінавачваньні ў службовай нядбайнасьці, а таксама ў няпоўнай выплаце падаходнага падатку з заробку падчас ягонай працы кіраўніком прадстаўніцтва нямецкага канцэрну “Гея” у Маскве.
Міністэрства замежных справаў Літвы і Саюз журналістаў Літвы выказалі занепакоенасьць ў сувязі з пачаткам у Беларусі судовых працэсаў над журналістамі. Кіраўнік інфармацыйнага дэпартамэнту МЗС Літвы Петрас Заполскас на тое, што ў Горадні ўлады арыштавалі 13 журналістаў - удзельнікаў пікету ў абарону закрытай уладамі газэты “Пагоня”, заявіў, што “такія рэчы ня могуць не хваляваць”. Паводле ягоных словаў, Літва імкнецца выкарыстоўваць усе інструмэнты міжнародных арганізацыяў для захаваньня ў Беларусі свабоды слова. Саюз журналістаў Літвы быў менш дыпляматычным. Ён заявіў, што суд над калегамі, якія пратэставалі супраць закрыцьця газэты і перасьледу ейных супрацоўнікаў, – гэта імкненьне расправіцца зь незалежнай прэсай у Беларусі, са свабодай слова й правамі чалавека.
Зьвяз палітычных уцекачоў у Польшчы выказаў пратэст у сувязі з крымінальным перасьледам рэдактара закрытай уладамі гарадзенскай газэты “Пагоня” Мікалая Маркевіча й журналіста гэтага выданьня Паўла Мажэйкі.
Пракуратура Берасьцейскай вобласьці вынесла пастанову аб арышце двух супрацоўнікаў берасьцейскага АМАПу. Паводле зьвестак БелаПАН, яны былі затрыманыя 3 красавіка па заяве пацярпелага жыхара Берасьці і ўвесь гэты час знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Міліцыянты падазраваюцца ў вымагальніцтве і незаконным атрыманьні грашовых сродкаў. Па дадзеным факце распачатая крымінальная справа паводле арт.426 Крымінальнага кодэксу (злоўжываньне ўладаю ці службовымі паўнамоцтвамі). Абвінавачваньне супрацоўнікам міліцыі пакуль не прад’яўлена.
Аляксандар Лукашэнка ў чацьвер а другой палове дня адправіцца ў Маскву для ўдзелу ў паседжаньні Вышэйшай дзяржаўнай рады так званай “саюзнай дзяржавы”, правядзеньне якой заплянаванае на 12 красавіка. У першы дзень знаходжаньня ў Маскве Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца са сьпікерам Дзяржаўнай Думы РФ Генадзем Селязьнёвым. Паводле словаў прэсавага сакратара кіраўніка беларускае дзяржавы Натальлі Пяткевіч, Лукашэнка таксама мае намер прыняць удзел у грамадзка-палітычнай тэлепраграме “Свабода слова” (НТВ).
Сэрыю перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі расейскіх і замежных кампаніяў, якія выказалі намер прыняць удзел у інвэставаньні беларускіх прадпрыемстваў, на гэтым тыдні завяршыла размова з прэзыдэнтам ААТ “Сибур” Вячаславам Скварцовым. “Сибур” мяркуе накіраваць значныя інвэстыцыі ў выпадку набыцьця акцыяў беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў.